25-гадовага Станіслава Іванаўскаса затрымалі 4 сакавіка. Падазраюць, што гэта ён быў тым серыйным рабаўніком банкаў у Гомельскім раёне.

«10 студзеня невядомы пад пагрозай прадмета, падобнага да пісталета, завалодаў буйной сумай грошай у аддзяленні банка, размешчаным у пасёлку Бальшавік Гомельскага раёна.

Амаль праз два месяцы, 2 сакавіка, зноў была здзейснена спроба завалодаць наяўнымі, але ўжо ў іншым аддзяленні, якое знаходзіцца ў аграгарадку Бабовічы. Дзякуючы смеласці і спакою банкаўскага работніка забраць грошы ў другі раз не ўдалося», — паведаміла міліцыя.

Нападніка ўсё ж вылічылі і затрымалі.

Відэа затрымання падазраванага

Пра хлопца вядома няшмат. Як піша тэлеграм-канал «Папаратар», Станіслаў скончыў Гомельскі будаўнічы каледж, пасля адпрацаваў у будаўніча-мантажным трэсце №27 пару гадоў. Затым трохі працаваў у прадпрыемстве «Гомельаблгаз».

Па інфармацыі «НН», Станіслаў таксама вучыўся завочна ў Беларускім дзяржаўным ўніверсітэце транспарту на факультэце «прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва». Жанаты, апошнім часам спрабаваў зарабляць продажам саджанцаў разам са знаёмым («Наша Ніва» звязалася з гэтым хлопцам, але ён адмовіўся ад каментароў).

Гаварыць пра Станіслава не захацелі ні яго бацька, ні жонка.

Цяпер хлопец пад вартай. Яму пагражае ад 6 да 15 гадоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0