Аляксандр Лукашэнка сёння падчас з'езду Федэрацыі прафсаюзаў заявіў, што ў першую чаргу прафсаюзы — гэта гарант і абаронца правоў работнікаў па ўсіх напрамках, у тым ліку і на прадпрыемствах у прыватным сектары. На яго думку, першасныя прафсаюзныя арганізацыі да месца і там. Праца па іх стварэнні прафактывам вядзецца, але ёсць аб'ектыўныя складанасці.

«Прыватніку не заўсёды зручна мець у сябе прафсаюз, які будзе сачыць за выкананнем правоў работнікаў, прымушаючы часам адступіцца ад сваіх фінансавых інтарэсаў. Але дзяржава пайшла на лібералізацыю ўмоў для бізнесу. Дык пакажыце і вы сваю сталасць, здольнасць несці сацыяльную адказнасць перад людзьмі, — звярнуўся да прыватнага бізнесу Аляксандр Лукашэнка. — Мы ўжо гэты бізнес настолькі лібералізавалі, што далей няма куды. Ужо старшыня Камітэта дзяржкантролю Анфімаў ледзь не з хваляваннем кожны раз пытаецца, можна туды ісці ці не. Ідзіце туды, куды трэба, і не саромейцеся».

Калі бізнес не разумее, то будзе распрацаваны ўказ аб стварэнні на прыватных прадпрыемствах першасных прафсаюзных арганізацый, папярэдзіў кіраўнік дзяржавы. «Гэта не спантаннае рашэнне», — растлумачыў ён. Паводле яго слоў, яму надакучыла слухаць, што прыватны бізнес не хоча ствараць у сябе прафсаюзныя ячэйкі. «Трэба прымусіць іх», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

«Я думаю, самыя дэмакратычныя краіны нас не асудзяць. За што нас асуджаць? Мы ж дэмакратычна хочам абараніць правы чалавека. Прыватнікі як ставяць пытанне: пастаўце нас у аднолькавыя ўмовы з дзяржаўнымі прадпрыемствамі. Вось мы іх і паставім. І ўсё ж такі трэба сказаць, што ўжо, можа, большасць прыватнікаў стварылі гэтыя прафсаюзныя арганізацыі і думаюць: а чым мы горшыя за тых, хто не стварыў? Таму трэба, каб сапраўды ўсе былі ў аднолькавых умовах. Калі не разумеюць простую чалавечую мову, калі ўжо я ім аб гэтым гавару, і яны гэтага не чуюць. Гэта недапушчальна», — падкрэсліў Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0