Ганна Канапацкая пацвердзіла, што заплаціла 500 еўра для таго, каб кандыдатка-самавылучэнка Вольга Кавалькова магла ўзяць удзел у праймерыз ад апазіцыі. Пра гэта яна заявіла ў інтэрв’ю «Нашай Ніве».
Справа ў тым, што за партыйных кандыдатаў — Севярынца, Казлова, Губарэвіча і Янукевіча — плацяць іх структуры, а астатнія павінна пералічыць грошы самі.
«Наша Ніва» патэлефанавала Кавальковай, каб спраўдзіць словы Канапацкай, аднак сутыкнуліся з вельмі дзіўнай рэакцыяй. Прыводзім дыялог даслоўна.
«Наша Ніва»: Вольга, у інтэрв’ю «Нашай Ніве» Ганна Канапацкая сказала, што заплаціла за вас 500 еўра для ўдзелу ў праймерыз. Хацелі б спраўдзіць, ці сапраўды гэта так?
Вольга Кавалькова: Давайце мы з Ганнай Анатольеўнай будзем самі вырашаць гэтае пытанне без «Нашай Нівы».
«НН»: Ну яна ж расказала, а чаму вы не можаце?
ВК: Окей, усе пытанні да яе.
«НН»: А вы не можаце адказаць на гэтае пытанне?
ВК: Я вам адказала.
«НН»: Што вы адказалі?
ВК: Што буду вырашаць гэтае пытанне з Ганнай Анатольеўнай, а не з «Нашай Нівай».
«НН»: Чаму вы адмаўляецеся каментаваць?
ВК: Ну я вам сказала, я не буду нічога каментаваць.
«НН»: Не разумею, вы лічыце, што гэта ваша асабістая справа, а не публічная?
ВК: Што не публічная?
«НН»: Гэтыя 500 еўра, якія за вас заплаціла Канапацкая.
ВК: За мяне ніхто не плаціў, давайце так.
«НН»: То-бок Канапацкая хлусіць?
ВК: Гэта ваша сцверджанне.
«НН»: Можна ставіць навіну: «Вольга Кавалькова: Канапацкая за мяне не плаціла»?
ВК: Як хочаце, стаўце. Але вы маніпулюеце маімі словамі.
«НН»: Я ўсяго толькі прашу ў вас каментар.
ВК: Вы зараз хочаце са мной дыялогу ці чаго?
«НН»: Я хачу каментар. Вы ж спрабуеце зрабіць выгляд, што гэта ваша асабістая справа, а гэта абсалютна не так — гэта публічная справа.
ВК: Чаму вы ацэньваеце, што ёсць публічным, а што непублічным?
«НН»: Па-першае, бо праймерыз — гэта публічная з’ява; па-другое, таму што Канапацкая расказала пра гэта публічна. Таму гэта не можа заставацца вашай прыватнай справай.
ВК: А мне трэба вам даць спіс людзей, можа, якія ахвяравалі грошы?
«НН»: Не трэба. У мяне канкрэтнае пытанне: Канапацкая вам давала 500 еўра ці не?
ВК: Вы як задавалі пытанне, так свае і мае словы і працытуйце, як запісана на дыктафоне.
«НН»: Яшчэ раз: вы адмаўляецеся каментаваць?
ВК: Праслухайце, як запісана на вашым дыктафоне.
«НН»: Вам сорамна, што Канапацкая за вас заплаціла?
ВК: Канапацкая за мяне не плаціла. Паслухайце, калі ласка, яшчэ раз дыктафонны запіс і дайце ўсё дакладна, як у гэтым запісу.
«НН»: Цытую словы Канапацкай. «НН»: Дарэчы, вы былі гатовыя закінуць 500 еўра за кандыдацтва Кавальковай. Зрабілі гэта? Ганна Канапацкая: Так. «НН»: Чаму менавіта за Кавалькову? ГК: Бо з іншых больш ніхто не прасіў».
ВК: А я хіба прасіла ў Канапацкай грошай?
«НН»: Адзінае, што я прашу, — пракаментаваць словы Канапацкай. Гэта праўда ці не?
