Трэба заўважыць, што і да пандэміі ў нашай эканомікі былі не лепшыя часы. За першыя два месяцы года ВУП прасеў на 0,6% у параўнанні са студзенем-лютым 2019-га.

«Відавочных інструментаў, каб нейтралізаваць негатыўныя тэндэнцыі, я не бачу»

Эканаміст Дзмітрый Крук заўважае, што і ў свеце, і ў Беларусі назіраецца сумная сітуацыя.

«Хутчэй за ўсё, будзе адчувальны спад эканомікі. Асноўнае пытанне — наколькі працяглым акажацца гэты шок, звязаны з каранавірусам. Аптымістычны сцэнар — што гэта адносна хутка завершыцца, і тады негатыўныя наступствы ў нейкай ступені будуць нейтралізаваныя. Але нават гэта небясспрэчна»,

— кажа Дзмітрый Крук.

Справа ў тым, што эпідэмія абвастрыла праблемы, назапашаныя ў эканоміцы за мінулыя 10 год. Самая відавочная — гэта зніжэнне за апошні тыдзень-два фондавых рынкаў на 25% і больш. Многія кажуць, што пры мінулым крызісе 2008 года — у метафарычным сэнсе — вогнішча было заліта гаручым матэрыялам. Цэнтральныя банкі ўкідвалі грошы, каб падтрымоўваць ліквіднасць рынкаў. І цяпер мы бачым, што на большасці з іх ідзе згортванне, і гэта негатыўна ўплывае на эканоміку. 

Другая прычына — у тым жа Кітаі назапашана шмат сумнеўных крэдытаў. У цяперашняй сітуацыі гэта можа прывесці да масавых дэфолтаў, праблемаў кампаній. Калі ў 2008 годзе праблемы былі пераважна ў фінансавай сферы, то зараз, хутчэй за ўсё, гэта будзе адбівацца на нефінансавым сектары.

Эксперт кажа, што амаль гарантаваную рэцэсію параўноўваюць не з 2008 годам, а з 1970-мі. 

«Яна можа суправаджацца адначасова эканамічным спадам і інфляцыяй, і тут арсенал інструментаў у цэнтральных банкаў, урадаў значна меншы, каб супрацьстаяць гэтым праблемам», — адзначае Дзмітрый Крук.

Прагноз па Беларусі за апошні тыдзень значна пагоршаў.

«Калі раней не тое што аптымістычны, але нейтральны настрой захоўваўся, зараз для нас сапраўды пачалі складацца ў ланцужок шэраг неспрыяльных фактараў.

Праблемы з пастаўкамі нафты і, адпаведна, прасяданне ВУП, шок нафтавых цэн у выніку вайны паміж Саудаўскай Аравіяй і Расіяй… А зараз да ўсяго яшчэ дадаецца каранавірус. Безумоўна, Беларусь у баку застацца не можа. І, шчыра кажучы, зусім відавочных інструментаў, каб нейтралізаваць негатыўныя тэндэнцыі, супрацьстаяць зніжэнню экспарту, што, безумоўна, будзе адбывацца на фоне закрытых межаў і прасядання попыту ва ўсіх краінах, на жаль, не бачу.

Адзінае, што я рабіў бы ў такой сітуацыі, — падтрымліваў бы максімальную празрыстасць, данясенне да насельніцтва ўсіх праблемаў, адкрытае абмеркаванне, што мы можам і будзем рабіць. Гэта было б адносна эфектыўна ў сітуацыі, якая склалася»,

— дзеліцца эксперт.

Фота Сяргея Гудзіліна

Фота Сяргея Гудзіліна

Ён упэўнены, што спад адчуюць на сабе ўсе галіны эканомікі. Пазітыўны штуршок можа быць толькі ў рознічным гандлі, калі ўсе кінуцца скупляць прадукты. Але гэта кароткатэрміновы ўсплёск: калі ўся эканоміка будзе ўпадаць ў рэцэсію, гэта адаб’ецца і на рознічным гандлі.

«Магчыма — такі эфект назіраўся ў 2009 годзе — для некаторых беларускіх вытворцаў стане плюсам, што пакупнікі, зыходзячы з перасцярогі, будуць пераходзіць у больш нізкія цэнавыя сегменты. Хрэстаматыйны прыклад: касметыку больш набываюць імпартную, але калі ёсць нейкія фінансавыя праблемы, то пераключацца на нашу. Замяшчэнне імпартных тавараў для асобных прадпрыемстваў можа быць актуальна», — кажа Дзмітрый Крук.

«Для беларускай эканомікі эпідэмія стане двайным ударам»

Эканамічная сітуацыя абсалютна непрадказальная, лічыць старшы аналітык «Альпары» Вадзім Ёсуб.

«Мне здаецца, адзіны прагноз, які можна цяпер даць, — ніхто не ведае, што будзе.

