Падчас бою 18 лютага на Луганшчыне загінуў 34-гадовы беларускі грамадзянін Антон Каровін, які з 2014 года ваяваў на баку баевікоў. Сябры беларуса распавялі belsat.eu, што ён скончыў гістфак БДУ, быў «ідэйным камуністам» і ваяваў на Данбасе разам са сваім бацькам.

На Данбасе раніцай 18 лютага баевікі пад прыкрыццем агню буйнакаліберных мінамётаў атакавалі пазіцыі падраздзяленняў украінскай арміі паблізу населеных пунктаў Наваташкоўскае, Арэхава, Крымскае, Хутар Вольны. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі назваў атаку баевікоў «цынічнай правакацыяй» і «спробай сарваць мірны працэс на Данбасе». У той жа дзень было склікана пасяджэнне Рады Бяспекі ААН, дзе абмяркоўвалася абвастрэнне сітуацыі на ўсходзе Украіны.

Паводле назіральнікаў, такіх шырокамаштабных баявых дзеянняў на Данбасе не было з 2018-га года. Атака прарасійскіх сіл была адбіта прыкладна а 10-й гадзіне. Адзін украінскі вайсковец загінуў, яшчэ чацвёра атрымалі раненні. Страты баевікоў: адзін забіты, пяцёра параненыя. Як высветлілася, імя загінулага баевіка — Антон Каровін, пазыўны «Воўк». Ён быў грамадзянінам Беларусі.

Камуніст на Данбасе

Антон Каровін нарадзіўся ў 1986 годзе ў Менску, скончыў гістарычны факультэт БДУ. У беларускім войску не служыў — нібыта меў адтэрміноўку па здароўю.

Антон Каровін. Фота прадастаўлена сябрам беларуса.

Антон Каровін. Фота прадастаўлена сябрам беларуса.

Паводле знаёмых, Антон са школьных гадоў быў «ідэйным камуністам» і «думкамі жыў у СССР». Быў перакананы, што Беларусь, Расія і Украіна — гэта часткі адной краіны. Калі пачаўся расійска-украінскі канфлікт, Каровін спачатку займаўся інфармацыйнай падтрымкай вайны — адміністраваў антымайданныя суполкі ў сацсетках. А потым і сам паехаў на Данбас.

На вайну ён трапіў у складзе Добраахвотнага камуністычнага атраду (ДКА) — расійскай групоўкі баевікоў левых поглядаў. Атрад увайшоў у склад фармавання «Прывід» пад кіраўніцтвам палявога камандзіра Аляксея Мазгавога. Байцы ДКА ваявалі пад чырвоным сцягам і з шаўронамі ў выглядзе чырвоных зорак з сярпом і молатам.

Антон Каровін злева. Фота з сацыяльных сетак.

Антон Каровін злева. Фота з сацыяльных сетак.

Перад закідам на Данбас баевікі ДКА праходзілі падрыхтоўку ў цэнтры «Партызан» у Санкт-Пецярбургу. Туды ў лістападзе 2014 года трапіў і мянчук Антон Каровін.

«Я тады толькі што вярнуўся з ляснога лагера, дзе праходзіў завяршальны этап баявога зладжвання нашай першай групы, а ён і яшчэ пара чалавек толькі прыехалі. У нашу апошнюю ноч мы начавалі ў спартзале, на матах, а ў наступную загрузіліся ў аўтобус і пачалі наш шлях на поўдзень», — распавёў саслужывец беларуса, экс-баявік за пазыўным «Норман».

«Норман» кажа, што Каровін быў «добрым салдатам», хаця раней вайсковага досведу не меў. «На першых жа навучальных стрэльбах ён паказаў сябе добрым стралком, таму быў залічаны снайперам», — успамінае баявік. Каровін у «ЛНР» даслужыўся да «сяржанта».

«Іх тут няма»

Беларус Антон Каровін разам з байцом з Якуціі на Данбасе. Фота з сацыяльных сетак.

Беларус Антон Каровін разам з байцом з Якуціі на Данбасе. Фота з сацыяльных сетак.

У 2015 годзе Каровін прымаў удзел у баях за Дэбальцава — адной з самых буйных аперацый вайны на Данбасе. Менавіта да гадавіны тых баёў была прымеркаваная атака баевікоў 18 лютага 2020 года, дзе беларус і загінуў.

