Брытанскі ўрад вырашыў вылучыць 330 млрд фунтаў стэрлінгаў на падтрымку бізнэсу, які пацярпеў ад успышкі каранавіруса, заявіў міністр фінансаў краіны Рышы Сунак. Гэтую суму называюць беспрэцэдэнтнай: яна складае каля 15% брытанскага ВУП і больш за траціну бюджэту каралеўства, піша BBC.

Па словах Сунака, дапамога такога маштабу была б неймавернай яшчэ некалькі тыдняў таму. Але каранавірус — гэта «надзвычайная сітуацыя і для грамадскага здароўя, і для эканомікі», а таму «ўрад будзе падтрымліваць любы бізнэс, і вялікі, і малы», запэўніў міністр.

Калі гэтых грошай не хопіць, урад, па словах Рышы Сунака, зможа вылучыць дадатковую фінансавую дапамогу.

«Любы прадпрымальнік, якому будуць патрэбныя грошы для аплаты арэнды, выплаты заробкаў і іншых выдаткаў, зможа атрымаць крэдыт на добрых умовах», — сказаў Рышы Сунак.

Урад рыхтуецца, у прыватнасці, падтрымаць авіякампаніі і аэрапорты, якія найбольш моцна пацярпелі ад увядзення ў розных краінах каранціну і закрыцця межаў.

Не менш моцна ад каранавіруса пацярпелі пабы, клубы і тэатры. Ім урад выдзеліць разавыя гранты ў памеры да £25 тыс., каб яны змаглі перажыць гэты няпросты час і не згалець.

Іншы малы бізнэс можа разлічваць на разавыя гранты ў памеры да £10 тыс.

Таксама чакаецца, што бізнэс на час будзе вызвалены ад выплаты муніцыпальнага падатку.

Домаўладальнікам, якія маюць фінансавыя цяжкасці, урад дазволіў тры месяцы не плаціць па іпатэчных крэдытах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0