13-гадовы школьнік Калум Мэнінг з горада Саўт-Шылдс на паўночным усходзе Англіі вельмі любіць чытаць. Ён завёў сабе інстаграм-акаўнт, у якім піша міні-агляды на прачытаныя кнігі — у тым ліку, на раманы Джэйн Осцін, Джорджа Оруэла і Фёдара Дастаеўскага, а таксама на звышпапулярныя эпапеі «Гары Потэр» і «Песня лёду і агню», паведамляе BBC.
Нягледзячы на відавочную бяскрыўднасць яго старонкі, яму дасталося ад аднакласнікаў у новай школе, куды ён нядаўна перайшоў. Школьнікі сталі цкаваць яго ў закрытым чаце, у якім Калум мог толькі чытаць паведамленні, але не ўдзельнічаць у дыскусіі.
На абарону Калума стала яго старэйшая сястра — у выхадныя яна напісала твіт падтрымкі, пасля чаго хлопчыку сталі слаць словы падтрымкі вядомыя людзі, у тым ліку аўтары, чые кнігі юны Мэнінг так любіць чытаць.
24-гадовая сястра школьніка Эліс Ландрэт знервавалася, што яе брата затролілі.
Яе твіт хутка стаў вірусным і прыцягнуў увагу букіністаў, пісьменнікаў і кнігагандляроў.
Маці Калума Карла Ландрэт сказала, што яе сын быў вельмі засмучаны, чытаючы паведамленні ў школьным чаце, але словы ад вядомых людзей вельмі яму дапамаглі.
За некалькі дзён колькасць падпісчыкаў акаўнта Калума ўзляцела з 39 чалавек да 328 тысяч.





