Ні адзін з чатырох абвінавачаных па справе аб катастрофе «Боінга» «Малайзійскіх авіяліній» над Данбасам не з'явіўся ў судзе Нідэрландаў. Гэта канстатаваў на працэсе, які адкрыўся 9 сакавіка, галоўны суддзя Хендрык Стэнхёйс. Пра ход справы інфармуе «Радыё Свабода». 

Абвінавачанні па справе аб катастрофе «Боінга», ахвярамі якой 17 ліпеня 2014 года сталі 298 чалавек, прад'яўленыя тром грамадзянам Расіі — гэта Ігар Гіркін (Стралкоў), Сяргей Дубінскі (пазыўны Хмурны), Алег Пулатаў (пазыўны Гюрза) і аднаму грамадзяніну Украіны — Леаніду Харчанку (пазыўны Крот). Усе яны мелі дачыненне да сепаратыстаў на Данбасе, якіх падтрымлівае Расія.

Як канстатаваў суддзя, на працэсе прадстаўлены толькі Пулатаў. Яго прадстаўляюць двое адвакатаў з Нідэрландаў, а таксама расійскі юрыст Алена Куціна, якая па нідэрландскім заканадаўстве не мае права выступаць у судзе.

Астатнія трое абвінавачаных не прадстаўлены адвакатамі і не з'явіліся ў суд асабіста. Суддзя падрабязна апісаў, якія спробы прадпрымаліся для таго, каб даставіць абвінавачаным позвы ў суд. Паводле яго слоў, ім адпраўляліся як афіцыйныя позвы, так і паведамленні з дапамогай сацсетак і электроннай пошты. Абвінавачаныя, аднак, адмовіліся з'явіцца ў суд ці не выйшлі з судом на сувязь.

Міжнародная следчая група, якая расследавала катастрофу «Боінга», прыйшла да высновы, што ён быў збіты з устаноўкі «Бук», якая прыбыла на ўсход Украіны з расійскай вайсковай часткі. Стралкоў у момант катастрофы быў камандуючым сіламі сепаратыстаў. Дубінскі быў яго падначаленым і ўзначальваў разведку. Следства лічыць, што менавіта ён запытваў дастаўку «Бука». Пулатаў і Харчанка, як лічыць следства, маюць дачыненне да перапраўкі «Бука» ў Данбас.

У абвінаваўчым заключэнні, абнародаваным на сайце нідэрландскай пракуратуры, змяшчаюцца два абвінавачанні — ва ўласна знішчэнні самалёта і ў забойстве. У дакуменце змяшчаецца сцверджанне пра тое, што абвінавачаныя (асабіста або апасродкавана) спрыялі таму, што ва Украіну быў дастаўлены расійскі «Бук» з персаналам, які яго абслугоўваў. Пры гэтым імёны людзей, якія складалі каманду «Бука», не названыя.

Выступаючы ў судзе, прадстаўнік абвінавачвання заявіў, што расследаванне працягваецца і следчыя спрабуюць высветліць асобы экіпажа «Бука».

Чацвёра абвінавачаных, на думку следства, адыгралі ключавую ролю ў аперацыі з «Букам», хоць, як заявіў пракурор, «кпопку націскалі не яны, а экіпаж».

Пракурор таксама заявіў, што сведкі абвінавачвання застануцца засакрэчанымі, паколькі асцерагаюцца пераследу з боку Расіі і сепаратыстаў.

Трое з чацвярых абвінавачаных, з кім удалося звязацца журналістам, — Стралкоў, Дубінскі і Пулатаў — адмаўляюць сваю віну. Расійскія ўлады адмаўляюць дачыненне Расіі да збіцця «Боінга», у той час як Нідэрланды і Аўстралія раней заклікалі Маскву прызнаць сваю адказнасць.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру