Амерыканская адміністрацыя разглядае магчымасць увядзення дадатковых абмежаванняў на ўезд у краіну ў сувязі з распаўсюдам каранавіруса. Пра гэта паведаміў у панядзелак журналістам прэзідэнт ЗША Дональд Трамп на сустрэчы з прадстаўнікамі фармацэўтычных кампаній у Белым доме, піша ТАСС.
«Так, мы разглядаем», — сказаў ён, адказваючы на адпаведнае пытанне. «Гэта тычыцца пэўных краін, дзе назіраецца больш рэзкі рост (выпадкаў заражэння)», — растлумачыў амерыканскі лідар. Ён не ўдакладніў, пра якія менавіта краіны ідзе гаворка.
Трамп таксама не выключыў у будучыні магчымасць увядзення агульнанацыянальнага рэжыму надзвычайнага становішча ў ЗША з-за каранавіруса, аднак, паводле яго слоў, цяпер у гэтым няма неабходнасці.
«Я не думаю, што нам трэба гэта, бо я сапраўды думаю, што мы ў вельмі добрым становішчы. Мы гатовыя да ўсяго. Мы заўсёды зможам зрабіць гэта пазней, але я не думаю, што нам трэба гэта на дадзеным этапе», — адзначыў ён.





