Што добра ў маладым беларускім кіно, дык гэта аўтары, якія не баяцца выказвацца на складаныя і вострыя тэмы.

Кінаальманах «Аб'ектыў_на: Правы дзіцяці» сабраў чатыры кароткаметражныя фільмы, чатыры аўтарскія выказванні беларускіх рэжысёраў на тэму правоў дзяцей. Гісторыі, заснаваныя на жыццёвым досведзе аўтараў і іх блізкіх, падымаюць актуальныя праблемы, якія цікава даследаваць і дарослым, і падлеткам.

Паказы кінаальманаха прайшлі больш як у дзесяці гарадах Беларусі, фільмы ўбачылі больш за тысячу гледачоў. Жыхары сталіцы змогуць паглядзець фільмы і пагутарыць з рэжысёрамі 2-4 сакавіка ў сетцы кінатэатраў Silver Screen.

1. Драма «Ціхая Та»

Рэжысёры: Крысціна Шэндалесава, Віктар Бойка

Кадр з фільма

Кадр з фільма

Чым небяспечны булінг сярод падлеткаў? У першую чаргу, вялікай колькасцю пацярпелых. Ахвяра пакутуе ад гвалту. Агрэсар разбэшчваецца беспакаранасцю і ўмацоўваецца ў дэструктыўных паводзінах, руйнуючы свае шанцы на добрую будучыню. Сведкі булінгу пакутуюць ад бездапаможнасці і страху.

Фільм распавядае гісторыю ціхай і сарамлівай Тасі, для якой распаўсюдзіць квіткі ў тэатр сярод аднакласнікаў становіцца праблемай. Яна пераадольвае сябе, але спроба выйсці на кантакт з аднагодкамі ўскладняецца раскрытым сакрэтам, які захоўваецца ў яе сшытку.

Віктар Бойка, адзін з рэжысёраў фільма:

«Тэма булінгу сярод падлеткаў мне блізкая. Я вучыўся ў дзвюх школах. У першай булінгу падвяргалася дзяўчынка, якая мела некаторыя асаблівасці. І толькі праз 15 гадоў, на сустрэчы выпускнікоў, яе крыўдзіцелі папрасілі прабачэння. У іншай школе булінгу падвяргаўся ціхі сарамлівы хлопец. Пастаянныя абразы, дробныя выспяткі. Так працягвалася дзесьці паўтара года, пакуль аднойчы хлопец не вытрымаў і пусціў у ход кулакі. Дасталася самаму задзірыстаму. Здаецца, пасля гэтага да хлопца больш не лезлі».

Драма «На парозе маўчання»

Рэжысёр: Кірыл Ярохін

Кадр з фільма

Кадр з фільма

Гвалт у сям'і — адна з самых балючых і нязручных тэм. Тэма сэксуальнага гвалту ў дачыненні да дзіцяці табуяваная ўдвая. Такая ўтоенасць заўсёды на руку гвалтаўнікам і ніколі не дапаможа дзіцяці вырвацца з персанальнага пекла.

Фільм распавядае пра дзяўчынку Ксюшу, у чый чорна-белы свет урываецца каханне. Але адначасова з ім і дамаганні айчыма становяцца яшчэ больш настойлівымі. Да якой пары можна трываць гэта, і як знайсці ў сабе мужнасць супрацьстаяць, калі ты ўсяго толькі самотны чалавек у свеце, на самым краі зямлі, у маленькім горадзе, праз які праносяцца хуткія цягнікі?

Кірыл Ярохін, рэжысёр фільма «На парозе маўчання»:

«Мне спадабаўся матэрыял [сцэнар]. Я знайшоў агульныя падыходы са сваім унутраным светам, з нейкімі глыбока экзістэнцыяльнымі і ў той жа час простымі, трагічнымі рэчамі, з якімі можа сутыкацца падлетак».

Драма «Рыба дзён маіх»

Рэжысёры: Дзмітрый Рачкоўскі, Андрэй Крывецкі

Кадр з фільма

Кадр з фільма

Галоўная гераіня, занятая кар'ерай, губляе сувязь са сваёй сям'ёй і не можа знайсці агульнай мовы з сынам. Парушаецца сувязь часоў. Мінулага і сучаснасці. Мовы і традыцый. Яна накшталт рыбы, якая знаходзіцца ў вакууме свайго акварыума.

