Фота Ірыны Арахоўскай
Нацыянальны банк Беларусі (НББ) прапанаваў камерцыйным банкам увесці ў абавязковую камунікацыю з кліентамі беларускую мову, у тым ліку забяспечыць беларускамоўныя версіі сайтаў і мабільных дадаткаў, піша Interfax.by
«У Нацбанк паступаюць звароты грамадзян з просьбай забяспечыць захаванне іх правоў у выбары мовы пры ажыццяўленні банкаўскага абслугоўвання. Так, у прыватнасці, беларускамоўныя грамадзяне просяць выкарыстоўваць беларускую мову нароўні з рускай мовай пры інфармаванні і прадастаўленні банкаўскай супольнасцю фінансавых паслуг насельніцтву», — гаворыцца ў лісце Асацыяцыі беларускіх банкаў (АББ) на адрас банкаў, тэкстам якога валодае агенцтва.
У сувязі з гэтым Нацбанк звярнуўся ў АББ. Рэгулятар просіць банкаўскую супольнасць разгледзець магчымасць «дапрацоўкі інтэрфэйса, які выкарыстоўваецца ў банкаматах і інфакіёсках на тэрыторыі краіны, мабільнага банкінгу і інтэрнэт-банкінгу з мэтай адлюстравання адпаведнай інфармацыі ў тым ліку на беларускай мове».
Таксама банкам прапануецца «разгледзець магчымасць забеспячэння працы беларускамоўнай версіі афіцыйнага сайта банка, нябанкаўскай крэдытна-фінансавай арганізацыі ў інтэрнэце і афармлення па патрабаванні кліента на беларускай мове звязаных з банкаўскім абслугоўваннем дакументаў, уключаючы дамовы».
АББ запытала ў банкаў меркаванне.





