Кароткая перадгісторыя

Цяга да прыгод у Дудзінскага з дзяцінства.

«Гэта бабуля вінаватая, — жартуе ён. — Першая кніга, якую мы з ёй прачыталі, — «Таямнічы востраў» Жуля Верна. Гэта быў разрыў дзіцячага мозгу.

У бацькоў у доме вялікая бібліятэка, і маімі любімымі кнігамі былі шматтомнік «Жыццё жывёл» Брэма і дзіцячая энцыклапедыя з карцінкамі. Калі ў мяне быў вольны час ці я хварэў і заставаўся дома, я проста абкладаўся гэтымі кнігамі, глядзеў карцінкі і чытаў.

Пасля адкрыў «Дзецей капітана Гранта» Жуля Верн. А калі па рамане фільм выйшаў — ну ўсё, хлопчык Дзяніска паплыў».

У Мадагаскары з жонкай Кацярынай Раецкай.

Перш чым адпраўляць турыстаў па афрыканскіх і паўднёва-амерыканскіх кірунках, Дзяніс выпрабаваў гэтыя маршруты на сабе. Ездзіў разам з нататнікам, куды падклейваў усе пасадачныя талоны, чэкі ад крам, запісваў словы плямёнаў.

Групы ён набірае па 10-20 чалавек. Гэта не толькі беларусы — далучаюцца падарожнікі з Расіі, Ізраіля, Канады, ЗША.

Бюджэты двух-трохтыднёвых паездак такія:

«Самы мінімум — гэта 1600 еўра, за Марока. Самае дарагое, што было, — Мадагаскар, 2700 еўра. Дзіўна, але чым бяднейшая краіна, тым у ёй даражэй», — кажа тэлевядоўца.

Як з эфіопскага таксіста зрабілі тураператара

Гісторыя такая:

«Мы з прыяцелем паехалі ў Эфіопію — падымаць турыстычны бізнэс. Разгаварыліся з таксістам у нейкім глухім гарадку. Добры хлопец аказаўся. Мы сказалі яму: «Чаму б табе не кінуць таксаваць і заняцца турыстычнымі справамі? У вас жа тут класна». Прапанавалі наняць яго, каб ён паказаў, што тут цікавага ёсць. Мы яму падказвалі, што добра, што не так робіць. Пасля з ім падтрымлівалі сувязь доўгі час.

І Эндзі выйшаў на прыстойны ўзровень — стаў даволі вядомым у Эфіопіі тураператарам. Цяпер мы з ім адкрылі офіс у Адзіс-Абэбе, і я да яго адсылаю людзей».

Як за ноч у хаціне прасілі $1000

Афрыканцы часам заломваюць шалёныя кошты. Тэлевядоўца ўспамінае, як яны з групай хацелі арандаваць маторную лодку, каб дабрацца да астравоў у Гвінеі-Бісау. Мясцовы рыбак агучыў ім цану ў 3000 еўра. Але ў выніку сітуацыя вырашылася: змаглі знайсці лодку, жыллё і харчаванне на чатыры дні ўсяго за 1500 даляраў за ўсю групу.

«На тым жа Магаскары людзі не разумеюць лічбы, не ўмеюць з імі працаваць. У іх ёсць калькулятар, але ўсё роўна справа заканчваецца маляваннем на пяску.

Там мясцовая валюта — арыяры, у ёй шмат нулёў, і мадагаскарцы ў іх блытаюцца. Вакол збіраецца ўсё племя і раіцца. Напрыклад, нешта каштуе 100 арыяры. Уявім, што 1 даляр — гэта 10 арыяры. Ты пытаешся: «У далярах я магу заплаціць? Палічыце, колькі гэта будзе». І бачыш, як жанчына 100 памнажае на 10. «Гэта тысяча даляраў»… Але затое торг з імі цудоўны, яны самі сябе падманваюць», — дзеліцца Дзяніс.

У Намібіі.

А вось у Замбіі за грошы можна не перажываць. Дудзінскі расказвае, як арандаваў тры машыны для групы, каб уночы з’ездзіць на шаманскі рынак:

«Пытаюся: «Колькі будзе каштаваць?» — «За ўсіх?» — «Так, за 10 чалавек». — «Гэта будзе… 10 даляраў!» Таксісты схапілі гэтыя грошы і нават не саромеліся перад намі трыумфаваць: маўляў, як мы гэтых белых чурак развялі! Потым вадзілі нас па рынку і паказвалі: вось гэтыя ананасы лепшыя, вазьміце іх».

Як каштаваў лічынак і афрыканскую самагонку

Экзатычныя стравы накшталт мазгоў малпы — гэта турыстычныя далікатэсы. Мясцовыя ў Афрыцы ці Паўднёвай Амерыцы такім не харчуюцца. Але ў іх рацыёне таксама ёсць нязвыклыя для беларускага страўніка прадукты.

«На Амазонцы, як мы кур разводзім у вёсках, так яны — лічынак пальмавых жукоў. Пальмавы ствол ляжыць у гразі, чалавек падыходзіць, мачэтам адрубае кавалак дрэва, і там — здаровыя лічынкі. Ён іх збірае, як з градкі, потым кідае ў кіпячы алей ці смажыць на шпажках на вуглях. Дзве штучкі з’ядаеш, і ўсё, ты сыты. Чысты бялок», — распавядае тэлевядоўца.

Іншая гісторыя здарылася ў Эфіопіі, калі турыстам давялося ночыць ля вогнішча нейкага племені. Беларусы выканалі для афрыканцаў «Купалінку», а тыя ў знак павагі зрабілі падарунак — прывялі на вяроўцы казла. Госці падумалі-падумалі і перадарылі жывёлу племені назад.

«Іх правадыр стаяў доўга, не разумеў, што адбываецца.

Пасля з’яўляецца нож, казлу пераразаюць горла, зліваюць у палову гарбуза кроў і мне падносяць: трэба выпіць. І разам з правадыром ты павінен па тры глыткі зрабіць.

Максімкаў [беларускі прадзюсар] стаіць, рагоча. «А цяпер ты, — кажу. — Давай, Вова». Пасля каштавалі смачнейшае мяса — яно на пруціках побач з агнём гатавалася дзве-тры гадзіны».

Афрыканскі самаробны алкаголь — не для слабакоў. І справа не ў градусе напою.

«Самагонку там гоняць у вёсках пасур’ёзней, дзе жыхары могуць зрабіць адмысловы апарат. Мы каштавалі яе — вельмі кепская, нават кока-кола не дапамагала. І вельмі смярдзючая, як палёная гума.

А ў плямёнах ферментаванае нешта робяць вось як: жачыны жуюць нейкую расліну, сплёўваюць у чан, і яно пачынае брадзіць. На трэці дзёнь гэта лёгкі квас, на пяты — лёгкае піва, і чым далей, тым больш градусаў набірае. Але нават калі вып’еш бутэльку такога, наўрад ці захмяляеш».

Як уночы баяўся выйсці ў прыбіральню

Самыя жорсткія начоўкі, па словах Дзяніса, — гэта ў палатках.

«Што такое палатка? Табе або холадна, або спякотна, або мокра. Там не бывае камфортнага стану».

Падчас апошняй паездкі ў Афрыку ў групы было запланавана 10 начовак у палатках — усе вытрымалі толькі да шостай. Калі ты ў канцы дня прыходзіш стомлены, збіраць сабе «пакоі» няма сіл. Таму група паступова перабралася ў домікі кемпінга, што быў побач.

Сярод страшных — начоўка ў Гватэмале, дзе водзяцца малпы-равуны.

«Яны выдаюць такі раскацісты нізкі гук, быццам гэта леў ці тыгр. Ты адразу ўспамінаеш сабаку Баскервіляў. Гэты гук над усімі джунглямі разносіцца, калі малпы пачынаюць перамаўляцца. І ўночы, калі ты хочаш у прыбіральню, расшпільваеш палатку і ў гэты час чуеш роў, думаеш: да ну нафіг!»

Як змагаўся з антылопай і купаўся побач з кракадзіламі

Плямён можна не асцерагацца, а вось жывёл — варта. Дзяніс расказвае, як праваднікі падчас стаянак у джунглях папярэджвалі здаваць усё ядомае — гарбату, печыва, цукар складалі ў высока падвешаную скрыню на замку. Адна дзяўчына з групы не здала пакецік падарункавай кавы, якую хацела прывезці з Перу, — убачыла пасля ў рукзаку дзірку памерам з кулак: нехта прагрыз яго і скраў сувенір.

