19-гадовы Валер Пірагоў з Полацка наглядзеўся разам са сваімі сябрамі ролікаў на ютубе і вырашыў паўтарыць подзвігі іншых блогераў.

«Усё задумвалася як прыкол. І пра ўсё было загадзя дамоўлена з прадавачкамі і з прыбіральшчыцамі. Ролікі мы запісвалі для нашага тэлеграм-канала, выклалі ў інстаграм. Нашы сябры, якіх чалавек 200, пасмяяліся і забыліся», — расказвае Валер.

Аднак ролікі трапілі ў ютуб-канал адміністратара адной з гарадскіх суполак Полацка «Укантакце».

«З гэтага і пачалося. Мы былі ў шоку, калі ролік падпісалі «Жывадзёр у краме. Куды глядзіць міліцыя?» Ну які жывадзёр?! Я і не кусаў тую рыбіну, нават кроў у яе не пайшла. Пасля за рыбу заплаціў, за малако таксама. Я нават падлогу пасля памыў у краме», — запэўнівае Валер.

Валер Пірагоў — навучэнец Полацкага політэхнічнага каледжа. Пасля таго як яго свавольствы трапілі ў сеціва, пачаліся праблемы на вучобе.

«Дырэктар выклікаў мяне з мамай да сябе. Была доўгая размова, што я павінен вучобай займацца, а не лухтой усякай. Я пагадзіўся з гэтым. Мне далі тэрмін на выпраўленне. Здаецца, у міліцыю ніхто заяў пісаць не будзе.

Усё, больш ніякіх пранкаў, ніякага блогерства. Хопіць з мяне», — адказвае Валер.

У каледжы, дзе вучыцца Валер, расказалі, што ў навучэнца ёсць праблемы з вучобай. 

«Відэа тут ні пры чым, хаця яно таксама негатыўна адбіваецца на іміджы нашай установы. У каментарах жа пішуць: куды глядзяць настаўнікі? Але каб Пірагоў вучыўся на выдатна, то праблем бы ў яго не было. Аднак ёсць пытанні з незадавальняючымі адзнакамі, з прагуламі. Валер вучыцца на платным. Хлопцу 19 гадоў, лепш знайшоў бы сабе падпрацоўку, дык ён займаецца лухтой», — адказалі ў каледжы. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?