Камічная гісторыя адбылася ў пункце пропуску Лоша.
Пагранічнікаў засмуціў знешні выгляд пасажыркі ў адным з легкавікоў, які ехаў з Літвы ў Беларусь. У дзяўчыны былі падазрона чырвоныя вочы.
Пагранічнікі выклікалі медыкаў, машыну прымусілі ад'ехаць для разбіральніцтва. Але медыкі выявілі, што ніякіх прыкмет віруснага захворвання ў літоўкі няма, а чырвоныя вочы ў яе па нейкай іншай прычыне.
Прычына не называецца, а службоўцы пасміхаюцца з магчымых версій. Калі б такія сімптомы былі ў кіроўцы, яго б чакалі праблемы, а што ўзяць з пасажыркі?
У прэс-службе Пагранічнага камітэта «Нашай Ніве» афіцыйна пацвердзілі, што машыну ўжо адпусцілі.