ВК: Я вам пракаментавала. Вам што, недастаткова гэтай фразы, каб паставіць яе ў галоўнае, што Канапацкая за мяне не плаціла.
«НН»: Яшчэ раз удакладню: Канапацкая хлусіць?
ВК: Гэта ваша сцверджанне.
«НН»: Гэта не сцверджанне, а пытанне.
ВК: Як вы фармулюеце пытанні, гэтак я і адказваю. Вы задалі пытанне, ці плаціла Канапацкая за мяне і мой удзел у кампаніі, і мой адказ: «Не, не плаціла».
«НН»: А за што яна вам дала 500 еўра?
ВК: Каму дала?
«НН»: Вам.
ВК: Я прашу вас паставіць той каментар, які я вам ужо дала.
«НН»: Чаму вы выкручваецеся зараз?
ВК: Гэта вы выкручваецеся.
«НН»: Калі б мне далі 500 еўра, то я б сказаў, што мне далі 500 еўра.
ВК: Так, як навіну дала «Наша Ніва», выглядае, што я прыйшла нібыта да Канапацкай прасіць у яе грошы.
«НН»: Таму я вам і тэлефаную, каб вы маглі расказаць, як усё было насамрэч.
ВК: Я не прасіла Канапацкую ні пра якія грошы, я прасіла аб падтрымцы ў беларусаў. І той, хто пералічыў нейкія грошы, я ім падзякавала.
«НН»: Сярод гэтых пераводаў былі 500 еўра ад Канапацкай?
ВК: А хто гэта быў: Канапацкая, Іваноў ці Пятроў — гэта няважна. І калі «Наша Ніва» задае пытанне, а Ганна Анатольеўна адказвае, што ледзь не праплаціла мой удзел, то гэта хлусня. Кожны дзейнічае ад сябе асабіста, калі б Вольга Кавалькова захацела пералічыць камусьці грошы на ўдзел у праймерыз, то гэта было б маё асабістае жаданне, а не так, як камусьці хочацца гэта паднесці.
«НН»: Гэта ж было ў каментарах у фэйсбуку. Вы абвясцілі збор сродкаў, а Канапацкая прапанавала аплаціць усю суму. Мы спыталі ў Канапацкай, яна пацвердзіла, цяпер пытаемся ў вас.
ВК: Там не так! Там не так!
«НН»: [Зноў цытуем той самы ўрывак з інтэрв’ю Канапацкай].
ВК: А я ў Канапацкай таксама не прасіла. Вы кажаце, што гэта публічнае пытанне, просіце каментар. Я кажу, калі ёсць пытанне, то задавайце яго Канапацкай, калі вас гэты адказ не задавальняе.
«НН»: Мы звярталіся да Канапацкай, яна гэта пацвердзіла. Цяпер просім вас.
ВК: Гэта выглядае так, што больш ніхто не прасіў. Дык я таксама ў Канапацкай не прасіла, вось і ўсё. Я не прасіла ніводнага канкрэтнага чалавека дапамагчы: гэта было асабістае жаданне Ганны Канапацкай, вось і ўсё. І я не скажу, хто яшчэ падтрымаў кампаніі.
«НН»: Я не прашу сказаць, хто яшчэ.
ВК: А можа, іншыя людзі вас бы таксама зацікавілі?
«НН»: Можа быць, але тут ёсць канкрэтныя словы Канапацкай, што яна закінула за ваша кандыдацтва 500 еўра.
ВК: А вы не думаеце, калі яна нават закінула гэтыя грошы, то на праймерыз пайшлі мае асабістыя сродкі?
«НН»: Тады выходзіць, што 500 еўра Канапацкай вы забралі на свае асабістыя патрэбы?
ВК: Якія асабістыя патрэбы?
«НН»: Дык калі вы кажаце, што маглі сваімі сродкамі заплаціць за праймерыз, то куды пайшлі 500 еўра ад Канапацкай?
ВК: Паслухайце, мае дарагія журналісты, у вас не атрымаецца маніпуляваць. Я вам скажу, што ахвяравала не толькі Канапацкая, але вы не пытаецеся, хто яшчэ ахвяраваў, колькі.
«НН»: Таму што публічна больш ніхто не казаў, Канапацкая сказала, што ахвяравала вам 500 еўра. Гэта праўда?
ВК: Яна ахвяравала, але яна не плаціла за мой удзел у праймерыз.
«НН»: Яна тады ахвяравала вам на асабістае жыццё?
ВК: Я не ведаю. Калі я абвяшчаю збор сродкаў публічна на кампанію… Мне не падабаецца такое маніпуляванне і такі адказ Ганны Анатольеўны, што яна заплаціла [за Кавалькову — «НН»], бо ніхто іншы не прасіў.
«НН»: Вольга, я ўжо колькі часу вас прашу расказаць, як усё было насамрэч, а вы ўпарта спрабуеце не расказваць.
ВК: Мне не хочацца, каб такія рэчы выкарыстоўваліся, як гэта робіць Ганна Канапацкая. Калі ты даеш такі каментар, то павінна быць адказнасць. Калі мае сябры збіраюць грошы мне і кажуць: «Вазьмі, Оля», то што, кожны з іх павінен пісаць у фэйсбуку, што даў мне грошы?
«НН»: Яны такія людзі, а Канапацкая — іншая. Яна сказала. Вы маглі такога чакаць.
ВК: Слухайце, калі чалавек ахвяруе… Я не звярталася да Канапацкай з канкрэтнай просьбай: «Ганна Анатольеўна, заплаціце за мой удзел». А тое, што яна хацела дапамагчы, то я не магу кіраваць яе ўнутранымі жаданнямі. Калі яна кажа, што ніхто іншы не звяртаўся, то гэта маніпуляцыя, я таксама не звярталася.
«НН»: Прабачце, ну там жа з фармулёўкі не вынікае, што вы звярталіся асабіста да яе. Вы ж у фэйсбуку звярталіся.
ВК: Проста выглядае, што я прашу кагосьці, а гэта не так. Выглядае непрыгожа. Я з Канапацкай працавала разам 3-4 гады, распрацоўвала законапраекты, дапамагала ёй у працы і не атрымлівала за гэта ніякіх грошай. Яна за мой удзел у праймерыз не плаціла. Дапамогу можна атрымаць ад каго заўгодна. Кампанія любога кандыдата каштуе, на жаль, не 500 еўра. Гэта каштуе нашмат большых грошай.
«НН»: А колькі вам пералічылі агулам на кампанію?
ВК: Я не буду гэта каментаваць.
«НН»: Гэта закрытая тэма?
ВК: Гэта не закрытая тэма.
«НН»: Ну вы ж публічна абвяшчаеце пра збор сродкаў, а чаму публічна не сказаць, колькі вам перавялі?
ВК: Можа быць, гэта маё рашэнне, я не хачу казаць.
«НН»: Калі чыноўнікі не абвяшчаюць, за якія яны грошы будуюць катэджы ў Драздах, вам не падабаецца, а калі вы не кажаце, колькі атрымалі на кампанію, то гэта нармальна?
ВК: Калі яны будуюць дамы за свае грошы, то мяне гэта не хвалюе. Калі ж яны будуюцца за грошы падаткаплацельшчыкаў, тады мяне хвалюе.
«НН»: А ў гэтым выпадку гаворка пра вашы асабістыя грошы, таму вы нічога не кажаце?
ВК: Дзе мае асабістыя грошы? Я ўкладаю ў кампанію сваіх сродкаў нашмат болей, чым мне перавялі.
«НН»: Колькі вам перавялі грошай, вы можаце адказаць?
ВК: Я не магу адказаць.
«НН»: Чаму?
ВК: Бо я не ведаю.
***
Пасля размовы з карэспандэнтам «НН» Вольга Кавалькова апублікавала такі допіс у фэйсбуку:
«Я ўдзячна ўсім, хто ўжо ахвяраваў сродкі і падтрымаў мяне, дзякую за давер. За папярэдні месяц сабрана 3200 рублёў. Самае буйное разавае ахвяраванне склала 500 рублёў. Спісы ўсіх ахвярадаўцаў будуць апублікаваныя пасля маёй перамогі [на выбарах] прэзідэнта Беларусі».