Сяброўка Антона з Санкт-Пецярбургу даслала карэспандэнту belsat.eu сваю перапіску з «Воўкам», дзе той распавядаў пра штурм Дэбальцава 8 лютага. Атрымліваецца, што побач з групоўкай, дзе ваяваў Каровін, Дэбальцава штурмавала «ПВК Вагнэра» — тады пра гэтае падраздзяленне наймітаў яшчэ мала хто ведаў. «Штурм 8 лютага цалкам праваліўся. У нашых былі страшныя страты», — пісаў беларускі баявік.

Дарэчы, як вынікае з перапіскі, Каровін у размовах са знаёмымі не крывадушнічаў у ацэнках сітуацыі на Данбасе: беларус відавочна іранізуе наконт таго, што расійскага войска «тут няма» і прызнае, што «апалчэнне прайграе ва ўсіх адносінах украінскай арміі».

У сацсетках «Воўк», у адрозненне ад іншых баевікоў, стараўся не свяціцца: беларус меў у «Вконтакте» закрытую старонку пад псеўданімам «Антон Зяленскі». Знаёмыя прыгадваюць, што пасля Дэбальцава, у 2015 годзе, «Воўк» некалькі разоў свабодна прыязджаў у Беларусь і праблем з КДБ нібыта не меў.

Бацька разам з сынам

Бацька «Ваўка» Дзмітрый Каровін таксама ваюе на Данбасе. Гэта — абсалютна ўнікальны выпадак для Беларусі, калі ваяваць на Данбасе паехалі адразу і сын, і бацька.

«Ён (бацька загінулага беларуса — заўв. belsat.eu) быў у «апалчэнні». Памятаю, гэта было яшчэ да Дэбальцава, ён прыязджаў да нас на базу часткі, у Алчэўск. Яны з «Ваўком» сядзелі ў калідоры, доўга размаўлялі. Я ведаю, што ў час Дэбальцаўскай аперацыі бацька Антона быў паранены пад Нікішынам», — распавёў «Норман».

Сапраўды, ва ўкраінскай базе «Міратворац» ёсць дадзеныя Дзмітрыя Барысавіча Каровіна 1959 года нараджэння. Паводле ўкраінскіх крыніц, сам ён ураджэнец Данеччыны, але ў канцы 80-х служыў у савецкай арміі ў Барысаве і потым застаўся ў Беларусі.

Мяркуючы па інфармацыі з адкрытых крыніц, у 90-х Дзмітрый Каровін спрабаваў займацца бізнесам. Паводле сяброўкі «Ваўка» з Пецярбургу, бізнесам таксама займалася і маці Антона, аднак апынулася ў велізарных даўгах. Сям’я трапіла ў вельмі цяжкае фінансавае становішча, страціла кватэру. Маці з’ехала ў Маскву. Будучы баявік быў вымушаны працаваць кладаўшчыком.

«Мала добрага ў яго было ў жыцці, я так разумею. Але ён ніколі не скардзіўся і не ныў, наадварот стараўся мяне падтрымліваць. Ледзь не кожны дзень дасылаў мне цікавыя артыкулы пра гісторыю, карцінкі з коцікамі», — кажа дзяўчына пра снайпера «ЛНР».

Антон Каровін загінуў пры мінамётным абстрэле — міна выбухнула за ягонаю спінаю. На той момант беларус ужо быў паранены і рыхтаваўся да эвакуацыі ў тыл. Пахаваюць «Ваўка» на Луганшчыне ў Алчэўску.

Сяброўка прыгадвае, што аднойчы Каровіна перавялі ў штаб баевікоў і пасадзілі за папяровую працу. «Я яму тады казала: ты ж ужо наваяваўся, застанься пры штабе. І ведаеце, што ён адказаў? «Ну вось спытае мяне ўнук праз шмат гадоў: а чым ты, дзядуля, займаўся ў гэтую вайну? Ды ў асноўным, унучак, перакладаў паперкі»… Ну вось: цяпер ужо ніхто ніколі не спытае», — заключае дзяўчына.

***

З улікам «Ваўка» з 2014 па 2020 года ў баявых дзеяннях на Данбасе загінула мінімум 12 беларусаў, што ваявалі на баку «ЛДНР». Яшчэ трое беларусаў-баевікоў памерлі пры іншых (не баявых) абставінах — двое ад хвароб і адзін у выніку звычайнага крыміналу.

Адзін беларус — Алесь Чаркашын — загінуў на Данбасе, ваюючы за Украіну.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?