usk.by

usk.by

Суд Цэнтральнага раёна Мінска 6 сакавіка прыгаварыў да двух гадоў «хіміі» аматара рок-музыкі за хуліганства на канцэрце. Пра гэта паведамляе прэс-служба суда Цэнтральнага раёна Мінска, піша Tut.by.

Інцыдэнт адбыўся ў лістападзе на канцэрце рок-групы Nazareth у сталічным Палацы Рэспублікі. Мужчына агрэсіўна адрэагаваў на заўвагу 27-гадовага кантралёра Палаца рэспублікі. Яна папрасіла не танцаваць у ложы, бо гэта парушае правілы тэхнікі бяспекі, і прапанавала перайсці ў партэр, дзе гэта дазволена.

Як апісаў гэта дзяржаўны абвінаваўца, мужчына, «маючы намер на здзяйсненне хуліганства, груба парушаючы грамадскі парадак і выказваючы відавочную непавагу да грамадства, супрацьпастаўляючы сваю асобу грамадскім інтарэсам і нормам маралі, заведама грэбуючы агульнапрынятымі нормамі паводзінаў і правапарадку, парушаючы грамадскія асновы ўнутранага спакою людзей, дэманструючы здольнасць да бясчынстваў, выяўляючы нічым не апраўданую агрэсію і ўсёдазволенасць», накінуўся на жанчыну, якая зрабіла яму заўвагу, хапаў яе за шыю і валасы, ударыў галавой аб крэсла.

У міліцыі мужчына заявіў, што слоў кантралёра ён не зразумеў, дзяўчына на яго пытанні не адказала, таму ён і стаў яе збіваць. Таксама ён папрасіў вызваліць яго ад крымінальнай адказнасці і ўжыць да яго меры адміністрацыйнага ўздзеяння. Пракурор раёна адхіліў такое хадайніцтва з-за дзёрзкасці злачынства.

Суд прызнаў мужчыну вінаватым у хуліганстве і прызначыў яму два гады «хіміі», а таксама абавязаў пакрыць пацярпелай маральную шкоду, якую ацаніў у 1000 рублёў.

Прысуд не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0