Аркадзь Ізраілевіч. Фота Надзеі Бужан

Аркадзь Ізраілевіч. Фота Надзеі Бужан

Вядомы бізнэсмен і кіраўнік групы кампаній «ІВ» Аркадзь Ізраілевіч атрымаў ліст ад інфармацыйна-асветніцкай установы «Амарока» з просьбай аказаць спонсарскую дапамогу. У лісце гаворыцца, што 22 лютага плануецца МоваФэст, свята наведаюць каля 5 тысяч чалавек і мерапрыемства ўзгоднена з Адміністрацыяй прэзідэнта. Але калі кампанія Ізраілевіча вырашыла пералічыць грошы, «Амарока» адмовілася «па маральных меркаваннях», піша Tut.by.

— У мяне да беларускай мовы талерантнае стаўленне, я ўсё выдатна разумею, магу чытаць на беларускай, сярод маіх знаёмых ёсць тыя, хто размаўляе па-беларуску. Вось адзін з іх і распавёў, што «Амарока» будзе праводзіць мерапрыемства. Я ўдакладніў: ці не палітычнае яно, сказалі, што не, мерапрыемства накіравана на развіццё беларускай мовы. Без праблем, чым змагу — дапамагу. І мне даслалі ліст, — распавядае Tut.by Аркадзь Ізраілевіч.

У першых жа радках пазначана, што ліст адрасаваны Аркадзю Ізраілевічу. «22 лютага 2020 у прасторы «ОК16» мы арганiзуем свята «МоваФэст», якое, як мы плануем, наведае каля 5 тысяч чалавек. Мерапрыемства не камерцыйнае i будзе з вольным уваходам. (…) Правядзенне мерапрыемства ўзгоднена з намеснiкам кiраўнiка Адмiнiстрацыi прэзiдэнта па iдэалогii Андрэем Кунцэвiчам. Звяртаемся да вас па рэкамендацыi з просьбай аказаць спонсарскую падтрымку ў арганiзацыi мерапрыемства ў памеры 3000 рублёў».

Як распавядае кіраўнік групы кампаній «ІВ» Ізраілевіч, ён вырашыў падтрымаць МоваФэст. Тым больш, у 2018 годзе ўжо пералічваў тысячу рублёў Таварыству беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Але калі юрыст кампаніі звязаўся з «Амарока», высветлілася: грошы ўжо не патрэбныя.

— Мне сказалі: «Выбачайце, але мы не можам прыняць спонсарскую дапамогу ад вас па маральных меркаваннях. Думаю, вы разумееце, пра што я». Па праўдзе, не разумею: «Дзіўныя вы, самі ж ліст напісалі», — перадае той самы дыялог юрыст кампаній «ІВ» Таццяна.

Сам Аркадзь Ізраілевіч таксама не разумее, чаму так выйшла. Магчыма, гэта звязана з тым, што бізнэсмен абараняў рэстаран «Паедзем паядзім», пабудаваны побач з ўрочышчам Курапаты.

— Так, у мяне ёсць пэўныя погляды, і я ад іх не адмаўляюся, але чаму яны блытаюць гэта з асабістым? Справа ж тычыцца папулярызацыі беларускай мовы, — адзначае бізнэсмен Аркадзь Ізраілевіч. — У нас дзве дзяржаўныя мовы, калі б дзяржава папулярызавала беларускую — гэта нармальна. У мяне выклікае павагу, калі прыязджаеш у Літву, якая значна менш Беларусі, а там усе гавораць на роднай мове.

TUT.BY у «Амарока» пацвердзілі: грошы сапраўды не патрэбныя.

— У нас вялiкая каманда, i адзiн з нашых супрацоўнiкаў дасылаў гэтыя лiсты шмат якiм партнёрам. I мы да апошняга не зацвердзiлi, каго хочам бачыць у партнёрах. Калi б мы ведалi пра гэтую сiтуацыю, адразу б не прасiлi грошай. Так выйшла, што тэхнiчна лicт дайшоў да Iзраiлевiча, калi мы пабачылi хто адрасат, адмовiлicя. Мы выбачылicя за гэта па тэлефоне i таксама вельмi хочам выбачыцца праз TUT.BY перад Аркадзем Iзраiлевiчам, што такая сiтуацыя склалася, — каментуе дырэктар «Амарока» Аляксей Шумілаў, менавіта за яго подпісам быў адпраўлены ліст бізнзсмену.

Шумілаў тлумачыць, што падтрымкі арганізацыі ўжо хапала, і сітуацыя складаная: «Мы не можам i не хочам браць гэтыя грошы».

— Калi Аркадзь Iзраiлевiч хоча падтрымаць беларускую мову, то можа пералiчыць грошы на розныя краўдфандынгавыя платформы, ёсць розныя беларускiя iнiцыятывы. Думаю, гэтую сiтуацыю можна выправiць, ён можа падтрымаць каго заўгодна, — дадае Аляксей Шумілаў. — У нас невялiкае памяшканне, вельмi шмат званкоў паступае, каб нас падтрымаць, дапамагчы iнфармацыйна, а мы адмаўляем нават сваiм сябрам, бо ў памяшканнi няма месца, каб кагосьцi фiзiчна прадставiць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?