Былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая цяпер займаецца юрыдычнымі кансультацыямі для аўстрыйскай кампаніі Polytechnik Luft-und Feuerungstechnik GmbH. Але не хавае, што спадзяецца стаць прэзідэнтам Беларусі.

Размовай з Канапацкай «Наша Ніва» працягвае серыю гутарак з удзельнікамі праймерыз па вызначэнні адзінага дэмакратычнага кандыдата на выбары-2020. 

«Наша Ніва»: Ваш допіс пра Казлова з загалоўкам «Вас што, Казлоў, Ярмошына пакусала?» Гэта быў свядомы каламбур у загалоўку?

Ганна Канапацкая: Я больш за 25 гадоў працую юрыстам. Заўсёды кажу пра дэмакратычныя і прававыя прынцыпы і заўжды іх прытрымліваюся. І пачынаю выкананне іх з сябе. І калі мы сёння кажам, што працэдура абрання адзінага кандыдатам заснаваная на дэмакратычных прынцыпах, то, безумоўна, пачынаць выкананне гэтых прынцыпаў трэба з сябе.

Прынцып добрасумленнасці і разумнасці удзельнікаў праваадносін — непарушны прынцып. А сёння я бачу, што некаторыя ўдзельнікі паводзяць сябе так, як паводзіць сябе ўлада ў асобе Ярмошынай. І гэтак жа, як я бачу, што спадарыня Ярмошына прыдралася да маіх подпісаў — так і спадар Казлоў чапляецца да маіх подпісаў. З’явілася інфармацыя, што мае подпісы правераныя, дзейсныя, але ж Казлоў збіраецца іх апратэставаць!

«НН»: А загаловак?

ГК: Казлоў — гэта прозвішча. Такое прозвішча яму дасталося ад бацькоў, а не ад мяне!

«НН»: Вашае гарачае фота, якое вы дадалі ў той допіс: ці не надта гуллівая ілюстрацыя для палітычных заяў?

ГК: Вы лічыце, што беларуская жанчына не можа паказаць сваю паспяховасць? І няважна, у чым гэтая паспяховасць праяўляецца: у грамадскім жыцці, у добрым выглядзе, у палітыцы, у бізнэсе… Чаму не?

«НН»: Ну, я бачу ў тым фота не паспяховасць, а, хутчэй, сэксуальны падтэкст.

ГК: А вы лічыце, што сэкс не з’яўляецца часткай жыцця любога беларускага грамадзяніна, хоць жанчыны, хоць мужчыны?

«НН»: Проста такое фота, можа быць, было б больш дарэчнае ў ціндары, а не ў фэйсбуку, пад палітычнай заявай кандыдата ў прэзідэнты?

ГК: А на якой падставе вы робіце гэтую заяву? Я гэтым фотаздымкам паказваю сваю паспяховасць у разнастайных галінах жыцця. І калі хтосьці бачыць у гэтым іншы падтэкст — то тут усе пытанні да таго чалавека, які той падтэкст бачыць.

Вось я, калі гляджу на свае фота, бачу паспяховага чалавека, які шмат чаго дабіўся ў бізнэсе, у палітыцы і ў асабістым жыцці. І які, калі прыйдзе да ўлады, стаўшы прэзідэнтам, будзе распаўсюджваць гэты поспех на астатніх. Яшчэ ў сваім першым інтэрв’ю Tut.by у 2016 годзе, калі яны пыталіся, ці не баюся я быць заможным чалавекам, бо нашае беларускае грамадства не заўсёды прымае дастатак, я сказала, што зніжаць планку я не буду. І што задача ўлады сёння — стварыць умовы для таго, каб усе маглі працаваць і зарабляць. На такое жыццё, на якое сёння маю магчымасць я.

«НН»: А як вы ставіцеся да таго, што вашую асобу ператвараюць у штосьці накшталт сэкс-сімвала ад апазіцыі? Калегі-журналісты ўжо нават жартавалі пра «палітычна-эратычнае» інтэрв’ю з вамі.

ГК: Як палітык, які прапаведуе свабоду слова, — калі ласка. Да таго моманту, пакуль гэта не пераходзіць на абразы. Заўсёды трэба памятаць, што вашая свабода сканчваецца там, дзе пачынаецца мая.

«НН»: Статус сэкс-сімвала апазіцыі ўспрыміце як камплімент ці наадварот, як нешта непажаданае?

