СК

СК

Галоўным следчым упраўленнем СК завершана расследаванне крымінальнай справы аб выбухах салютных установак 3 ліпеня 2019 года ў Мінску, паведамляе прэс-служба ведамства.

Устаноўлена, што напярэдадні правядзення салюту супрацоўнікі Мінскай ваеннай камендатуры выявілі неадпаведнасць большай часткі піратэхнічных вырабаў калібра 195 мм, што прызначаліся для святочнага салюту, нарматыўна-тэхнічнай дакументацыі.

Закупленая ў расійскай кампаніі піратэхніка мела брак, дапушчаны на прадпрыемстве-вытворцы. Так, дыяметр (калібр) вырабаў перавышаў норму, што не дазваляла зарадзіць іх у ствалы салютных установак у штатным парадку. Яны падлягалі безумоўнай адбракоўцы і не маглі бяспечна выкарыстоўвацца пры правядзенні салюту. Па ўзгадненні з камендатурай для выпраўлення на месцы выяўленых дэфектаў і замены бракаваных вырабаў у Мінск прыбылі два інжынеры прадпрыемства-вытворцы.

Як зазначае СК, у працэсе зараджання салютных установак феерверачнымі вырабамі гэтыя людзі разам з камандзірам роты Мінскай ваеннай камендатуры дапрацоўвалі іх шляхам унясення зменаў (памяншэнне дыяметра шляхам механічнага ўздзеяння), што не прадугледжана інструкцыяй па эксплуатацыі, нарматыўнай і тэхнічнай дакументацыяй. Такія змены прыводзілі вырабы ў небяспечны для выкарыстання стан, што пацвярджаецца вынікамі экспертных даследаванняў і следчага эксперыменту.

 У восем салютных установак зараджана 480 феерверачных вырабаў калібра 195 мм, больш за 190 з якіх па вышэйапісаных прычынах не маглі быць выкарыстаны для бяспечнага правядзення салюту.

З прычыны дапушчаных парушэнняў пры правядзенні салюту адбыліся няштатныя сітуацыі: выбухі вырабаў на нізкай вышыні і ў ствалах марцір, у выніку якіх адзін чалавек загінуў, яшчэ адзінаццаць пацярпелі. Шкода маёмасці фізічных і юрыдычных асоб ацэнена ў 740 тысяч беларускіх рублёў.

Па выніках расследавання двум супрацоўнікам прадпрыемства-вытворцы феерверачных вырабаў прад'яўленае абвінавачванне па ч. 2 арт. 299 (парушэнне правілаў абыходжання з піратэхнічнымі вырабамі, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека і прычыненне шкоды ў буйным памеры) Крымінальнага кодэкса.

Дзеянні камандзіра роты Мінскай ваеннай камендатуры кваліфікаваныя следствам па ч. 2 арт. 463 (парушэнне правілаў абыходжання з прадметамі, якія ўяўляюць павышаную небяспеку для навакольных, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека і прычыненне шкоды ў асабліва буйным памеры) Крымінальнага кодэкса.

Расследаванне справы завершанае, матэрыялы перададзеныя пракурору для накіравання ў суд.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0