Спецпрадстаўнік ЗША па Афганістане Залмай Халілзад і намеснік лідара руху «Талібан», кіраўнік катарскага палітычнага офіса руху мула Абдула Гані Барадар падпісалі мірнае пагадненне паміж ЗША і талібамі. Цырымонія падпісання праходзіць у суботу ў Досе, піша tass.ru.

Пасля падпісання дакумента Халілзад і Барадар паціснулі адзін аднаму рукі.

У тэксце дамовы гаворыцца, што Вашынгтон, яго саюзнікі і кааліцыя на працягу 135 дзён паменшаць колькасць кантынгенту ЗША ў Афганістане да 8600 чалавек, таксама прапарцыйна знізяць колькасць войскаў кааліцыі і саюзнікаў і выведуць войскі з пяці вайсковых баз. Акрамя таго, Вашынгтон і яго саюзнікі гатовыя ў наступныя 9,5 месяца вывесці ўсе, што засталіся, войскі з Афганістана, калі «Талібан» будзе выконваць узятыя на сябе абавязкі.

Мірнае пагадненне стала вынікам перамоў, якія спецпрадстаўнік ЗША па Афганістане і талібы вялі ў Досе з кастрычніка 2018 года.

«Талібы прызналі немагчымасць ваеннай перамогі. Мы будзем уважліва адсочваць выкананне «Талібанам» сваіх абавязкаў, — адзначыў дзяржсакратар ЗША Майк Пампеа. — З дапамогай гэтага мы зможам гарантаваць, што Афганістан больш ніколі не будзе базай для міжнародных тэрарыстаў».

Паводле слоў дзяржсакратара, за апошнія сем дзён узровень гвалту быў самым нізкім за чатыры гады.

«Якія крокі «Талібану» зробяць здзелку паспяховай? У першую чаргу стрымайце свае абяцанні, разарвіце сувязі з «Аль-Каідай» і іншымі тэрарыстамі, — сказаў ён. — Падтрымайце барацьбу супраць тэрарыстычнай групоўкі «Ісламская дзяржава».

«Усе афганцы заслужылі жыць у росквіце, без усялякага страху, — адзначыў дзяржсакратар. — Сядзьце за стол з афганскім урадам і пачніце складаныя перамовы па палітычнай дарожнай карце Афганістана. Калі вы будзеце і далей верныя сваім абавязкам па перамовах, то мы і астатняя міжнародная супольнасць гатовыя падтрымаць гэтыя намаганні».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0