Заява Ігара Марзалюка пра тое, што надышоў час вярнуць беларускія культурныя каштоўнасці, вывезеныя ў Расію, ажывіла размовы пра рэстытуцыю. Кандыдат сацыялагічных навук Аляксей Ластоўскі прапануе глядзець на гэтую задачу без ілюзій.

Рэчы могуць быць вернутыя альбо 1) па добраахвотнай ініцыятыве, альбо 2) па рашэнні суда, калі нейкія рэчы былі вывезеныя з парушэннем заканадаўства. Што важна, судовая пастанова пра вяртанне каштоўнасцяў з'яўляецца прэцэдэнтам, на падставе якога могуць ажыццяўляцца іншыя пазовы. Таму, натуральна, для музеяў гэта вельмі балючае пытанне, і пакуль

рэстытуцыя вельмі рэдка ажыццяўляецца праз судовыя рашэнні. Але можа адбывацца, калі вываз ажыццяўляўся з відавочным парушэннем нацыянальнага ці міжнароднага заканадаўства.

Самы просты прыклад — гэта скрадзеныя рэчы. Калі ў музеі выяўляецца рэч і можна даказаць, што яна была скрадзеная, то яе мусяць вярнуць.

Больш складаныя пытанні — гэта канфіскацыі, якія ажыццяўляліся ў экстрэмальных абставінах (напрыклад, падчас Другой сусветнай вайны). Пакуль што ёсць юрыдычны кансэнсус, што рэчы, канфіскаваныя нацыстамі ў габрэяў, мусяць быць вернутыя гаспадарам (ці ў наш час — іх законным нашчадкам). Цяпер у Заходняй Еўропе музеі добраахвотна правяраюць свае калекцыі і шукаюць рэчы, якія могуць мець падобнае паходжанне. Калі знаходзяць такія рэчы, шукаюць нашчадкаў і прапануюць ім кампенсацыю ці, у крайнім выпадку, вяртаюць рэчы. Адзначу: гаворка ідзе пра Заходнюю Еўропу (Германія, Аўстрыя, Францыя, Вялікабрытанія і г.д.).

Гэта стварае прэцэдэнт, які можна выкарыстоўваць. Палякі, напрыклад, здолелі вярнуць адну са скульптур палаца ў Лазенках, якая была вывезеная нацыстамі і нядаўна ўсплыла на адным з аўкцыёнаў.

То-бок для беларусаў гэта самая рэальная магчымасць ажыццяўлення рэстытуцыі — шукаць каштоўнасці, вывезеныя нацыстамі і па згодзе ці праз суд вяртаць іх. Гэта будзе адпавядаць міжнароднаму праву, і пры ўмове наяўнасці доказаў такія рэчы будуць вернутыя.

Вернемся да выпадку з прамовай Марзалюка. Ён кажа пра рэчы, якія былі вывезеныя ў пачатковы перыяд вайны з тэрыторыі Беларусі на тэрыторыю Расіі і не былі вернутыя ў пасляваенны перыяд. Што нам на гэта скажуць юрысты? Гэтыя рэчы былі вывезеныя без парушэння існага на той момант заканадаўства (СССР), і, адпаведна, Беларусь не мае ніякага легальнага права прэтэндаваць на іх вяртанне. То-бок падаваць у міжнародны суд у гэтай сітуацыі не мае ніякага сэнсу. Як не мае сэнсу падаваць у суд датычна рэчаў, якія былі вывезеныя ў Маскву ці Пецярбург ў часы Расійскай Імперыі ці СССР.

Калі толькі мы не зможам даказаць парушэнне расійскіх ці савецкіх законаў у сувязі з гэтым вывазам — але ў выпадку Расіі практычных шанцаў на рэстытуцыю гэта таксама не дае.

Іншы аспект рэстытуцыі — гэта добраахвотнае вяртанне. У дадзеным выпадку гаворка ідзе пра акт, які не з'яўляецца выкананнем судовай пастановы і, адпаведна, не стварае юрыдычнага прэцэдэнту.

Я вышэй згадваў, што музеі добраахвотна вяртаюць канфіскаваныя нацыстамі ў габрэяў рэчы, але гэта і часткова дзеля пазбягання судовых працэсаў (і адпаведных рэпутацыйных страт). Але цяпер у свеце пайшла моцная хваля рэстытуцыі, якія мае зусім іншае паходжанне — з комплексам віны за каланіяльную эксплуатацыю пазаеўрапейскіх народаў. Піянерам стала Францыя, дзе па ўказе Макрона пачалося вяртанне каштоўнасцяў, вывезеных з афрыканскіх краін. Далей да гэтага працэсу далучылася Германія, дзе цяпер таксама пачалі рыхтаваць глебу да працэсу добраахвотнай рэстытуцыі. Відавочна, што гэты працэс будзе пашырацца і на іншыя краіны. Але тут гаворка ідзе выключна пра добраахвотнае вяртанне, якое не можа быць юрыдычным прэцэдэнтам.

Нават калі мы завядзём размову пра тое, што Беларусь была калоніяй Расійскай Імперыі (а гэта наўпрост супярэчыць пастулатам гістарычнай палітыкі, сфармуляваным Каваленем і Co ў «Беларускай думцы»), то застаецца выключна апеляцыя да сумлення расійскай палітычнай эліты. Як вы разумееце — шанцаў з гэтага таксама нуль.

Таму трэба разумець, што над праблемай рэстытуцыі Беларусі варта працаваць у двух вымярэннях: актуальным і на перспектыву.

У актуальным трэба ўшчыльную заняцца вывучэннем вывезеных нацыстамі рэчаў. Гэта дае рэальныя шанцы на вяртанне каштоўнасцяў.

На перспектыву — трэба працаваць як гісторыкам, так і інтэлектуалам.

Камісія па рэстытуцыі мусіць мець зусім іншую аснову і фінансаванне. Яна мусіць быць даследчай камандай з гісторыкаў, якія атрымліваюць фінансаванне на ажыццяўленне камандзіровак у музеі і архівы іншых краін. Асабліва важным з'яўляецца вывучэнне расійскіх правінцыйных музеяў, дзе фонды схаваныя і не каталагізаваныя. Наступным этапам мусіць быць навуковая апрацоўка гэтых даследаванняў, выданне каталогаў і манаграфій. Так, гэта праца на перспектыву некалькіх дзясяткаў гадоў, але, па сутнасці, яна мусіла пачацца з 1990-х гадоў і так і не была праробленая.

Па-другое, мусіць быць абмеркаваны статус Беларусі ў складзе Расійскай Імперыі/СССР.

Якім быў характар эксплуатацыі ў плане размеркавання культурных каштоўнасцяў? Пакуль не будзе манаграфій і міжнародных канферэнцый на гэты конт — ніякай сур'ёзнай размовы пра рэстытуцыю, якая б мела міжнароднае прызнанне, весці немагчыма.

Дэкларацыю Марзалюка трэба разумець як палітычны жэст, які ў рэчаіснасці зусім не адпавядае таму, што трэба рабіць, каб зрабіць вяртанне каштоўнасцяў рэальным. Ясна, што прасцей выпусціць інвектыву, чым ператварыць працу камісіі па рэстытуцыі ў сапраўдны інстытут.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?