Не ведаюць па адной прычыне: у аснове таго, што адбываецца ў свеце (гэта і падзенне цаны нафты, фондавых рынкаў, многіх валют да долара), ляжыць пандэмія каранавіруса. Цяпер ніхто не скажа, як гэта пандэмія будзе развівацца, колькі людзей закране, як доўга будзе працягвацца. Таму нейкія прагнозы ў лічбах, наколькі запаволіцца рост сусветнай эканомікі ці гэта будзе падзенне, немагчыма даць у прынцыпе», — выказаўся эксперт.

Для беларускай эканомікі эпідэмія відавочна стане ўдарам. Плюс у нас будуць дадатковыя праблемы, як у любога буйнога экспарцёра нафтапрадуктаў.

Не так даўно, у 2015-2016 гадах, Беларусь перажывала зніжэнне ВУП, падзенне рэальных даходаў у насельніцтва. Многія тады страцілі працу. Ці чакаць такі сцэнар ізноў? Вадзім Ёсуб кажа, што калі крызіс у свеце зацягнецца, такое развіццё падзей магчыма.

За мяжой людзі ў паніцы скупляюць прадукты. Няўжо рэальна, што паліцы ў крамах апусцеюць?

«Проста зараз гэта зусім не відавочна. Але мы не ведаем, як будзе развівацца сітуацыя з эпідэміяй. Калі ўявіць, што будуць вымушаны спыняць хлеба- і малаказаводы і масава адпраўляць людзей на каранцін, можна намаляваць такую карціну. Але пакуль размова пра гэта не ідзе. 

Зноў-такі з улікам таго, што ўсе закрываюць межы, не вельмі зразумела, што будзе з імпартнымі таварамі. У выпадку нейкага ўзмацненя жорсткасці на мяжы можа ўзнікнуць іх дэфіцыт. З другога боку, прадукты, якія мы вывозілі на экспарт, запоўняць паліцы нашых крамаў. Таму сур’ёзнага голаду я б пакуль не чакаў», — мяркуе Вадзім Ёсуб.

«З задачай павысіць заробкі бюджэтнікам справіцца не ўдасца»

Да крызісу, які намячаецца, не прывыклі ні ў нас, ні ў свеце, мяркуе эканаміст Сяргей Чалы. Праблема ў тым, што ўдар па эканоміцы — адразу па некалькіх каналах. Будзе падзенне выпуску і попыту адначасова праз абмежаваныя чалавечыя перамяшчэнні і вымушаныя водпускі.

Чакаюцца страты і ў даходах, і ў людзей, і ў бізнесу, і ў бюджэту, што таксама дастаткова незвычайна. Што далей, залежыць ад глыбіні эпідэміі і, адпаведна, крызісу. 

«Калі раней я думаў, што асноўныя страты будуць праз недахоп даходаў эканамічнай дзейнасці, то цяпер думаю, што, хутчэй, яны будуць праз людзей, якія сядзяць дома і не выходзяць на працу, бо не паўсюль можна арганізаваць дыстанцыйныя працоўныя месцы.

Будуць страты для бізнэсу, якія незразумела, як аднаўляць. Тыя ж самыя забаўляльныя пляцоўкі, бары, рэстараны… Гэта ўсё даволі адчувальна, там і так не настолькі моцная рэнтабельнасць, каб мець нейкі запас. Будуць праблемы і з бюджэтам. Ужо цяпер з улікам сусветных падзей далёка не тыя параметры, пры якіх ён мог бы сыходзіцца. Відавочна, што нейкая карэкціроўка спатрэбіцца, давядзецца дзесьці адкласці сродкі», — кажа эканаміст.

Беларусі, як краіне-экспарцёру, будзе цяжка. Мы моцна залежым ад знешнага гандлю. А калі ў развітых краінах усё не так добра (напрыклад, у ЗША прагназуюць, што эканамічныя паказчыкі ў другім квартале моцна запаволяцца), то чакаць прыбыткаў ад экспарту не даводзіцца.

Атрымліваецца, абяцанні напярэдадні выбараў павысіць заробкі бюджэтнікам і пенсіі адкацяць назад?

«Думаю, так, бо з гэтай задачай справіцца не ўдасца. Усё ж такі асноўны прыярытэт — гэта выкананне абавязкаў па знешнім доўгу.

Мы не можам гэты доўг абслугоўваць, зыходзячы са сваіх даходаў, нам трэба пастаянна перазаймаць. Мы ў бюджэце знаходзім толькі чвэрць сумаў, якія патрэбны штогод, каб абслугоўваць знешні доўг. І мы залежым вельмі моцна ад таго, як выглядаем у вачах астатняга свету, наколькі мы надзейны пазычальнік.

Таму, хутчэй, будзе прынята такое рашэнне: няхай пакутуе народ, а ў знешнім свеце мы будзем выглядаць добра. Гэта ў нейкай ступені рацыянальна, бо іншага выйсця тут акрамя дэфолту па даўгах — а гэта нашмат больш непрадказальныя наступствы — няма»,

— падсумоўвае Сяргей Чалы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?