Першы выезд дэмакратычных актывістаў у рэгіёны скончаны. У шасці гарадах Віцебскай вобласці ўдзел у галасаванні ўзялі 237 чалавек. Пакуль ўпэўненую перавагу трымае Павел Севярынец. За сустаршыню БХД аддалі галасы 63% чалавек. На другім месцы лідар Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч. Яго падтрымка ўтрая меншая: 21% галасоў.

«Наша Ніва» спытала Юрася Губарэвіч, ці бачыць ён перспектывы перамогі ў праймерыз падчас паездак па рэгіёнах.

«Натуральна, што план даганяць Севярынца ёсць. Паглядзім, што будзе ў іншых абласцях. Вядома, што Віцебская вобласць — гэта радзіма Севярынца.

Плюс да ўсяго менавіта Павел настаяў на трох гарадах з першай паездкі, калі фарміраваўся графік.

У кожнай структуры была магчымасць назваць свой спіс гарадоў, а потым усё міксавалася. І праз лёсаванне атрымалася, што першая паездка будзе якраз у гэтыя гарады.

Паглядзім, што будзе далей. У Руху «За Свабоду» ёсць някепскія пазіцыі на Брэстчыне, у шэрагу гарадоў на Магілёўшчыне, вялікі разлік на Мінск.

Я акцэнтаваў увагу на іншым моманце. Я разлічваю на тое, што на праймерыз пачнуць прыходзіць людзі па-за партыйных структур, якія будуць рабіць свой выбар на месцы. На апошняй сустрэчы я спытаў у людзей, хто прыйшоў, не зрабіўшы выбар папярэдне. Рукі паднялі чацвёра чалавек, менавіта да іх я апеляваў падчас сустрэчы.

Чаму гэта важна для мяне? Бо людзі павінны ўсведамляць, што тыя стратэгіі, за якія яны галасуюць, павінны быць ажыццёўленыя. У адной са стратэгій [Паўла Севярынца — «НН»] гаворыцца аб тым, што некалькі месяцаў давядзецца выводзіць людзей на вуліцы пад лозунгам «Ярмошыну ў адстаўку».

У Наваполацку і ў Шаркаўшчыне я спытаў у людзей, ці здольныя яны будуць вывесці суседзяў на такую акцыю? У Наваполацку паднялі рукі менш за дзясятак чалавек, а ў Шаркаўшчыне ўвогуле ніхто. Вось і ўсё. Гэта ўтопія.

Ці будуць незаангражаваныя людзі хадзіць на праймерыз? Залежыць ад паводзінаў улады. Бачыце, у Гарадку было 8 чалавек, а потым ужо ў меншых гарадах насельніцтвам па 6-8 тысяч прыходзіла па 20 чалавек. На самай першай сустрэчы людзі прыглядаліся, бо з нашай уладай можна чакаць, што цябе арыштуюць за несанкцыянаванае мерапрыемства. Калі сур’ёзных перашкодаў не будзе, то людзі павінны падцягнуцца», — мяркуе Юрась Губарэвіч.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру