Шакуючая навіна прыйшла з Камянецкага раёна: 17-гадовы юнак ледзь не забіў уласнага бацьку. Хлопец ударыў мужчыну сякерай па галаве, пасля чаго цынічна пакінуў таго паміраць і выйшаў з пакоя. Жах!

Сапраўды жах, але не ўсё так адназначна ў гэтай гісторыі. «Наша Ніва» высветліла некаторыя падрабязнасці.

Адбылося ўсё яшчэ 26 лютага, але Следчы камітэт паведаміў пра здарэнне толькі зараз. Месца дзеяння — невялікі гарадок Высокае. Дзейныя асобы — сям’я Яршовых. 52-гадовы Валер, яго 44-гадовая жонка Наталля і іх 17-гадовы сын Арцём.

«Я вельмі добра ведаю гэтую сям’ю. Валер — п’яніца, які ўсіх даняў, — кажа Ніна, знаёмая сям’і Яршовых. — Я добра ведаю яго, калісьці разам з ім працавала на заводзе. У яго праблемы з алкаголем, ён шмат піў, пасля чаго пачыналіся прыгоды. Мог выйсці п’яным у цэнтр горада, там штосьці крычаць, спяваць, чапляцца да людзей…

Я ведаю, што Валер у рэанімацыі, але мне яго ні кропелькі не шкада. Ані кроплі. У гэтай сітуацыі шкада толькі хлопца.

Сын Арцём — шыкоўны хлопец. Не п’е, не курыць, нідзе не гуляе, ніколі ў праблемы нейкія не трапляў. Летась школу скончыў, паступіў у мясцовы каледж».

Арцём Яршоў, фота з сацсетак

Арцём Яршоў, фота з сацсетак

Вельмі пазітыўна адгукаюцца пра Арцёма Яршова і ў школе.

«Ён адзіны быў у класе, хто і камара не заб'е. Я магу казаць пра яго толькі добрае, — паведаміла «Нашай Ніве» Наталля Іванаўна, былая класная кіраўніца хлопца. — У нас пасля здарэння пыталася пракуратура: чаму ён на ўліку не стаяў? Дык не было прычынаў! Выдатны хлопец!

У горадзе ўсе ведалі, што бацька Арцёма выпіваў, але пра праблемы ў сям’і ніколі не чулі. Ані Арцём, ані яго мама ніколі не скардзіліся».

Тое ж кажа і завуч школы, дзе вучыўся хлопец:

«Арцём Яршоў вучыўся добра, у яго сярэдні бал атэстата — 8,3. Добры хлопец.

У школе праблем у сям’і ніколі не выяўлялі. Праводзілі анкеты і іншае, Арцём заўсёды казаў, што ўсё нармальна. Ніколі не скардзіўся».

Але праблемы былі. Як кажуць знаёмыя сям’і, Валер Яршоў нярэдка ладзіў скандалы, абражаў і нават збіваў жонку, калі напіваўся. Так адбылося і 26 лютага.

У дзень трагедыі жонка Наталля з сынам была дома. Прыйшоў Валер: за дзень да таго ён атрымаў заробак і двое сутак піў. Прыйшоў вельмі п’яны, гайдаўся. Пачаў абражаць жанчыну. Сын усё гэта слухаў. У бок Наталлі паляцелі прэтэнзіі і абразы нават звязаныя з інтымным жыццём…

Канфлікт трохі сціх, Наталля выйшла ў спальню. А Арцём выйшаў з пакоя, вярнуўся з сякерай і ўдарыў ёй бацьку. Затым паклікаў маці, пасля сам пазваніў у міліцыю. Распавёў, што зрабіў, сваёй віны не адмаўляў.

«Наша Ніва» звязалася з Наталляй Яршовай. Яна расказала пра сумесная жыццё з мужам: п’янкі, гвалт, абразы, нават паказальныя спробы суіцыду з боку дарослага мужчыны даўно ўжо сталі звыклымі ў іх сям’і.

«Валер проста давёў сына да таго, што той зрабіў. Прычына простая — алкагалізм мужа, — кажа Наталля. — Ён працаваў два дні праз два. Усе выходныя піў. Калі піў, то пачынаў чапляцца да мяне, да сына. Мог сарвацца нават на тое, што я не з тым гукам паставіла талерку на стол.

Валер не саромеўся крычаць на мяне, на сына, абражаць. Падымаў руку. Бывала, што спрабаваў лезці і да сына, але я ўставала паміж імі, прымала ўсю агрэсію на сябе. Калі мяне не было дома, а Валер пачынаў скандал, Арцём прыходзіў да мяне на працу. Сядзеў тут, пасля ўвечары мы ўдвух вярталіся дадому.

Міліцыю на мужа я ніколі не выклікала. Па-першае, было страшна. Па-другое, ён біў так, што не пакідаў слядоў.

Аднойчы, калі ў мужа быў канфлікт з суседзямі, тыя выклікалі міліцыю. Я пацвердзіла, што муж быў п’яны. Пасля Валер працяглы час запалохваў мяне, хапаў за шыю і біў мяне аб сцяну. Заламванне рук, кіданне ў мяне ўсім, што ёсць пад рукою, тапкамі, попельніцамі, посудам… Было ўсё.

У мінулым годзе пасля чарговага канфлікта муж ледзь не задушыў мяне — проста закрыў мне нос і рот рукой, наваліўся і трымаў. Але як бы я гэта даказала? Слядоў на твары не засталося».

Жанчына патлумачыла, чаму пасля столькіх гадоў прыніжэнняў усё ж не развялася з агрэсарам.

«У мяне дазвол на жыхарства, сваякоў ніякіх тут няма. Няма да каго ісці. Я магла, можа, пераехаць у іншы горад з сынам, але ж баялася, што калі будзе развод, то Арцёма пакінуць з бацькам, — кажа Наталля. — Бо зарплата ў мужа была нармальная, кватэра таксама на мужы, а я працавала на рынку, дзе афіцыйны заробак мізэрны».

За два дні да трагедыі Валеры ў чарговы раз спрабаваў здзейсніць так званы «суіцыд», расказвае Наталля. Па яе словах, гэта было ўжо нават не ў першы раз, а прыкладна ў чацвёрты.

Такія паказальныя спробы муж нібыта рабіў перыядычна: накідваў тонкую вяроўку на люстру, пад люстру падцягваў пісьмовы стол, пасля стаяў на стале і пагражаў павесіцца. Але да справы ніколі не даходзіла.

«Навошта ён гэта рабіў — не ведаю. Можа проста хацеў паматаць нервы мне і Арцёму, — мяркуе Наталля. — І тое ж ён зрабіў за два дні да бяды. Два дні на люстры вісела тая пятля».

Пасля адбыліся ўзгаданыя вышэй падзеі. Скандал, абразы, удар сякерай… Прыехала міліцыя, хуткая. Бацьку забралі ў бальніцу, сына — ў СІЗА.

«Што так усё скончыцца, я ўсё ж не чакала. Я думаю, што ў Арцёма проста вельмі працяглы час назапашвалася ўсё гэта. Той скандал стаў проста самай апошняй кропляй», — кажа Наталля. — Арцёма ніхто не вінаваціць у тым, што здарылася. Ніхто. Увесь горад падтрымлівае Арцёма. Цяпер у Высокім шмат у якіх крамах стаяць скрыні з надпісам «Збор грошай Арцёму Яршову на адваката». Часам людзі прыходзяць і проста прыносяць мне грошы. Нават мужыкі, з якімі муж піў, прыходзяць і кажуць: «Наташа, ты прабач, Валера — чмо».

Сёння Валер Яршоў усё яшчэ знаходзіцца ў бальніцы. Яго стан ацэньваюць як цяжкі. Мужчына ў коме. Што з ім будзе далей, прагназаваць цяжка.

«Як будзе, так і будзе, я гатовая да любых варыянтаў, — кажа Наталля. — Калі муж выжыве, і мне пасля прыйдзецца яго даглядаць… Нічога страшнага, перажывем. Цалкам магчыма, што я буду гэта рабіць».

Але ж, падкрэслівае жанчына, сёння галоўнае для яе — сын. Яна ўжо наняла адваката, але з Арцёмам пакуль не бачылася, бо СІЗА на каранціне.

«Я проста хачу, каб кашмар хутчэй скончыўся», — кажа Наталля Яршова.

Яе сын Арцём знаходзіцца пад вартай ужо месяц. За замах на забойства бацькі 17-гадоваму юнаку пагражае ад 6 да 15 гадоў калоніі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?