Брут — новы гадаванец Мінскага заапарка. Гэты прыгажун — чаротавы кот, які прыбыў з Новасібірскага заапарка. Падарожжа ён перанёс добра.

Нарадзіўся Брут 4 красавіка 2019 года, ён яшчэ зусім юнак (у прыродзе працягласць жыцця чаротавага ката дасягае 13-15 гадоў). Зразумець характар Брута пакуль складана, ён яшчэ прыглядаецца да новага дома і неахвотна паказваецца. Так што ўбачыць яго можна не адразу. Кот можа хавацца ў вальеры ў сваім доміку.

Чаротавы кот — адзін з яркіх прадстаўнікоў сямейства каціных. У некалькі разоў большы за звычайную котку і з пэндзлікамі на вушах. Дзякуючы гэтаму, жывёла атрымала сваю другую назву — «балотная рысь». Вага чаротавага ката можа дасягаць 12 кілаграмаў. Жывёла імкнецца пазбягаць адкрытых прастораў і выбірае мясцовасць з высокай травой ці хмызняком.

Гэты кот — выдатны паляўнічы. Звычайна нападае з засады, але можа падпільнаваць здабычу і каля нары. Сілкуецца чаротавы кот звычайна рознымі дробнымі грызунамі і птушкамі, але можа ўжываць у ежу рыбу, яшчарак, чарапах і нават змей.

Убачыць чаротавага ката можна ў адкрытым вальеры побач з чырвонымі ваўкамі і каракалам, недалёка ад цэнтральнай алеі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0