«Наша Ніва» надрукавала кароткі тэкст Пётры Рудкоўскага, дзе выпад на адрас фемінізму паўстае ў першым абзацы:

«Напатканае ў «прагрэсіўнай» прэсе: «Аднак пры спробе адказаць на пытанне «Што такое гендар?» мы часта трапляем у пастку, унікнуць якой дапамагае сацыялогія ведаў. (…) Адказ на яго залежыць ад кантэксту і сітуацыі. Менавіта гэтаму і вучыць нас гендарная / фемінісцкая тэорыя…» Толькі ўчытайцеся: «унікнуць пасткі дапамагае сацыялогія ведаў». «Менавіта гэтаму і вучыць нас… тэорыя». Не крытычнае мысленне, не аналіз фактаў, а бескрытычнае прыняцце «тэорыі» — вось ён, эмансіпацыйны «метад» пазнання рэчаіснасці».

Здаецца, я ўжо чытала нешта такое ў аўтара раней, ці не дваццаць гадоў таму, і, калі ўсё засталося на тым жа месцы, можа быць карысна патлумачыць некаторыя тэрміны і паняцці.

Па-першае, гендар (няўжо мы ўсё яшчэ гэта высвятляем) — гэта (галоўная) лінія сацыяльнага падзелу ва ўсіх вядомых грамадствах. Відавочна, што існуюць розныя гендарныя (альбо полавыя) ролі; сацыяльныя інстытуты (сям’я, сістэма адукацыіі, армія і г. д.) пабудаваны вакол уяўленняў пра жаночае і мужчынскае; у культуры існуе гендарная сымболіка: вобраз «маці-зямля», уяўленні пра мужчынскую рацыянальнасць і жаночую «інтуіцыю» і г. д. Гэтыя феномены — а яны гістарычна зменлівыя і выглядаюць па-рознаму ў розных грамадствах, г.зн. яны сацыяльна абумоўленыя — можна вывучаць, што і робяць сацыяльныя навукі.

Напрыклад, калі ўзяць амерыканскі навуковы часопіс Gender and Society, у апошнім яго нумары разглядаюцца такія тэмы, як «Страта працы і спробы ўладкавацца: гендарная і класавая розніца», «Ідэалогіі гендарнай роўнасці у тэхналагічных кампаніях Сіліконавай Даліны» альбо рэцэнзія на кніжку «Гендар і літаратурныя наратывы пра супергерояў». Як бачым, нічога эзатэрычнага.

Па-другое: сацыялогія ведаў і эпістэмалогія. Іх прыдумалі не злыя феміністкі (і нават не постмадэрністы). Гэтыя дысцыпліны будуюцца вакол пытання: «Адкуль мы ведаем, што мы ведаем?», — і сістэматычныя разважанні наконт адносін паміж ведамі і сацыяльным кантэкстам іх набыцця пачынаюцца ў Эпоху Асветы (вядома, можна пайсці далей ажно да Платона, але не гэтым разам). Імануіл Кант ў сваёй «Крытыцы чыстага розуму» патлумачыў, што ўспрыманне рэчаіснасці абумоўлена тым, што даюць нам магчымасць асэнсаваць нашы органы пачуццяў. Напрыклад, мы чуем гукі ў пэўных рэгістрах, а коткі чуюць у нашмат шырэйшым дыяпазоне: куды нам да іх! Гукавы свет для іх іншы, чым для нас. Дык вось, лічыў Кант, што за той мяжой, далей за якую мы не можам успрыняць, мы не ведаем. Але можам, вядома, ствараць інструменты, якія рассоўваюць наш свет. Мікраскопы, напрыклад. Альбо тэлескопы. Ці рэнтгенаўскі апарат.

Але гэта яшчэ не ўсё. Каб зразумець, што ж такое мы пабачылі альбо пачулі, патрэбны апрыёрныя (г. зн. існуючыя раней) канцэпты. Напрыклад, мы чуем нейкі працяглы гук. Каб зразумець, што гэта крык паўліна, нам трэба ведаць, што ёсць паўліны і як яны крычаць. Г. зн. мы ўвесь час інтэрпрэтуем рэчаіснасць згодна з нейкімі засвоенымі ўяўленнямі, якія могуць быць рознай ступені абстракцыі. Як тлумачыў Макс Вэбер, гэтыя інтрэпрэтацыі могуць быць як пабытовыя (зыходзяць са здаровага сэнсу), так і заснаваныя на тэорыях. Калі мы чытаем, што трэба «адпусціць цэны», і думаем, што гэта лібералізм, альбо калі думаем пра бясплатны дзіцячы садок, што гэта «сацыялізм» (альбо сацыял-дэмакратыя) — гэтыя інтэрпрэтацыі заснаваны на тэорыях. Вось да гэтага, здаецца, і апелюе працытаваны напачатку аўтар(ка).

Ну вось так прыблізна. Хаця «есть многое в природе, друг Горацио, что и не снилось нашим мудрецам…» І, вядома, «акадэмічная лявіца» не сцвярджае, што «аб’ектыўнай праўды няма». Яна кажа, што тое, што мы прымаем за праўду, залежыць ад таго, кім мы ёсць. А гэта зусім іншая справа.

* * *

Алена Гапава — заснавальніца Цэнтра гендарных даследаванняў Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (Вільня), прафесарка сацыялогіі ўніверсітэта Заходняга Мічыгана (ЗША).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?