Сышчыкі Ждановіцкага аддзела міліцыі раскрылі буйны крадзеж грошай у адной з кур'ерскіх кампаній. Пад падазрэннем — 35-гадовы жыхар Мінскага раёна, які працаваў там грузчыкам, паведамляе прэс-служба МУС.
Некалькі дзён таму да аператыўнікаў звярнуўся дырэктар «дастаўкі», які паведаміў пра крадзеж з сейфа фірмы больш за 20 тысяч рублёў. З яго слоў, сродкі зніклі ў два этапы: у канцы мінулага года знікла каля 7 тысяч, а ў пачатку гэтага — каля 13 тысяч. Тым не менш, па дапамогу да праваахоўнікаў кіраўнік звярнуўся толькі пасля другога факта.
Першапачаткова ён сам спрабаваў вылічыць злодзея. Тады падазрэнні ўпалі на грузчыка прадпрыемства, але яго датычнасць да злачынства дырэктар даказаць не змог. Пасля чарговага крадзяжу падключыліся сышчыкі.
Яны высветлілі, што мужчына ведаў аб рэжыме работы склада, а таксама пра наяўнасць у сейфе выручкі, якую рэгулярна прывозілі кіроўцы па вяртанні з рэйсаў.
Па словах аператыўнікаў, у адзін з выхадных дзён лістапада грузчыкам даручылі займацца гаспадарчымі работамі на складзе. Пры гэтым уручылі звязку ключоў, у тым ліку ад сейфа з грашыма. Карыстаючыся адсутнасцю калегаў на працы, мужчына скраў гатоўку. Падобны шанец больш не выпаў, таму ў другі раз падазраваны краў грошы, калі іншыя работнікі рабілі розныя справы і пакідалі сейф па-за ўвагай.
Малады чалавек даваў супярэчлівыя паказанні, у тым ліку наконт з'яўлення ў яго буйной сумы грошай. Гэтая акалічнасць, а таксама вывучэнне запісаў з камер відэаназірання і паказанні іншых відавочцаў пацвердзілі яго дачыненне да крадзяжу.
У выніку падазраваны прызнаўся ва ўсім і распавёў, што патраціў усю суму на асабістыя патрэбы і ігральныя ўстановы. Зараз вясковец знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання.
Вядома, што раней мужчына прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за рабаванне.





