Вясёлая гісторыя адбылася ў Гомелі.
Там малады чалавек зрабіў сваёй дзяўчыне прапанову рукі і сэрца проста ў краме «Алмі». Але каханая не ацаніла прыгожага ўчынку — адмовіла і выкінула пярсцёнак у акварыум з жывой рыбай.
Хлопец вырашыў не чакаць дапамогі прадаўцоў і нырнуў у акварыум, каб забраць кальцо. Пасля — увесь мокры — сышоў з крамы. Неўзабаве па сацсетках разышлося відэа з учынкам юнака.
Чытайце. Дзяўчына выкінула заручальны пярсцёнак у акварыум у краме. Хлопец залез у яго і нарваўся на непрыемнасці
«Наша Ніва» адшукала гэтую парачку. Дзяўчыну завуць Дар’я, яна адмовілася ад каментароў.
Але ж Уладзіслаў — той самы няўдачлівы жаніх — распавёў усе падрабязнасці гісторыі.
Уладзіславу 22 гады, Дар’і — 19. Па словах хлопца, яны разам ужо даўно, каля 2 гадоў.
«Гэта ўсё быў не жарт і не пранк. Я даўно набыў пярсцёнак і раздумваў, усё хацеў зрабіць прапанову, але трохі баяўся… і ў краме раптам думаю: а чаму не, зраблю зараз! І зрабіў!
На калена ўстаў, усё як трэба…
Але Дар’я сказала «не», псіханула і закінула пярсцёнак у акварыум, — расказвае Уладзіслаў.
— Ну я вырашыў, што за пярсцёнкам трэба лезці. Я за яго аддаў каля 250 рублёў. Нямала і нямнога, нармальна… Але я працую рабочым, зарплата ў мяне невялікая, каб такія пакупкі на вецер выкідваць! Заробак — 350 рублёў».
Пасля Уладзіслаў вылез з акварыума і ўвесь мокры паехаў дадому на аўтобусе.
«Хіба толькі пасажыры коса паглядвалі, а так усё нармальна было. Нават не захварэў», — кажа ён.
Уладзіслаў таксама распавёў, што здымала яго прыгоды ў акварыуме Дар’я, але відэа выклаў у сацсеткі ён сам: «А чаму не, прыкольнае ж!»
Пярсцёнак застаўся ва Уладзіслава. Хлопец кажа, што цяпер думае яго прадаць.
«Але, можа, усё будзе добра. Адносіны ў нас працягваюцца, Дар’я, здаецца, зразумела, што кепска зрабіла. Можа, пасля калі-небудзь усё ж адкажа «так».
Уладзіслаў распавёў, чаму сам прыйшоў у міліцыю:
«Выклалі відэа недзе ў гомельскім пабліку ва «Укантакце». Я ўбачыў там каментар кагосьці з «Алмі», што ў краму прыходзіла міліцыя і на мяне напісалі заяву. Я не дурань, зразумеў, што мяне будуць шукаць. Ну і пайшоў учора сам. Мне сказалі, каб я назаўтра прыйшоў у адпаведны аддзел міліцыі.
Ну і сёння я схадзіў, даведаўся, што адміністрацыя крамы сапраўды напісала на мяне заяву. Мне выпісалі штраф 54 рублі за дробнае хуліганства.
Але я ні пра што не шкадую, чаго там шкадаваць! Пофіг!»