Фота Настассі Храловіч

Фота Настассі Храловіч

Віктар Марціновіч разважае на budzma.by аб тым, чаму ў нашай краіне не прымаецца ніякіх рашучых захадаў для барацьбы з каранавірусам.

Калі ўсё гэта толькі пачыналася, схільныя да параноі аналітыкі выказвалі здагадку, што тое, што адбываецца з каранавірусам ў Беларусі, усё ж мае сваё лагічнае тлумачэнне. Што такім чынам нас плаўнёханька падводзяць да сітуацыі, калі надзвычайнае становішча, адмена выбараў ці правядзенне выбараў ва ўмовах стоадсоткавага галасавання на даму будзе адзінай опцыяй праз абвешчаны татальны локдаун.

Дык вось, песімісты памыліліся.

Разгортваецца зусім іншы сцэнар.

Паводле каторага эпідэміі не будзе.

Менавіта пра гэта сведчаць апошнія выказванні адказных асобаў.

Калі б яны дапускалі магчымасць увядзення паўнавартаснага каранціну, не былі б настолькі ўпартымі вось зараз, на тле таго, што робіцца ўжо і ў Маскве.

Але ўсё, мяжа прыяднання да ўсяго астатняга свету пройдзена.

Чэмпіянат Беларусі па футболе, які транслявалі і за мяжу ў той час, калі ссоўваюцца тэрміны фінала еўракубкаў, а «Еўра-2020» перанесены на год, калі ўжо зразумела, што ў Італіі трыгерам быў матч Лігі Чэмпіёнаў паміж «Атлантай» і «Валенсіяй» — гэта пазіцыя.

Ну не вераць людзі ў каранавірус.

І, калі яны не вераць, дык як можна прызнаваць, што вірус ёсць?

Таму яго не будзе. Нават калі хворых на пнеўманію зробіцца вельмі шмат. Гэта ж усё пнеўманія, чорт яе бяры. Хто сказаў каранавірус? Няма ў нас такога. Менш за сотню выпадкаў, а вы паглядзіця, колькі выздаравела!

Пасля таго, што ўжо сказана наверсе, мы маем усе шансы быць самай паспяховай у змаганні з каранавірусам краінай ў свеце. З пашытай на «Славянцы» тканявай маскай па рубь семдзясят пяць у якасці сімвала.

З нулявой смяротнасцю.

Бо разумееце, гэта ж тая самая сітуацыя, што і з выбарамі.

Лічбы могуць быць любымі.

Дактары лёгка могуць быць пастаўлены ў тыя ж умовы, у каторых сістэматычна апынаюцца настаўнікі падчас электаральных кампаній. І ці не ўсё роўна чалавеку, ад чаго ён не можа дыхаць? Ці прынцыпова родным, што будзе напісана ў пасведчаннях? І, калі ўсё ж прынцыпова, дзе гэтая прынцыповасць канчаецца? І наколькі моцна трэба падціснуць, каб яе не засталося наогул?

Калі на стале рэпутацыя краіны і вернасць абранага шляха, пагадзіцеся, мусіць нам усім зрабіцца не да казурак, нябачных нават у моцны мікраскоп.

Што вы кажаце? Міжнародныя арганізацыі? Дык яны тут прадстаўлены людзьмі. Якім таксама хочацца быць на свабодзе. І потым, дзе яна, тая статыстыка? Хто ёй валодае? Хто вырашае, што казаць, а што — не?

Каранавірус — як радыяцыя ў 1986-м. Яго ж не бачна. Па вуліцах не бегае, не рохкае і не мыкае. Ці ёсць ён, ці яго няма — пытанне веры. У нас вырашылі не верыць.

Аўтарытарызм мацнейшы за хваробу.

Так, дарэчы, думалі ў Кітаі, дзе таксама моцная і квітнеючая сістэма. Якая таксама спачатку спрабавала не заўважаць.

Там улада нават яшчэ мацнейшая за нашую.

Чаму гэта ў Кітаі вірус усё ж выпнуўся?

Не задумваліся?

А?

Таварышчы ў пінжаках?

Не давядзецца потым у краіны і ўсіх суседзяў прабачэння прасіць?

Не?

Вы думаеце, вы круцейшыя за кітайцаў?

Ну то ладна, парадуемся!

Глядзіце, да каранавіруса сістэме прапанавана ставіцца як раней да апазіцыі. Яго няма ні на ТБ, ні ў газетах, як раней там не было Статкевіча ці Севярынца. Пра яго гэтаксама малююць нейкія там карыкатуркі спецыяльна адшуканыя маладзёны. Каранавірус — гэта анекдот, бы КХП-БНФ. Падыход верны і за шмат гадоў адпрацаваны.

Да тых, хто выклікаў хуткую праз заміны ў дыханні, можна адразу накіроўваць міліцыю — прабіваць усе кантакты цягам двух тыдняў. Некалькі рэпартажаў пра тое ў ананімных тэлеграм-каналах, і да дактароў у нас пачнуць звяртацца, калі ўжо цалкам ссінеюць.

Зноўку ж — гэта вы зараз у Фэйсбуку звягаеце, што, маўляў, суседа «хуткая» забрала. А што калі да ўсіх напісалых высылаць адразу спецназ у хімкамплекце? Ізаляваць на два тыдні — ды адразу не ў шпіталі, а ў адзіночны пакой СІЗА, бо там кантактаў дакладна меней? Тут такая перамога над вірусам будзе, што Кітай захлынецца слязамі.

Эпідэміі не будзе.

Вы пра яе не пачуеце.

Дзеці працягнуць хадзіць у школу, студэнтам не адменяць заняткі, людзі працягнуць цягацца на працу на грамадскім транспарце.

Якую праблему я ў гэтым бачу?

У суседняй Расіі, з якой сінхранізавана мысленне чынавенства, учора канчаткова абраная катэгарычна іншая тактыка.

Там пачалі алармаваць.

Пуцін абвясціў тыдзень выходных з захаваннем заробкаў. Пачынаецца відавочны рассінхрон і тутэйшым спатрэбіцца вельмі шмат характару, каб давесці сваю не веру ў каранавірус да лагічнага фіналу, з элегантнымі лічбамі. Але, паўтаруся, не будзем гэтага выключаць — і не такое бачылі.

То, калі ласка, беражыце сябе і сваіх родных. Абмяжуйце выхады з дому без патрэбы.

Паклапаціцеся пра старых. Тое, што «эпідэміі не будзе» — нагода быць абярэжлівымі на індывідуальным узроўні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?