ГК: Так, гэта ўспрыму пазітыўна.

Але вяртаючыся да каментараў у мой бок. У мяне ёсць прэтэнзіі да мадэратараў «Нашай Нівы», якія не вельмі якасна выконваюць сваю працу і дазваляюць два-тры дні трымаць на старонцы абразлівыя каментары.

«НН»: Прывядзіце прыклад.

ГК: Ну, я не буду парушаць дзеючае заканадаўства, якое гэта забараняе.

«НН»: Тады працягваючы такія інтымныя пытанні: у вас ёсць сёння стасункі, бойфрэнд?

«ГК»: У мяне ўсё добра ў прыватным жыцці, у палітыцы, у бізнэсе. Суцэльная гармонія.

«НН»: Проста вы ж кандыдатка ў прэзідэнты…

ГК: Я паспяховая жанчына! І ўпэўнена, што толькі паспяховы чалавек можа быць кіраўніком дзяржавы! Бо прыклад недарэкі ва ўладзе ў нас ужо ёсць.

«НН»: Не, я трохі пра іншае. Вы сваю другую палову не апублічваеце?

ГК: А вы лічыце, што поспех жанчыны — гэта абавязкова наяўнасць другой паловы для выкарыстання ў публічным жыцці? Ведаеце, як казала Фаіна Ранеўская: «Другая палова ёсць у таблеткі, мозга і дупы. Я першапачаткова паўнавартасная асоба».

«НН»: Я пра тое, што калі чалавек ідзе ў прэзідэнты, то ён па змоўчанні становіцца вельмі публічнай асобай. І пад прыцэлам будзе ўсё, і прыватнае, і сямейнае жыццё. І калі вы хаваеце свайго партнёра, то чым у гэтым адрозніваецеся ад Аляксандра Рыгоравіча?

ГК:: А чаму вы лічыце, што я хаваю нейкую частку свайго жыцця і чаму вы лічыце, што Аляксандр Рыгоравіч яго хавае?

Я лічу, што з беларускіх палітыкаў, і тым больш чыноўнікаў, дэпутатаў, я самы адкрыты. Няма ніводнай сацсеткі, дзе б не было маіх акаўнтаў, я не хаваю свае даходы, бо яны ўсе легальныя. Я не хаваю заробкі, дэкларацыі, аўтамабіль, наяўнасць дзяцей і сабакі… І калі ёсць нейкія пытанні — то, калі ласка, я адкрытая, пытайцеся!

«НН»: Я ж і спытаў, ці ў стасунках вы. Адказ быў: «я паспяховая жанчына!» Канкрэтна на пытанне вы не адказалі.

ГК: Я лічу, што я адказала. Усё, што вас цікавіць, у мяне ёсць.

***

«НН»: Давайце пра праймерыз. Як вы ўспрымаеце астатніх кандыдатаў: калегамі ці канкурэнтамі? І як вы да іх ставіцеся?

ГК: На сённяшнім этапе мы, за малым выключэннем, хутчэй паплечнікі, якіх аб’ядноўвае агульная мэта: пазітыўныя дэмакратычныя змены ў Рэспубліцы Беларусь. Але я ўжо бачу, як з боку шмат каго пачынаецца суперніцтва ў тым выглядзе, якое не пойдзе на карысць агульнай справе і якое парушае тыя прынцыпы, якія нам і дэкларуюць. Мы ўсе бачым: працэдура рэгістрацыі прэтэндэнтаў не скончаная, але некаторыя адразу назвалі сябе «кандыдатамі на адзінага» і паехалі па рэгіёнах.

Кандыдат будзе названы толькі тады, калі пройдзе працэдура праверкі і будзе прынятае рашэнне аб рэгістрацыі гэтага чалавека як кандыдата.

 «НН»: А хто вам найбольш сімпатычны з усёй гэтай кампаніі?

ГК: Я выкажу абгрунтаванае рашэнне, без эмоцый. Я працавала з многімі прадстаўнікамі тых ці іншых палітычных арганізацый і ацэньваю людзей не па іх словах, а па іх справах і ўчынках. І мне вельмі прыемна было працаваць з рухам «За Свабоду!», які ўзначальвае Губарэвіч, вельмі прыемна было працаваць з БХД у асобе Кавальковай… Але я не прымаю, напрыклад, тыя формы палітычнай барацьбы, якія абвяшчае Павел Севярынец.

«НН»: Напрыклад?

ГК: Напрыклад, я сёння не магу браць на сябе адказнасць і заклікаць людзей на Плошчу. Бо я ведаю, што не маю магчымасці ні там, ні ў далейшым абараніць іх ад таго самавольства, што адбудзецца ў дачыненні да іх у міліцыі, у судзе, ад штрафаў ці страты працы. Я адказны чалавек і ведаю прававыя наступствы. І браць на сябе гэтую адказнасць сёння я не магу. Я магу ўзяць адказнасць толькі за сябе, і так, сама я прыйду на Плошчу.

Гэтаксама я не магу зразумець, як чалавек, у якога ёсць мазгі, ёсць дзве рукі і дзве нагі, не можа зарабіць на жыццё, маючы жонку і малое дзіця. І як ён можа казаць, што жыве на ахвяраванні людзей? Сёння ты жывеш на ахвяраванні людзей, якія складаюць $500, а заўтра ты будзеш жыць на ахвяраванні падаткаплацельшчыкаў, якія фарміруюць бюджэт Беларусі? Чалавек не змяняецца! Ці ты ўмееш працаваць і зарабляць грошы для сябе, для сваёй сям’і, для сваякоў, для грамадзян, ці ты не ўмееш. Калі ты не ўмееш працаваць — то што?

І гэта пытанне не толькі да Паўла. Гэта пытанне да ўсіх. Калі мы сёння дэкларуем адкрытасць: я гатовая паказаць даходы і дэкларацыі і раблю гэта. Я ўмею працаваць і зарабляць, і іду на выбары, каб стварыць умовы для ўсіх: для развіцця буйнога бізнэсу, малога прадпрымальніцтва, ініцыятывы грамадзян. Ведаю праблемы не па чутках, бо я і сама працую ў бізнэсе, і паспяхова абараняю інтарэсы кліентаў.

Я не ведаю даходаў Губарэвіча, ці даходаў Кавальковай. Але гэтае пытанне тычыцца ўсіх, проста з Севярынцам я бачыла інтэрв’ю, дзе ён казаў, што на месяц мае даход каля $350 у эквіваленце, і амаль усе гэты грошы сыходзяць на аплату кватэры. А ўсё іншае яму нібыта людзі даюць: вопратку і гэтак далей.

«НН»: Вы ўпэўненыя, што станеце адзіным кандыдатам?

ГК: Няма сэнсу пачынаць барацьбу, калі не ўпэўнены, што пераможаш.

«НН»: А калі не вы, то хто?

ГК: Вось і я пытаюся: калі не я, то хто?

«НН»: То-бок сярод іншых людзей, якія вылучаюцца на адзінага кандыдата, вы не бачыце ніводнага годнага?

ГК: Што вы ўкладваеце ў паняцце «годнага»? Яны ўсе добрыя людзі, але добры чалавек —гэта не прафесія. Чалавек, які ідзе да ўлады, мусіць быць адукаваным, спецыялістам, прафесіяналам.

«НН»: Окей, не годнага чалавека, а годнага кандыдата? За каго б вы самі прагаласавалі?

ГК: Персанальна — ні за каго. Але калі яны мяне пераканаюць, што маюць прафесійную каманду, якая зможа рэалізаваць рэформы, то будзе відаць.

«НН»: Калі адзіным кандыдатам абяруць не вас, а Севярынца, напрыклад, ці будзеце разам з іншымі працаваць на яго?

ГК: Я не падпісвала пагадненне, якое абавязвала б мяне гэта рабіць, у адрозненне ад тых структур, якія падпісалі. Але пры ўсім пры гэтым — так. Калі нашыя мэты і задачы будуць супадаць, то канечне, так. Нават калі гэта будзе Севярынец. Калі мы будзем разам працаваць за незалежную Беларусь, будзем адказна падыходзіць да Плошчы, калі будзем рэалізоўваць рэформы ў эканоміцы, сацыяльнай палітыцы, адукацыі, медыцыне, сельскай гаспадарцы… Калі мы будзем рэалізоўваць тыя прынцыпы, якія дэкларуюцца.

Бо пакуль бачу адваротнае: прынцыпы дэкларуюцца, але не выконваюцца.

Зноў жа, вяртаючыся да працэдуры: калі я прасіла людзей паставіць за мяне подпіс, то апублікавала тэзісы сваёй праграмы. Я адказна падыходжу да любых дзеянняў. Каб чалавека пераканаць, я мушу прадаставіць сваю праграму.

