Носьбіта каранавіруса забіраюць у бальніцу ў Мінску. Ілюстрацыйнае фота vk.com/chp_minska.
Крывая смерцяў паўтарае крывую выяўленых носьбітаў з затрымкай на 10—15 дзён. Мінулыя тыдні лічба заражэнняў рэзка расла. Гэта азначае, што пакуль усё будзе кепска.
Пандэмія каранавіруса не сціхае, чаканні аптымістаў не спраўдзіліся.
Чатыры дні назад ад Covid-19 у свеце памерла 973 чалавекі, тры дні таму — 1080, пазаўчора — 1356, учора — ужо 1626. За два дні колькасць смерцяў вырасла на 51%, за тры — на 67%. Няўжо ў такім тэмпе і далей будзе павялічвацца?
За гэтай матэматыкай стаяць жывыя людзі — якія задыхаюцца і сыходзяць.
На жаль, наступныя два тыдні — прагноз змрочны. А далей залежыць ад двух фактараў. Ці дадуць эфект драконаўскія каранцінныя абмежаванні ў Заходняй Еўропе і ці палыхне пандэмія ў краінах Трэцяга свету і Усходняй Еўропы, куды яна ўжо даволі глыбока пранікла.
Калі параўнаць графікі рэгістрацыі колькасці выпадкаў інфікавання і смяротнасці ў часе першага ўсплёску каранавіруса, які адбыўся ў Кітаі, бачна, што другі графік у цэлым паўтарае першы — з прамежкам прыкладна 10—15 дзён.
Колькасць выяўленых выпадкаў каранавіруса ў свеце за дзень.
Колькасць смерцяў ад каранавіруса ў свеце за дзень.
Варта нагадаць, што ў 80% выпадкаў людзі пераносяць каранавірус зусім лёгка, часам нават бессімптомна, але ў такім нібы цалкам здаровым стане яны здольныя заражаць іншых людзей — многія не могуць у такое паверыць, гэта нязвыкла.
Прыкладна ў 14% выпадкаў цячэнне хваробы, наадварот, цяжкае. Яна пераходзіць у пнеўманію з дыхавіцай.
Што да працэнту смяротнасці, то ён залежыць ад таго, ці ўлічваюцца бессімптомныя выпадкі. У Паўднёвай Карэі, дзе выяўленне інфікаваных людзей вельмі стараннае, проб людзі здаюць шмат, а медыцына высокаразвітая, смяротнасць складае на сёння каля 1,1% ад агульнай колькасці выяўленых носьбітаў. У той жа час у Кітаі яна перавысіла 4%, а ў краінах, дзе хваля заражэнняў такая высокая, што медыцына вымушаная канцэнтравацца толькі на цяжкіх выпадках, а тэсціраваць — толькі людзей з выразнымі сімптомамі, ён зашкальвае. Напрыклад, у Італіі на сёння памерлі 9% выяўленых хворых. Прычым у эпіцэнтры эпідэміі, на поўначы, гэтая доля яшчэ вышэйшая.
Чым большая хваля эпідэміі, тым горшая выжывальнасць пацыентаў. Гэта выразна прадэманстравалі нават такія развітыя краіны, як Італія і Іспанія (графікі тут), з адукаваным насельніцтвам і неблагой медыцынай.
Калі прааналізуем дынаміку выяўлення пацыентаў з каранавірусам два тыдні, тыдзень назад, мы з вялікай імавернасцю спрагназуем колькасць фатальных выпадкаў у наступныя дні.
Трывогу выклікае сітуацыя ў такіх краінах, як Інданэзія (ужо 48 смяротных выпадкаў пры ўсяго 514 выяўленых носьбітаў), на Філіпінах (25 смерцяў з 380), у Іраку (20 з 223). Колькасць смяротных выпадкаў там такая, што не можа быць двух тлумачэнняў — там гуляе шмат «няўлічаных» носьбітаў каранавіруса.
Спадзяванні, што вірус будзе забіваць сухата і гарачыня, здаецца, пакуль не спраўджваюцца.
Такая колькасць смяротных выпадкаў будзе змушаць усё новыя краіны закрываць межы і ўводзіць каранцін, каб ратаваць жыцці. У краінах, дзе будзе адбывацца абвальны рост, як у Італіі, улады будуць вымушаныя абмяжоўваць эканамічную актыўнасць да мінімуму, у іх проста не застаецца іншага выйсця. Гэта, у сваю чаргу, будзе парушаць ланцужкі сусветнага тавараабмену з непрадказальнымі наступствамі.
Усё больш шанцаў, што сусветная эканамічная дэпрэсія ў выніку пандэміі можа стаць адной з найгоршых у гісторыі.
Нішто пакуль не паказвае, што эпідэмія ў еўрапейскіх краінах дасягнула піку.
Наадварот, нарастае колькасць выяўленых выпадкаў у такіх краінах, як Турцыя (947 выяўленых носьбітаў, 21 смяротны выпадак), Расія (367 носьбітаў). Трывожная сітуацыя склалася ў Нідэрландах (179 памерлых, графікі тут) і Брытаніі (244 памерлых) — дзвюх краінах, дзе эпідэмічныя школы спачатку пераканалі ўлады краіны трымацца тэорыі фарміравання «калектыўнага імунітэту» і не ўводзіць строгіх каранцінных мер. Брытанія ўжо адраклася ранейшай стратэгіі.
Вымушана спыніліся і многія малыя краіны — ад Швейцарыі да Чэхіі. А краіны, якія пакуль адносна мала заражаныя, ад Літвы і Украіны да Руанды і Аргенціны, уводзяць масавыя абмежаванні, каб італьянскі і іспанскі сцэнар хоць у іх не паўтарыўся. Яны прэвентыўна спынілі заняткі ў школах і ВНУ, зачынілі забаўляльныя ўстановы, спынілі спартовыя і масавыя мерапрыемствы, закрылі межы. Такія захады даюць эфект, паказвае прыклад Нямеччыны (графікі тут).
Абмежаванні на перасячэнне граніц і масіраваная кампанія «Заставайцеся дома», якую праводзяць краіны-суседкі Беларусі, стала адносным шчытом і для нашай краіны. Патокі падарожнікаў, прынамсі, паменшалі.
Хоць прагнозы на наступныя тыдні змрочныя, застаецца надзея, што строгі каранцін, уведзены ўжо ў большасці дзяржаў, стрымае лічбу ахвяр каранавіруса ў межах тысяч за дзень і не дасць ёй дасягнуць большых парадкаў.