Раптоўная страта нюху можа быць яшчэ адным сімптомам заражэння новым тыпам каранавіруса, гаворыцца ў заяве Брытанскай асацыяцыі отарыналарынгалогіі (ENT), перадае Бі-бі-сі.
Гэты сімптом можа праяўляцца пры адсутнасці іншых прыкмет захворвання, гэта значыць такія пацыенты могуць быць схаванымі носьбітамі Covid-19, адзначаюць медыкі.
Па дадзеных арганізацыі, ёсць пераканаўчыя доказы, што гэты сімптом паяўляўся ў каранавірусных пацыентаў у Паўднёвай Карэі, Кітаі і Італіі.
У Вялікабрытаніі, ЗША, Францыі і паўночнай Італіі адзначаецца раптоўны рост выпадкаў аносміі (страты нюху), гаворыцца ў сумеснай заяве прафесара Клэр Хопкінс з Брытанскага таварыства рынолагаў і прафесара Нірмала Кумара з асацыяцыі отарыналарынгалогіі.
«Гэтыя пацыенты могуць быць аднымі з раней невядомых схаваных носьбітаў, якія спрыялі хуткаму распаўсюджванню Covid-19, — гаворыцца ў заяве. — На жаль, сімптомы гэтых пацыентаў не адпавядаюць цяперашняму крытэру для здачы аналізаў або самаізаляцыі».
Лекары рэкамендуюць ўлічваць гэты сімптом як адзін з інструментаў для выяўлення каранавірусных пацыентаў, якія не пакутуюць ад высокай тэмпературы або сухога кашлю.
«Існуе імавернасць, што, калі любога дарослага з анасміяй, але без іншых сімптомаў папросяць самаізалявацца на сем дзён, мы маглі б паменшыць колькасць бессімптомных хворых, якія працягваюць дзейнічаць як пераносчыкі, не ўсведамляючы неабходнасці самаізаляцыі», — кажуць у ENT.