Следчы камітэт шукае пацярпелых па справе аб продажы квіткоў на канцэрт Макса Каржа.
Сутнасць справы такая: 23-гадовы хлопец з красавіка па май 2019 года размяшчаў у сацсетках інфармацыю аб продажу квіткоў на канцэрт Каржа. У некаторых выпадках пацярпелыя пералічвалі грошы на банкаўскую карту, у іншых — аддавалі асабіста.
Падазраваны Аляксандр
«Пасля атрымання грошай падазраваны абяцаў сустрэцца і перадаць квіткі, але ў далейшым неаднаразова пераносіў сустрэчы і пераставаў выходзіць на сувязь. Малады чалавек не меў магчымасці і не меў намер выконваць прынятыя на сябе абавязацельствы, паколькі квіткоў у яго не было. Пацярпелымі па крымінальнай справе прызнаны шэсць грамадзян, якім нанесеная шкода на агульную суму больш за 400 рублёў», — паведамляе СК.
«Наша Ніва» знайшла хлопца. Аляксандр Будай родам з Беразіно. Сёння ён кажа, што ўсё «выпадкова так атрымалася».
Будай працуе будаўніком. Кажа, заробак — каля 700-800 рублёў.
«Мне былі патрэбныя грошы. На што? Ну… на сябе, можна сказаць.
Я хацеў такім чынам узяць часова грошы. Ну кшталту як крэдыт. Нічога лепшага не прыдумаў. Пасля б вярнуў — хавацца я не збіраўся, — кажа Будай. — Але я не думаў, што ўсё так закруціцца».
Цяпер на Аляксандра завялі крымінальную справу за махлярства, яму пагражае да 3 гадоў калоніі. Пакуль што хлопец на волі, пад падпіскай. Спадзяецца на мінімальнае пакаранне.
«Грошы я вярнуў, але яшчэ не ўсе. Я ў працэсе.
Спадзяюся, што дадуць мне штраф нейкі. Бо не хочацца, каб праз сваё глупства вось прам так… Я думаю, гэта ж была не асабліва сур’ёзная сума.
Канечне, я шкадую, што нарабіў усё гэта. Адзін раз аступіўся праз сваё глупства — пасля будзеш шкадаваць да канца жыцця»,— падсумоўвае Аляксандр.





