Гераіня «Ундзіны» адначасова і русалка, і сучасная жанчына. Яна знаёміцца з новым мужчынам, калі на іх перакульваецца акварыум. Ён выявіўся прамысловым вадалазам…

Вядоўца легендарнай тэлепраграмы Сяргей Філімонаў пабываў на юбілейным «Берлінале». Фестываль і пасля змены дырэктара застаецца вельмі левы — у палітычным сэнсе гэтага слова.

«Берлінале» распачаўся ў 1950 годзе. Да новага тысячагоддзя цэнтральнай пляцоўкай фестывалю быў кінатэатр «Zoo Palast».

На пачатак нулявых «Берлінале» пераехаў у адмысловы Цэнтр на Патсдамерпляц.

Ад пачатку нулявых дырэктарам фестывалю стаў Дытэр Козлік, які паступова змясціў акцэнты. Замест мэйнстрымавых фільмаў тут сталі паказваць стужкі вытворчасці малых краін ці фільмы з палітычным зместам.

Напрыканцы 2017-га некаторыя грамадскія дзеячы нават напісалі адкрыты ліст канцлеру і міністру культуры Нямеччыны з патрабаваннем зняць Козліка з пасады. Урэшце ў 2020-м фестываль узначаліў новы дырэктар — Карла Шатрыян. Што змянілася?

Дэсант «Відзьмо-невідзьмо» прыязджае на «Берлінале» час ад часу яшчэ з канца 90-х, а сёлета прысутнічаў на фестывалі цягам чатырох апошніх дзён яго працы. Мы сустракаліся са старымі сябрамі, кіназнаўцамі з Масквы і Пецярбурга, абмяркоўвалі фільмы, штосьці глядзелі разам.

І ўсе моцна здзівіліся, што галоўны прыз — «Залаты мядзведзь» — журы на чале з Джэрэмі Айрансам прысудзіла іранскаму рэжысёру Мухамеду Расулаву за фільм-памфлет «Зла не існуе!».

Рэжысёр цяпер асуджаны, невыязны з Ірана.

Журы аддало гэтай небясспрэчнай (камусьці яна пакажацца прымітыўнай агіткай) карціне перавагу і перад скандальным расійскім сэкс-эксперыментам («Дау. Наташа» Хржаноўскага), і перад «кітайскімі котачкамі» («Жанчына, якая збегла» рэжысёра Хон Сан Су, Паўднёвая Карэя).

Карацей, ізноў на гэтым фестывалі перамагла палітыка. 

А вось якія фільмы сталі фаварытамі крытыкаў.

«Жанчына, якая збегла» (Паўднёвая Карэя, рэж. Хон Сан Су)

Шчырыя размовы сябровак-алкагалічак на тэму: дзе адшукаць добрага мужыка? Можа, коцікі больш прывабныя за тых мужыкоў?

«Ніколі, рэдка, час ад часу, заўжды» (ЗША, рэж. Эліза Кітмэн)

Фільм, які перамог на фестывалі амерыканскага незалежнага кіно «Сандэнс». Гэта гісторыя пра сябровак, якія паехалі з глыбінкі, дзе аборты забароненыя, у Нью-Ёрк з мэтай ажыццявіць свой план. Яны ўсюды цягаюць за сабой велізарную валізку, якая нібы сімвалізуе іхную праблему.

Скандал Берлінале: «Дау. Наташа» (Ілля Хржаноўскі)

Здымкі ДАУ-праекта доўжыліся 3 гады, знялі матэрыял на 700 гадзін, мантаж — 8 гадоў. Змантавалі некалькі фільмаў з рознымі сюжэтамі. У Расіі ўсё гэта забаронена. Для «Берлінале» абралі дзве стужкі. Журы адзначыла працу аператара Юргена Юргеса. Жорсткасць, сэкс, пакуты персанажаў за сталінскімі кратамі, іншыя рызыкоўныя матэрыялы. Магчыма, што гэты рэжысёр змантуе са сваёй сыравіны яшчэ некалькі новых фільмаў.

Што спадабалася яшчэ? «Ундзіна»

Гэта загадкавая і сімвалічная драма, якую зняў патрыярх нямецкага арт-хауснага кіно Крысціян Пэтцальд. Гераіня стужкі адначасова і нібы русалка, і сучасная жанчына. Вада для яе з'яўляецца нейкім сімвалам. Яна знаёміцца з новым мужчынам, калі на іх перакульваецца акварыум. Ён выявіўся прамысловым вадалазам. Але ў выніку няшчаснага падводнага здарэння ён не патануў, але зрабіўся амаль раслінай.

Заблытаны драматычны малюнак, эксперыменты, флэшбэкі — усё гэта робіць «Ундзіну» незвычайнай. Мой фаварыт з ліку таго, што атрымалася паглядзець.

Беларускія грошы, паводле сцверджанняў шэрагу адмыслоўцаў, удзельнічалі ў здымках міжнароднага кінапраекта «Урокі фарсі» (рэж. Вадзім Перэльман). Адзін габрэй выдае сябе ў канцлагеры за перса. Да яго звяртаюцца з прапановай навучыць кагосьці мове фарсі. Ён вымушаны выдумаць мову, якой не існуе…

І гэта яшчэ не ўсё цікавае з розных праграм фестывалю. 

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру