Фота з Вікіпедыі
Расійская тэнісістка Марыя Шарапава аб'явіла пра завяршэнне спартыўнай кар'еры. Пра гэта яна паведаміла ў сваёй калонцы ў часопісе Vogue.
Шарапава нарадзілася ў Нягані (Сібір) у 1987 годзе. Яе бацькі пераехалі туды з Гомеля, ратуючыся ад наступстваў Чарнобыльскай аварыі.
У тэніс яна гуляла 28 гадоў. Ва ўзросце шасці гадоў на Шарапаву звярнула ўвагу чэшская тэнісістка Марціна Наўрацілава. Яна параіла аддаць спартсменку ў акадэмію Ніка Балецьеры ў ЗША. Так Шарапава апынулася ў Фларыдзе.
У 2004 годзе тэнісістка трапіла ў фінал самага прэстыжнага турніру Wimbledon. Яна абыграла амерыканку Серэну Уільямс, стаўшы першай у гісторыі расійскай спартсменкай, якая выйграла турнір. У 2005, 2007, 2008 і 2012 гадах Шарапава станавілася першай ракеткай свету.
У 2016 годзе спартсменку на два гады адхілілі ад спаборніцтваў з-за выяўлення ў яе допінг-пробы мельдонію. Пасля дыскваліфікацыі Шарапава выйграла адзін турнір WTA.