Хто з кандыдатаў ў адкрытым доступе размясціў сваю праграму? Тэзісы з яе, вытрымкі? Дзе я магу даведацца?

Дык і хто з нас тады сур’ёзна ці не сур’ёзна ставіцца да гэтай працэдуры?

«НН»: Калі адзіным кандыдатам не станеце і тэзісы таго, хто ім будзе, вас не пераканаюць, то што тады? Будзеце ўсё роўна вылучацца ў кандыдаты?

ГК: Тут ёсць важны момант. Калі мы выбіраем аднаго кандыдата, то ў нас няма запаснога варыянту. І калі мы робім праймерыз па прыкладу вядучых сусветных краін, то, можа, варта паглядзець як тое адбываецца там, калі кандыдаты ідуць парай: прэзідэнт і віцэ-прэзідэнт. Я вынесла гэтае пытанне на абмеркаванне штаба і буду прапаноўваць такую схему.

«НН»: Дарэчы, вы былі гатовыя закінуць 500 еўра за кандыдацтва Кавальковай. Зрабілі гэта?

ГК: Так.

«НН»: Чаму менавіта за Кавалькову?

ГК: Бо з іншых больш ніхто не прасіў.

***

«НН»: Навошта ісці на выбары, калі Лукашэнку вы дакладна не пераможаце?

ГК: Трохі не пагаджуся з вамі. Парламенцкая кампанія-2016 паказала, што пры наяўнасці каманднай працы, пры наяўнасці рэсурса, у тым ліку і чалавечага, можна перамагчы.

«НН»: То-бок вы лічыце, што ў парламент вас узялі, бо сапраўды вы перамаглі і вас выбралі людзі? Ці вас прызначылі туды ўказам зверху?

ГК: Я лічу, што 24%, якія былі ў мяне ў 2016 годзе, гэта сярэднееўрапейскі працэнт, з якім перамагаюць кандыдаты на выбарах. Я ўпэўненая, што мае дзеянні зламалі сцэнар улады. Усе былі да апошняга перкананыя, што дэпутатам будзе іншы чалавек.

«НН»: А прызначылі вас.

ГК: Я перамагла, нашая арганізаваная праца забяспечыла гэта.

Таму гэта была мая перамога. Не значыць, што цяпер у нас будуць сапраўдныя і сумленныя выбары. Але прафесійны падыход, выкарыстоўванне сучасных тэхналогій, яркая праца каманды падчас выбарчай кампаніі, далучэнне шматлікіх прыхільнікаў — усё гэта можа змяніць сцэнар улады ў любы момант.

«НН»: Змяніць сцэнар на які?

ГК: Вы хочаце паспрачацца пра выбарчую сістэму ў Беларусі?

«НН»: Не, глядзіце. На выбарах Лукашэнка набярэ свае 80%, аднаму «канкурэнту» намалююць 7%, другому 9%, умоўны апазіцыянер, напрыклад, 2%. І як будзе зламаны сцэнар? Што Лукашэнку намалююць 70%, а вам 30%? Ці як?

ГК: Я не Ванга і на картах не гадаю. Я ведаю адно — калі ёсць інструменты, якія дазволілі мне перамагчы ў 2016 годзе, то і сёння гэтыя інструменты існуюць. Я разумею, што сумленных выбараў па стандартах АБСЕ няма, што выбарчая сістэма ў Беларусі — гэта не толькі кодэкс, а яшчэ і свабода слова, яшчэ і закон аб масавых мерапрыемствах… Я ўносіла папраўкі ў гэтыя законапраекты, я разумею, якая сістэма выбараў існуе сёння ў Беларусі. Але гэта не значыць, што я буду сядзець і нічога не рабіць. Гэта наадварот, падштурхоўвае мяне на новыя дзеянні.

«НН»: І вы разлічваеце на перамогу?

ГК: Толькі на перамогу! Больш за тое. Я буду прэзідэнтам гэтай краіны, пытанне толькі часу.

«НН»: І колькі адсоткаў прагаласуе за кандыдата ў прэзідэнты Канапацкую? І колькі ўлада намалюе ў выніку?

ГК: Сёння я не займаюся прагнозамі, бо не маю дадзеных. Невядома нават пакуль, колькі ўдзельнікаў будзе ў бюлетэнях, бо адна справа, калі там тры прозвішчы, іншая — калі дзесяць. Але колькасць галасоў за мяне я буду ведаць дакладна.

«НН»: Але ж вы прадказвалі, што Масква не прызнае выбары, калі на іх пераможа Лукашэнка.

ГК: Так, сёння я так лічу.

«НН»: А што тады будзе? Ці, калі большасць набярэ незалежны кандыдат, яго Масква прызнае?

ГК: Я лічу, што так, але нельга рабіць высновы, не маючы ніякіх падстаў. Гэта якраз тое, чым грашыць большасць беларускай апазіцы. Дарэчы, іх за гэта і лаюць, што яны крычаць: «Усё кепска!». Але ж не прапаноўваюць нічога, каб стала добра.

«НН»: Ну тады агучце коратка некалькі галоўных тэзісаў праграмы, калі ласка.

ГК: Эканамічная, сацыяльная і вайсковая рэформа. Эканамічная — гэта абарона права ўласнасці праз незалежны суд, амністыя капітала, стварэнне роўных умоў для суб’ектаў гаспадаркі розных форм уласнасці, прыцягненне інвестыцый, продаж інвестарам актываў, як прамысловых, так і сельскгаспадарчых.

«НН»: То-бок у продажы вялікіх прадпрыемстваў замежнікам няма бяды?

ГК: Ніякай. Больш за тое, на нашыя нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы таксама варта запрасіць у кансорцыум міжнародныя карпарацыі і прапанаваць ім пакет акцый, напрыклад. Толькі ў такім выпадку прадпрыемствы будуць зарабляць грошы для краіны і плаціць падаткі ў бюджэт, замест таго каб стаяць і ўжываць бюджэтныя грошы.

«НН»: А вайсковая рэформа?

ГК: Гэта пазаблокавы статус Беларусі, пераход да прафесійнага войска і збораў па прыкладу Швейцарыі.

«НН»: А як вы ставіцеся да такой папулярнай ідэі як люстрацыя?

ГК: Люстрацыя — гэта не панацэя. Яшчэ калі я была дэпутатам, то прапанавала законапраект аб гарантыях прэзідэнту, які страціў паўнамоцтвы. Заканадаўствам прадугледжана: ніхто не можа быць прызнаны вінаватым, акрамя як па рашэнні суда. Можна падазраваць любога чыноўніка, але ж яго віна мусіць быць вызначана незалежным судом.

«НН»: Магу памыляцца, але ж той законапраект і дае магчымасць прэзідэнту пазбегнуць суда, не?

ГК: Вы якраз памыляецеся. Законапраект дае недатыкальнасць, але гэта не індульгенцыя і не вызваленне ад пакаранняў за злачынствы. Былы прэзідэнт можа быць прыцягнуты да адказнасці праз суд, для гэтага трэба правесці працэдуру па вызваленні ад недатыкальнасці.

Гэта практыка, якая існуе ва ўсім свеце: прыцягненне да адказнасці па спецыяльнай юрыдычнай працэдуры. Гэта не значыць, што прэзідэнт пазбегне адказнасці, калі ён здзейсніў злачынства і будзе даказана яго віна.

«НН»: Гэты законапраект нанёс вам іміджавую шкоду, не лічыце?

ГК: Мая праца як дэпутата не ўключала ў сябе захаванне таго ці іншага іміджу Ганны Канапацкай. Мне плацілі грошы, у тым ліку і вы як падаткаплацельшчык, за тое, каб я выконвала яе якасна, незалежна ад персанальных амбіцый і ў адпаведнасці з Канстытуцыяй і законамі Беларусі. І я гэта рабіла. Мне не сорамна ні за адзін дзень ў Палаце прадстаўнікоў. Я якасна выконвала сваю працу.

 ***

«НН»: Законапраект аб гарантыях былому прэзідэнту вы не лічыце іміджавым правалам. А ці не лічыце вы іміджавым правалам супрацу з Дзянісам Ціханенкам?

ГК: Так, гэта была памылка. Але сёння гэта ў любым выпадку перагорнутая старонка маёй біяграфіі.

«НН»: Ці падтрымліваеце з ім сёння нейкія зносіны?

ГК: Не, ніякіх стасункаў няма. Ён быў маім афіцыйным памочнікам. Пакуль ён выконваў свае абавязкі належным чынам, мы працавалі, як і з любым іншым супрацоўнікам.

«НН»: А што з ім раптам здарылася? Гісторыі са зніклымі грашыма, скрадзенымі чатамі

ГК: Ну гэта вам варта ў яго пытацца.

«НН»: А як увогуле ён стаў вашым памочнікам?

ГК: Вы здзівіцеся, але яго мне настойліва прапанавалі два чалавекі з АГП: Анатоль Лябедзька і Аксана Крышчановіч. Мяне папрасілі, каб я скарысталася яго дапамогай. Ён стварыў і дапамагаў з маімі старонкам ў сацсетках, бо да 2016 года я імі не карысталася. Ціханенка быў сябрам палітрады АГП.

«НН»: І вы шкадуеце сёння, што з ім звязаліся?

ГК: Не, я не шкадую ні пра што ў сваім жыцці.

«НН»: Чым сёння займаецца Ціханенка?

ГК: Я не ведаю.

 ***

«НН»: Вы некалькі разоў сказалі, што не хаваеце даходы. Вы працуеце на аўстрыйскую кампанію?

ГК: У тым ліку. Кампанія Polytechnik Luft-und Feuerungstechnik GmbH займаецца энергетыкай. Яна рэалізоўвае праекты і ў Беларусі, і ў Расіі, у Кітаі… Я займаюся юрыдычнымі кансультацыямі.

«НН»: І які сярэдні даход у вас за месяц?

ГК: Гэта прыкладна 5 тысяч беларускіх рублёў.

«НН»: Нядаўна вы выкладвалі фота з аўтасалонаў і тут побач стаіць чырвоны «Рэндж Ровер». Ваш?

ГК: Так.

«НН»: Бралі новы? З салона?

ГК: Так.

«НН»: Колькі каштаваў?

ГК: Вы можаце зайсці на сайт і паглядзець кошт аўтамабіля [Такі аўтамабіль каштуе ў салоне каля 96 тысяч рублёў — «НН»]. Але я плаціла менш, бо аддавала ў залік сваю былую машыну, якая таксама была высокага ўзроўню.

«НН»: Ваша цытата: «Я ўмею шмат зарабляць і прыгожа траціць».

ГК: Так. А што, вы лічыце, што мой аўтамабіль — гэта не прыгожая трата?

«НН»: Прыгожая. А можна яшчэ пару прыкладаў прыгожых трат?

ГК: Мы пагадзіліся, што машына — прыгожая трата, так?

Я магу таксама дазволіць сабе набываць добрую якасную вопратку, як люксавых марак, так і беларускіх брэндаў. Магу дазволіць сабе з’ездзіць адпачыць.

«НН»: Куды ездзілі ў апошні раз?

ГК: У Вену на пару дзён.

«НН»: Схадзіць у оперу? У музей?

ГК: І выпіць кавы.

«НН»: Пра люксавыя маркі — а якая была найдаражэйшая пакупка? І што гэта было?

ГК: Ведаеце, калі мы былі на сустрэчы дэпутатаў двух скліканняў з Лукашэнкам у Палацы незалежнасці, усе, натуральна, хацелі выглядаць добра. І адзін дэпутат падышоў да мяне, ўбачыў кулон на шыі і кажа: «Ой, Ганна, гэта брыльянты?»

Кажу: «Так!»

Ён пытаецца: «Купілі самі?»

Я кажу: «Жанчына не мусіць сама сабе набываць брыльянты!»

Ён: «А што, падарылі?»

Адказваю: «Так».

«На дзень народзінаў, нядаўна быў?»

Я кажу: «Не, дзень народзінаў даўно быў».

Ён: «А як іх вам тады падарылі?»

Я: «Вы ведаеце, ёсць яшчэ мужчыны ў Беларусі, якія могуць падарыць жанчынам брыльянты і без нагоды».

Таму калі мы кажам пра нейкія дарагія рэчы, як брыльянты, то гэта не пакупка, а падарунак. А калі казаць пра траты, то я без нагоды не раскідваюся грашыма, але мне прыемна разумець, што тую ці іншую рэч я магу сабе дазволіць — нават калі не непасрэдна цяпер, то праз нейкі час. І што калі цяпер няма на гэта грошай, то я заўсёды магу больш папрацаваць і гэтыя грошы зарабіць.

 ***

«НН»: Як вы ацэніце сваю працу ў Палаце прадстаўнікоў і галоўнае дасягненне за той час?

ГК: Калі ацэньваць маю працу ў нейкіх лічбах, то я ўнесла папраўкі ў 47 законапраектаў, ініцыявала 4 законапраекты. І нават тое, што за два дні я змагла сабраць каля 300 подпісаў у пераважна невядомых мне людзей, паказвае, што мая праца ў Палаце прадстаўнікоў была добрасумленнай і якаснай.

 «НН»: А чаму вас пракацілі сёлета на выбарах у Палату, нават не зарэгістравалі кандыдатам?

ГК: Ну, гэта трэба пытацца ў тых, хто гэта зрабіў. Але, думаю, мая якасная праца — адна з тых прычын.

З іншага боку, я была самым адкрытым дэпутатам, выносіла на абмеркаванне нашых наймальнікаў, якімі з’яўляюцца грамадзяне, усе пытанні, якія раней ніколі не выносіліся на публіку.

«НН»: Ці чакалі, што вас не пусцяць у Палату другі раз?

ГК: Я чакала такога развіцця падзей, але не думала, што ўсё будзе зроблена настолькі прымітыўна, з дапамогай кіраўніцтва АГП.

«НН»: Вам пасля прапаноўвалі працу ва ўрадзе. Чаму вы адмовіліся і што за праца была?

ГК: Чаму пасля? Яшчэ падчас дэпутацтва мне прапаноўвалі пасаду. Я адмовілася, бо ў сённяшняй Беларусі я не бачу магчымасці рэалізаваць тыя рэформы, якія неабходны для краіны. А проста сядзець на высокай пасадзе і атрымліваць заробак з бюджэту я не лічу магчымым.

«НН»: Якую пасаду прапаноўвалі?

ГК: Сёння яна ўжо занятая.

«НН»: Кім?

ГК:… (пасміхаецца).

«НН»: Смех — гэта ўсё ж не адказ.

ГК: Чаму? Мілая ўсмешка таксама можа быць адказам.

 

 ***

«НН»: Вяртаючыся да прагнозаў, якія вы не хочаце даваць. Колькі яшчэ тэрмінаў у нас будзе адзін і той жа прэзідэнт, як вы лічыце?

ГК: Я думаю, тут ёсць шмат фактараў, якія могуць і будуць уплываць.

«НН»: Гэтая пяцігодка апошняя?

ГК: Думаю, што не будзе ў яго гэтых пяці гадоў. Сыдзе, хутчэй за ўсё, сам, але пад уздзеяннем тых ці іншых фактараў, напрыклад, прайграўшы мне ў другім туры выбараў.

«НН»: Вы сказалі, што на Плошчу людзей не будзеце клікаць, але самі выйдзеце.

ГК: Так, калі будзе мітынг ці нейкае іншае масавае мерапрыемства, то я буду ўдзельнічаць. Але, паўтаруся, заклікаць людзей выходзіць на несанкцыянавае мерапрыемства я не буду.

«НН»: Не баіцеся, што гэта можа скончыцца для вас як мінімум пэўным тэрмінам у СІЗА?

ГК: Першы раз хіба? Як кажуць у народзе: які ты апазіцыянер, калі не сядзеў на сутках.

«НН»: А хто выклікае ў вас сімпатыю з дзеячаў апазіцыі ці з чыноўнікаў?

ГК: Ёсць шмат добрых людзей, але я не падзяляю іх на сімпатычных і не вельмі. Галоўнае, каб людзі былі гатовыя працаваць на перамены ў Беларусі. І паверце, такіх людзей сярод чыноўнікаў таксама вельмі шмат.. Яны разумеюць, што іх не задавальняе сённяшняя сітуацыя, і яны працуюць са мной, хоць я і крытыкую ўладу, хоць я і апазіцыйны палітык. І безумоўна, вось гэтыя людзі мне сімпатычныя незалежна ад іх пасады.

«НН»: Назавіце пару імёнаў.

ГК: Не, прабачце, спачатку я павінна спытаць у чалавека, ці не супраць ён, каб агучвалася яго прозвішча.

«НН»: А хто з чыноўнікаў мог бы быць добрым прэзідэнтам?

ГК: Ніхто. У іх ужо рамкавая свядомасць праз гады працы ў сістэме.

«НН»: Макей, якім шмат хто захапляецца?

ГК: Не, калі мы кажам пра незалежную эканамічна развітую дзесяцімільённую Беларусь, то я не бачу ў складзе ўрада людзей, якія здольныя правесці рэформы, каб краіна сапраўды стала такой.

«НН»: А з апазіцыі каму сімпатызуеце?

ГК: Калі казаць пра апазіцыю, то я яшчэ раз кажу, што ўдзячная ўсім арганізацыям і іх лідарам, з якімі я працавала цягам трох гадоў майго дэпутацтва. Гэта і Кавалькова, і Губарэвіч, і Рымашэўскі, і Янчурэвіч.

Я ацэньваю прафесійнасць людзей па якасці іх працы і па тым, які быў вынік гэтай працы. Ёсць праблема адсутнасці сімпатый да апазіцыі: вельмі лёгка апраўдваць 25-гадовую бяздзейнасць і безвыніковасць тым, што ў нас няма выбараў.

Але я сваім прыкладам паказала, што нават выконваючы ўсе працэдуры, якія прадугледжвае заканадаўства, можна дамагчыся выніку. Нават у такіх складаных пытаннях, як артыкул 328, над якім мы працавалі разам з хрысціянскімі дэмакратамі.

Хто думаў пяць гадоў таму, што законапраект аб зменах у Выбарчы кодэкс можа трапіць у Палату прадстаўнікоў?

Дзякуючы мне, апазіцыя сёння можа казаць, што мае багаж перамог. І я ўдзячная тым людзям, з якімі мы супрацоўнічалі цягам гэтых гадоў.

«НН»: Дарэчы, калі з Казловым вы відавочна не вельмі любіце адно аднаго, то якія ў вас зносіны сёння з Лябедзькам?

ГК: У мяне няма ні з кім з іх ніякіх персанальных зносінаў.

P.S. Падчас запісу інтэрв’ю з’явілася інфармацыя, што Ганну Канапацкую могуць не зарэгістраваць у якасці кандыдата на праймерыз. Старшыня АГП Мікалай Казлоў паведаміў, што ён ні пры чым, і рашэнне будзе прымаць не ён.

«Я да яе стаўлюся ніяк, я не разумею, чаго яна хоча і чаго дабіваецца. Пры гэтым не разумею, чаму мяне заўсёды ў нечым абвінавачваюць. Праймерыз — гэта сур’ёзнае пытанне, і да яго трэба ставіцца не як да шоу. Давайце шоу будзе ў незалежнай дзяржаве. Мяне турбуе, чаму гэты працэс пераўтвараюць у цырк і балаган, — сказаў Казлоў. — Шмат чаго, што яна мне прыпісвае, я не рабіў і не гаварыў. Спытайце ў Канапацкай, ці памятае яна, што падпісала рашэнне аб тым, што Лукашэнка незаконна знаходзіцца на пасадзе і не мае права ўдзельнічаць у выбарах. Спытайце, бо раней у яе ўзнікалі цяжкасці з гэтым успрыманнем. Вельмі хацелася б пачуць адказ на такое фундаментальнае пытанне, а яна зацягвае ў цырк».

Ганна Канапацкая адказала яму наступнае.

«Што я магу патлумачыць з нагоды дзеянняў Казлова і яго заяваў.

Яго дзеянні прадказальныя і чаканыя.

Відавочна, займаючы апошняе месца ў праймерыз, прайграючы ўсім без выключэння, паставіў сабе мэту разваліць і дыскрэдытаваць працэдуру. Канапацкая — толькі першая ахвяра прымітыўнай двуххадовачкі ў стылі міліцэйскага падпалкоўніка. Яго наступны крок — схавацца за жаночыя спіны палітрады АГП.

Я спадзяюся, што ў сапраўдных лідараў дэмакратычнай апазіцыі, зацікаўленых у рэальных зменах у нашай краіне, хопіць мужнасці і здаровага сэнсу не паддацца на гэтую правакацыю.

Партыю яны ўжо амаль пахавалі, пахаваюць і надзеі на будучыню народа Беларусі», — пракаментавала Канапацкая.

Чытайце:

«Я не проста прыйшла такая: «І дайце мне пасаду прэзідэнта!» Кавалькова пра сябе, сэкс і заробак бухгалтаркі

Аляксей Янукевіч расказвае пра сорам за апазіцыю, любоў да парадаў і трошкі пра нявесту. Гутарка Наталлі Лубнеўскай

«Ты ўжо паўналетняя была?» Юрый і Стася Губарэвічы расказалі пра сваю доўгую сямейную гісторыю, адбітак палітыкі і ката Лагвінца

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру