Беларусы вінаватыя ўкраінскаму бюджэту амаль паўмільёна даляраў. За што, разбіралася «Радыё Свабода».

Штодзень у Адзіным дзяржаўным рэестры судовых рашэньняў Украіны публікуецца ад аднаго да пяці паведамленьняў аб пакараньні беларусаў шматтысячнымі штрафамі за несвоечасовы вываз з украінскай тэрыторыі аўтамабіля на эўрапейскіх нумарах рэгістрацыі.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, толькі праз адзін мытны пост у Валынскай вобласьці беларусы дапамаглі ўкраінцам увезьці 3 тысячы так званых «эўраблях» — машын на эўрапейскіх нумарах. Калі па кожнай зь іх Дзяржаўная фіскальная служба Ўкраіны складзе акты аб парушэньні мытнага заканадаўства, агульная сума беларускіх «плацяжоў» у дзяржаўны бюджэт Украіны можа перавысіць 20 мільёнаў даляраў.

Што такое «эўрабляхі»

Ва Ўкраіну ў 2016-2018 гадох пачалі масава ўвозіць аўтамабілі з нумарамі рэгістрацыі краін Эўразьвязу. Іх у народзе назвалі «эўрабляхамі». Тады ўкраінскае заканадаўства дазваляла транспартным сродкам з замежнай рэгістрацыяй знаходзіцца на тэрыторыі Ўкраіны з магчымасьцю паўторнага вывазу-ўвозу бяз выплаты мыта цягам году — паўторны выезд-ўезд дазваляў пазьбегнуць мытнага афармленьня аўтамабіля яшчэ на адзін год.

У 2018 годзе гэтую норму скасавалі, а ўласьнікі такіх машын (юрыдычна ўласьнікамі «эўраблях» часьцей за ўсё былі эўрапейскія кампаніі, якія нібыта выдавалі грамадзянам Украіны даверанасьці на кіраваньне. — РС) выйшлі на масавыя акцыі пратэсту, патрабуючы спрашчэньня працэдуры іх рэгістрацыі ва Ўкраіне і зьніжэньня мыта.

Толькі зь лістапада 2019-га па люты 2020 году ўкраінскія суды пакаралі штрафамі як мінімум 70 грамадзян Беларусі на агульную суму больш як 7 мільёнаў грыўняў — прыкладна 310 тысяч даляраў у эквіваленце. Дадаткова кожны зь іх мусіць сплаціць 420 грыўняў судовага збору за разгляд справы ў судзе.

У выніку ўлады вымушаныя былі вызначыць ільготны тэрмін мытнай ачысткі аўтамабіляў, але разам з тым і ўзмацніць адказнасьць грамадзян за выкарыстаньне аўтамабіляў на эўранумарах — яе вызначылі ў выглядзе штрафу памерам у 170 тысяч грыўняў (прыкладна 7 тысяч даляраў у эквіваленце). Нягледзячы на тое, што са студзеня 2020-га штрафы заканадаўча зьнізілі да 17 тысяч грыўняў, суды і дагэтуль у асобных выпадках караюць па максымуме.

Грамадзян Беларусі пачалі далучаць у схемы ўвозу эўрамашын у 2016 годзе, але найбольш актыўна іх выкарыстоўвалі ў 2017-2018 гадах. Паводле расьсьледаваньня праграмы «Схемы» (супольны праект Радыё Свабода і тэлеканалу UA: Першы), беларус атрымліваў за дапамогу «ганарар» у 20 даляраў.

Як вызначаюць «вінаватых»

Найчасьцей, паводле судовых рашэньняў, беларусаў, якія ўвозілі машыны на эўранумарах, вылічваюць у часе паўторнага іхнага ўезду на тэрыторыю Ўкраіны пры праходжаньні мытнага кантролю. Уся інфармацыя захоўваецца ў электроннай базе, незалежна ад пункту пропуску, празь які перамяшчаецца грамадзянін.

Ёсьць некалькі выпадкаў, калі беларусы ўяжджалі на тэрыторыю Ўкраіны праз пункты пропуску ў Чарнігаўскай, Валынскай або Роўненскай абласьцях, а аўтамабілі на эўранумарах яны ўвозілі ўжо, напрыклад, праз Львоўскую ці Адэскую мытню. Гэта можа сьведчыць пра тое, што ва Ўкраіне было некалькі арганізатараў, якія групамі перавозілі іншаземцаў з аднаго пункту пропуску на іншы, у залежнасьці ад таго, дзе фізычна знаходзіліся транспартныя сродкі.

Але ў Міністэрстве ўнутраных спраў Украіны ня бачаць у такіх дзеяньнях складу крымінальнага злачынства, а адпаведна — і нагоды для расьсьледаваньня.

«Выкарыстоўвалі ці не выкарыстоўвалі беларусаў для ўвозу аўтамабіляў — ня наша пытаньне. Ёсьць падатковая міліцыя, і гэта іхная справа вызначаць, ці ёсьць тут прадмет крымінальнага злачынства. Пазьбяганьне аплаты падаткаў — не паліцэйская гісторыя», — сказаў Свабодзе прэсавы сакратар МУС Украіны Арцём Шаўчэнка.

У большасьці выпадкаў аштрафаваныя беларусы жывуць у памежных з Ўкраінай раёнах Гомельскай і Берасьцейскай абласьцей. Пераважна яны беспрацоўныя або пэнсіянэры, свае «20 даляраў» імкнуліся зарабіць як мужчыны, так і жанчыны.

У той жа час сярод пакараных штрафам беларусаў ёсьць і некалькі супрацоўнікаў аўтатранспартных кампаній зь Берасьцейшчыны, якія займаюцца грузавымі перавозкамі. Аднак, як вынікае з судовых рашэньняў, у часе разгляду іхных спраў датычнасьць беларускіх кампаній да схем увозу аўтамабіляў ва Ўкраіне асобна не дасьледавалася. Іхныя супрацоўнікі адказвалі за свае дзеяньні ў прыватным парадку.

Штрафаў можна было пазьбегнуць

Аляксандар Чарняўскі, адзін з заснавальнікаў арганізацыі «АўтаЭўраСіла», якая ў 2018 годзе вывела сваіх актывістаў на блякаваньне дарог, урадавых будынкаў і памежных пунктаў пропуску, патрабуючы спрашчэньня рэгістрацыі аўтамабіляў ва Ўкраіне, кажа, што беларусы маглі пазьбегнуць вялікіх штрафаў.

«Своечасова вывезьці аўтамабіль аднолькава важна як для ўкраінца, які ім карыстаецца, так і для беларуса, які яго ўвозіў. Яны ж нейкім чынам пазнаёміліся і кантактавалі? Чаму грамадзяне Беларусі не паклапаціліся аб тым, каб знайсьці тых украінцаў, якім яны перадавалі аўтамабіль? Гэта простая працэдура, і яе мусяць ведаць усе іншаземцы — праз год выехаць і заехаць зноў, і ў яго не было б ніякіх штрафаў», — кажа Аляксандар Чарняўскі.

Прадстаўнік арганізацыі «АўтаЭўраСіла» паведаміў, што на ініцыятыву Міністэрства інфраструктуры Ўкраіны ў парлямэнце ўжо зарэгістраваны законапраект, які прадугледжвае скасаваньне адміністрацыйнай адказнасьці за несвоечасовы вываз аўтамабіля.

Ён разьлічвае, што дэпутаты Вярхоўнай Рады неўзабаве падтрымаюць гэты дакумэнт: «Мы спадзяёмся, што гэта пэрспэктыва некалькіх месяцаў».

Маштабы зьявы

Паводле арганізацыі «АўтаЭўраСіла», машыны з Эўропы ўвозілі ня толькі беларусы, але і грамадзяне краін Эўразьвязу, якія аказаліся больш дысцыплінаваныя і змаглі своечасова выканаць патрабаваньні мытнага заканадаўства Ўкраіны. Пад судовы прэс трапілі пераважна грамадзяне Беларусі і ў асобных выпадках — Малдовы.

Мяркуючы па судовых рашэньнях, беларусы ўвозілі аўтамабілі бюджэтнай і прадстаўнічай клясы практычна праз усе міжнародныя мытныя пасты Ўкраіны — Роўненскай, Львоўскай, Чарнігаўскай і Адэскай абласьцей, але найбольш — праз Валынскую мытню. У большасьці выпадкаў беларусы садзіліся ў аўтамабілі на нэўтральнай тэрыторыі. На падставе даверанасьці ад уладальніка машыны яны ўяжджалі ва Ўкраіну, перадавалі машыну трэцім асобам і неўзабаве, часам пешшу, вярталіся ў Беларусь.

Гэта пацьвярджаецца і шэрагам судовых рашэньняў. Найчасьцей беларусы хоць і адсутнічалі на пасяджэньнях у судах, але ў пісьмовых тлумачэньнях адзначалі, што не змаглі вывезьці машыну, бо ня ведаюць яе цяперашняга месцазнаходжаньня.

Мытная служба Ўкраіны адмовілася паведаміць Свабодзе інфармацыю аб колькасьці машын, увезеных беларусамі ва Ўкраіну, а таксама аб колькасьці адміністрацыйных спраў, заведзеных і перададзеных у суды за несвоечасовы вываз транспартных сродкаў.

«Інфармацыя, якая мае дачыненьне да дзяржаўнай мытнай службы і атрыманая кантрольнымі органамі, можа выкарыстоўвацца выключна імі ў мытных мэтах і ня можа выдавацца без дазволу суб’екта і органаў, якія далі такую інфармацыю, у тым ліку і перадавацца трэцім асобам і іншым органам дзяржаўнай улады, за выключэньнем выпадкаў, вызначаных заканадаўствам», — адзначаецца ў адказе Дзяржаўнай мытнай службы Ўкраіны на афіцыйны запыт Свабоды.

Пагарэў на кантрабандзе

Паводле апублікаваных судовых рашэньняў, за чатыры апошнія месяцы 41 грамадзянін Беларусі павінен сплаціць штраф на карысьць Украіны па 170 тысяч грыўняў (7 тысяч даляраў), яшчэ 27 — па 17 тысяч грыўняў (больш як 700 даляраў у эквіваленце). У адным выпадку беларусу «пашанцавала» атрымаць найменшы штраф — 8,5 тысячы грыўняў (350 даляраў).

А яшчэ ў адным выпадку грамадзяніну Беларусі ўдалося пазьбегнуць санкцыі за несвоечасовы вываз эўрааўтамабіля, бо яго засьпелі на кантрабандзе цыгарэт, і гэтае злачынства суд палічыў больш цяжкім. У выніку — штраф 14,3 тысячы грыўняў (600 даляраў) за незаконнае перамяшчэньне тытуню і канфіскацыя машыны.

Пакуль што ніводнага судовага рашэньня не абскардзілі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?