Пандэмія каранавіруса ўнесла карэктывы і ў працу паліклінік. Міністэрства аховы здароўя просіць максімальна скараціць візіты да доктара, асабліва пажылых пацыентаў. Планавая дапамога — і шпіталізацыя, і кансультацыі — пераносіцца на канец вясны — пачатак лета. Скарачаюцца і прыёмы ў стаматолагаў да моманту стабілізацыі эпідэміялагічнага становішча ў краіне, піша Tut.by.

Галоўны доктар 39-й паліклінікі ў Мінску Вольга Есманчык распавяла, як змянілася работа паліклінік на час абвастрэння каранавіруснай інфекцыі ў краіне.

Ва ўсіх паліклініках выдзелены асобныя патокі з пацыентамі з тэмпературай. Яны заходзяць у будынак альбо праз асобны ўваход, альбо на першы паверх у асобны кабінет, абмінаючы рэгістратуру. Пацыенты з сур'ёзным недамаганнем могуць выклікаць доктара дамоў. Пацыенты з хранічнымі захворваннямі, якія раней былі ў спецыялістаў і хочуць атрымаць новы рэцэпт на медпрэпараты, павінны патэлефанаваць у паліклініку, рэцэпт ім даставяць дамоў. Для гэтага будуць прыцягваць не толькі дактароў, медсясцёр і памочнікаў дактароў, але і валанцёраў «Чырвонага крыжа».

У зоне рызыкі — пажылыя пацыенты (ад 60 гадоў) і пацыенты з хранічнымі захворваннямі. Ім рэкамендуюць не наведваць масавыя мерапрыемствы і месцы збору людзей.

Планавыя шпіталізацыі і кансультацыі пераносяць на канец вясны — пачатак чэрвеня. Вузкіх спецыялістаў цяпер таксама прыцягваюць для працы з пацыентамі з віруснай інфекцыяй.

Паўплывае каранавірус і на працу стаматолагаў.

Калі пацыент запісаны на прыём, яго прымуць, па магчымасці акажуць максімальную дапамогу, але наступны раз запішуць ужо на май ці нават чэрвень, калі стабілізуецца эпідэміялагічная сітуацыя ў краіне.

Экстраная дапамога аказваецца неадкладна. Адзначым, што такія ж захады зроблены ў Літве, Латвіі, Польшчы і іншых краінах, дзе зафіксаваныя выпадкі каранавіруса.

— Пакуль сітуацыяй кіруюць за кошт таго, што мы шпіталізуем тых, у каго выяўлены каранавірус, нават бессімптомна, і шпіталізуем на 14 дзён усе кантакты першага ўзроўню, — тлумачыць намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан. — ложкавага фонду пакуль дастаткова, а мы, між тым, не перасталі аказваць медыцынскую дапамогу пацыентам з інфарктамі, інсультамі, вострай хірургічнай паталогіяй. Мы проста на час спынілі ўсе планавыя агляды, каб не павялічваць рызыку для пацыентаў старэйшага ўзросту: што хаваць, пажылыя пацыенты і пацыенты з хранічнай паталогіяй з'яўляюцца найбольш частымі наведвальнікамі медустаноў, таму мінімізуем кантакты з імі.

Нагадаем, на 23 сакавіка ў Беларусі зафіксаваны 81 выпадак каранавіруса, 22 пацыенты ўжо выздаравелі. Самаму старэйшаму пацыенту — 78 гадоў, самаму малодшаму — 3 гады (дзіця было ў кантакце з мамай, у якой таксама станоўчыя вынікі).

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?