Гарадское ўпраўленне юстыцыі Мінгарвыканкама трэці раз адмовіла ў рэгістрацыі грамадскаму аб’яднанню «Бессмяротны полк». Пра гэта «Нашай Ніве» паведаміў старшыня аргкамітэта Валерый Драко.
Валерый Драко (у цэнтры). Фота rodveche.org
«Бессмяротны полк» спрабуюць зарэгістраваць радыкальныя левыя актывісты сталінска-бальшавіцкага кірунку. Яны прымеркавалі гэта да 75-годдзя Перамогі ў Другой сусветнай вайне.
«Зноў ідуць на парушэнне Канстытуцыі па рэгістрацыі грамадскіх арганізацый, — сказаў Валерый Драко. — На тытульным аркушы не было напісана слова «зацверджана», а ў юрыдычным адрасе замест злучка (гарызантальнай рыскі) утварыўся дроб (вертыкальная рысачка) — гэта палічылі за памылку».
Валерый Драко лічыць, што прычыны адмовы ў рэгістрацыі цалкам надуманыя і гэтае рашэнне носіць выключна палітычны характар. На прэс-канферэнцыю ён прыйшоў у гальштуку з сярпом і молатам.
«Нам не даюць час выправіць недакладнасці, а адразу адмаўляюць у рэгістрацыі. Вырашылі 20 сакавіка правесці чарговы сход, а ўжо на наступны дзень несці дакументы зноў на рэгістрацыю. І гэта кожны раз за гэтую працэдуру трэба заплаціць 165 рублёў!»
На дадзены момант аргкамітэт «Бессмяротнага палка» рыхтуе скаргу ў Міністэрства юстыцыі альбо ў Адміністрацыю прэзідэнта на дзеянні ўпраўлення юстыцыі Мінгарвыканкама.
«Бессмяротны полк» — гэта акцыя па ўшанаванні ахвяраў Другой сусветнай вайны, якая зарадзілася ў расійскай глубінцы. Пазней акцыю на ўзбраенне ўзяла расійская прапаганда, выкарыстоўваючы яе ў сваіх мэтах. На беларускі «Бессмяротны полк» прыходзяць прыхільнікі «рускага свету», а таксама Сталіна. Беларускія ўлады робяць усё, каб мінімізаваць колькасць удзельнікаў такіх шэсцяў.