«Аднойчы ў паліклініцы, стоячы з дзіцём у чарзе, я ўбачыла, як дзеці ад года сядзяць з планшэтамі. Раптам мама забірае ў малога гаджэт, каб зайсці да лекара, і дзіця выбухае ў істэрыцы, патрабуючы неадкладна вярнуць планшэт. Гэта была да жудасці ўражлівая карціна, — распавядае аўтар сцэнарыя «Рыба дзён маіх» Таццяна Бойка. — Дзеці рознага ўзросту паўсюль завісаюць у гаджэтах, усё менш жывога душэўнага паміж дзецьмі і бацькамі. Кожны сам па сабе. Губляецца сувязь пакаленняў, давер. Адбываецца падмена каштоўнасцяў. Дзеці часцей самотныя, нягледзячы на наяўнасць велізарнага кола сяброў па той бок экрана. Дарослым прасцей «адкупіцца» смартфонам, чым пазнаць сваё дзіця. У гэтым і заключаецца трагедыя. Мы не ведаем сваіх дзяцей, дзеці не ведаюць нас. І кожны паасобку не разумее, хто ён і для чаго».

Фільм-прытча праз вобразы звяртаецца да патаемных куткоў у душы гледача і задае пытанні: ці ёсць у сучасных бацькоў кантакт з дзецьмі? Ці ёсць у нас саміх сувязь з каранямі і родам? Дзе месца мінулага ў нашым жыцці?

Антыўтопія «План па дзецях»

Рэжысёр: Яніна Рашчынская

Кадр з фільма

Кадр з фільма

Ці ведаем мы, ці адчуваем, дзе мяжа паміж грамадскім і асабістым, правам і абавязкам, злачынствам і самаабаронай?

Уявіце антыўтапічную будучыню, дзе новыя тэхналогіі пастаўлены на службу дзяржаве N. Уявіце маладую інтэлігентную жанчыну, якая становіцца ахвярай самавольства чыноўнікаў, якія адымаюць у яе сына. Менавіта такая гераіня ў фільме «План па дзецях» адстойвае правы дзіцяці, сутыкаючыся з новай праблемай, якую складана вырашыць.

Нагадваючы, што любая сістэма можа даць збой, антыўтопія працуе як павелічальнае шкло, прапаноўваючы працу нашаму ўяўленню.

Яніна Рашчынская, рэжысёр фільма «План па дзецях»:

«Я абрала менавіта гэтую тэму для фільма не выпадкова. Я не толькі сцэнарыст і рэжысёр, але і мама з 10-гадовым стажам. За гэтыя гады я пераканалася ў тым, што жыццё бацькоў і дзяцей даволі моцна рэгламентавана дзяржавай. Калі ў працэсе выхавання вы выходзіце за рамкі агульнапрынятага канону, то гэта можа быць падставай для пільнай увагі да сям'і і канфіскацыі дзіцяці. У сваім праекце я разглядаю права дзіцяці быць побач са сваімі блізкімі ў якасці аднаго з фундаментальных правоў, якое можа быць аспрэчана толькі ў выключных выпадках».

Фільмы «На парозе маўчання» і «Рыба дзён маіх» былі абраныя для пазаконкурснага паказу Нацыянальнай праграмы Міжнароднага кінафестывалю «Лістапад».

Квіткі на паказ фільмаў 2-4 сакавіка ў сетцы кінатэатраў Silver Screen можна набыць у касе ці на сайце кінатэатра. Кошт квітка: 5 рублёў, паказ 16+.

Прадзюсар, намеснік дырэктара Майстэрні сацыяльнага кіно Варабей Канстанцін:

«На жаль, дзеці, бацькі, настаўнікі і грамадства ў цэлым няшмат рэфлексуюць над гэтымі важнымі праблемамі. Яны не абмяркоўваць, што можна зрабіць, каб змяніць сітуацыю. Калі мы паказвалі гэтыя фільмы ў рэгіёнах, то пасля дарослыя і падлеткі пачыналі нарэшце гаварыць. Гэтыя фільмы цікавыя тым, што яны выклікаюць дыскусію, звяртаюць нашу ўвагу на гэтыя важныя тэмы. І асабліва я адзначыў бы працу аўтараў, якія змаглі данесці свае думкі, назіранні і досвед да гледачоў. Яны зрабілі вялікую і важную працу для ўздымання праблематыкі правоў дзіцяці».

Фільмы былі знятыя ў межах праекта падтрымкі маладых кінематаграфістаў Майстэрні сацыяльнага кіно «Аб'ектыў_на: Правы дзіцяці» пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Каралеўства Нідэрландаў, Дзіцячага Фонду ААН (ЮНІСЕФ).

Праекты былі адабраны праз адкрыты пітчынг у лютым 2019 года і атрымалі тэхнічную падтрымку ад арганізатараў праекта, кампаніі First Rental і кінакампаніі Івана Маслюкова. Партнёр пракату ў Мінску — сетка кінатэатраў Silver Screen.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0