На Мадаскары, калі турысты купаліся ў рацэ, праваднікі сядзелі на беразе і трымалі непагатове трохметровыя палкі, каб, калі што, адганяць кракадзілаў. У вадзе колеру кавы з малаком можна было адразу не заўважыць небяспеку.

«А ў Намібіі не жывёлы ў клетках, а ты. Твая тэрыторыя агароджаная. Мы заязджаем у такую клетку, і кіроўца кажа мне: закрый вароты. А там антылопы стаяць. Думаю: якія ласкавыя. І тут адна з іх на мяне ідзе сваімі рагамі. Ты хапаеш яе за рогі, разумееш, што гэту шыю не можаш пабароць. Антылопа проста прыціскае мяне да варот — я паўзком спрабую з-пад яе вылезці. Нават мірная траваедная жывёла можа быць небяспечнай, а што казаць пра іншых».

Як не мог пазбавіцца ад смецця

У Афрыцы вельмі складана… выкінуць старыя рэчы. Мясцовыя жыхары абавязкова паспрабуюць табе іх вярнуць.

«Аўтобус ужо кранаецца — і бяжыць цётачка з двума пакетамі: вы забылі! І нам закідае. Як бумеранг нейкі, — усміхаецца Дудзінскі. — Гэта нас заўсёды забаўляла і крыху злавала».

У Эфіопіі.

Спыняючыся ў плямёнах, трэба быць гатовым, што яны будуць кватэраваць і разбіраць рэчы ў тваёй палатцы. Калі гэта на іх тэрыторыі, то яно агульнае. 

«Але ты можаш быць на 100% упэўнены, што чалавек гэта верне. Прычым не табе ў рукі аддасць, а пакладзе на тое месца, адкуль браў. Нават калі прывозіш дзецям алоўкі, мыльныя пузыры ў падарунак, яны прыходзяць увечары і вяртаюць: «Дзякуй».

Як нечакана ажаніўся і пакрыўдзіў правадыра

Ці ведалі вы, што ў Дудзінскага дзве жонкі? Адна — Кацярына Раецкая, прадзюсарка і салістка гурта DaVinci. А другая — з племені хімба — засталася ў Намібіі.

«Тая жанчына падарыла мне каралі, вельмі эфектныя. Праваднік сказаў: «Дзяніс, пакрыўдзіш, трэба ўзяць. Гэта значыць, што ты ёй вельмі спадабаўся і яна можа лічыць цябе сваім мужам»,

— смяецца з той гісторыі тэлевядоўца.

Быў у Дзяніса і выпадак, калі ён пакрыўдзіў усё племя — сеў не на тое месца ля вогнішча. У бок Дудзінскага ішоў дым, а па правілах дым мусіць ісці на правадыра.

***

У крымінальнай Паўднёвай Амерыцы тэлевядоўца абыходзіўся без прыгод. Але небяспека, кажа, адчуваецца. У мегаполісах Гандураса кіёскі закратаваныя, па вуліцах ездзяць мужчыны з аўтаматамі.

«Гандурасцы самі кажуць, што іх гарады дзеляцца на небяспечныя і вельмі небяспечныя. У першых спачатку з цябе ўсё здымаюць, а потым страляюць, у другіх наадварот.

Але ў буйных гарадах звычайна няма чаго рабіць. Ну, паставіць птушачку — так, я быў у Сан-Педра-Суле, адным з самых небяспечных гарадоў свету.

У Мексіцы.

У маленькіх гарадах ужо няма крыміналу. А як толькі трапляеш у вёску, там такі давер да цябе. Напрыклад, у Коста-Рыка ў вёсцы пытаешся, дзе можна спыніцца. Хлопчык кажа: гаспадыня гатэля донья Марыя недзе на рэчцы. Падыходзіш. Яна табе: «Бярыце ключ, выбірайце любы пакой, грошы пад дыванком пакінеце». І калі ты з’язджаеш, зачыняеш пакой, кладзеш пад дыванок 50 даляраў і ключ, усе гэта бачаць.

А донья Марыя ўжо з чырвонымі вачыма ў гамаку ляжыць — напыхалася чагосьці, ёй не да гэтага».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру