Чытайце таксама: Катаклізм надзвычайнай сілы страсянуў космас. Такога не было з часоў Вялікага выбуху

Так, два дні таму многія СМІ абляцела навіна, што астраномы знайшлі ў космасе сляды жудаснага выбуху, калі ўзрываліся «20 мільярдаў выбухаў мільярдаў мегатон выбухоўкі кожную тысячную долю секунды, і так на працягу 240 млн гадоў без перапынку». Лічбы сапраўды страшныя, і яны ўражваюць, але не варта панікаваць: гэтая навіна — прыклад чарговага перабольшвання журналістамі пры перадрукоўцы адзін у аднаго.

Па-першае, у астраноміі вялікія лічбы спрэс і паўсюль. На тым жа Сонцы кожную секунду вылучаецца энергія, эквівалентная ста мільярдам мегатон траціла, і гэта нікога не палохае. А па-другое, падобныя катастрафічныя з'явы астраномам даўно вядомыя. І атрымалі назву «актыўныя ядры галактык», або, што практычна адно і тое ж, «квазары».

Справа ў тым, што ў цэнтрах вялікіх галактык практычна заўсёды прысутнічаюць звышмасіўныя чорныя дзіры. Гэта не тыя чорныя дзіры, якія застаюцца пасля гібелі масіўных зорак, а нашмат большыя. Напрыклад, тая, што знаходзіцца ў цэнтры нашай Галактыкі, у 4 мільёны разоў цяжэйшая за Сонца. Утварыліся яны на самых ранніх этапах фарміравання галактык, калі ў іх цэнтрах было так шмат рэчыва (і, адпаведна, такая высокая шчыльнасць), што яно проста схлопвалася ў чорную дзіру.

Затым навакольны газ з радасцю пачынаў падаць на гэтую дзіру, і тут пачыналася самае цікавае. Маса гэтага аб'екта вялікая, памеры — зусім малыя па касмічных мерках. У выніку гравітацыйнае поле каля чорнай дзіры настолькі моцнае, што разганяе газ да фантастычных хуткасцяў. Ён разганяецца да каласальнай хуткасці, утварае акрэцыйны дыск вакол чорнай дзіры і паціху падае на яе. Пры гэтым газ пачынае настолькі ярка свяціцца, што магутнасць свячэння з наваколля чорнай дзіры можа перавысіць свяцільнасць усёй галактыкі (на хвіліначку, сотня мільярдаў сонцаў!). Квазар быў некалі і ў нашай галактыцы, і ў суседніх, але цяпер нашы чорныя дзіры паводзяць сябе вельмі спакойна, бо практычна ўсё, што можна было з'есці, ужо з'елі. Квазары мы можам назіраць толькі на ўскрайку бачнай часткі Сусвету, бо там мы бачым галактыкі яшчэ вельмі маладымі, калі гэтыя драматычныя падзеі і разгортваліся.

Можа падацца, што квазары — гэта проста такія машыны смерці, самыя страшныя забойцы ў Сусвеце. На самай справе, яны адначасова з'яўляліся і крыніцай жыцця. Магутнае выпраменьванне квазара выштурхоўвала газ з цэнтра галактыкі, магутная ўдарная хваля кацілася праз яе дыск і прыводзіла да ўспышкі нараджэння мільярдаў зорак. Многія з іх фактычна былі абавязаныя сваім жыццём чорнай дзіры.

Але бываюць чорныя дзіры і не на мільёны сонечных мас, а нашмат цяжэйшыя. Вядомыя на сёння рэкардсмены маюць масу ў 10 мільярдаў мас Сонца. Яны ў свой час станавіліся настолькі магутнымі квазарамі, што сваім выпраменьваннем фактычна «выдзьмувалі» гіганцкую бурбалку вакол сябе, дзе маглі б змясціцца некалькі галактык.

Вось такая супер-пупер чорная дзіра апынулася і ў звышскопішчы галактык у Змеяносцы, пра якое так актыўна ўсе пісалі. Адкрылі «бурбалку» ад яе яшчэ ў 2016 годзе, але гіпотэза аб уплыве актыўнага ядра галактыкі знайшла канчатковае пацвярджэнне толькі зараз. З аднаго боку, сапраўды, гэта самая актыўная галактычная чорная дзіра (у мінулым), якую мы ведаем на сёння. Але з іншага боку, колькасць вылучанай энергіі там толькі ў некалькі разоў пераўзыходзіць іншых вядомых рэкардсменаў. Таму вялікай сенсацыі няма, можна расходзіцца.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру