У выхавацеля дзіцячага садка і настаўніка сярэдняй школы ў Фрунзенскім раёне Мінска падазраюць каранавірус. Пра гэта ў рэдакцыю TUT.BY пішуць чытачы.

Каранавірусную інфекцыю падазраюць у адной з выхавальніц дзіцячага садка №398, паведамляюць бацькі. Сад знаходзіцца ў Фрунзенскім раёне Мінска на вуліцы Цімашэнкі.

— Сёння раніцай каля 7.30 нам патэлефанавала другая выхавацелька і папрасіла не весці дзяцей у сад, бо ў яе напарніцы выявілі каранавірус.

Па словах бацькоў, апошні раз выхавацелька была на працы ў пятніцу, 27 сакавіка, пасля чаго яна пайшла на бальнічны.

— Выходзіць, нашы дзеці — гэта кантакты першага ўзроўню, а мы — другога?

Напарніца ад каментароў адмовілася: «Усе пытанні да нашага кіраўніцтва».

Загадчыца дзіцячага сада Наталля Яўменава таксама не стала каментаваць сітуацыю.

— Усе пытанні — ва ўпраўленне па адукацыі ды санстанцыю, — кажа кіраўнік установы.

На пытанне, якія меры зараз прымаюцца ў садзе, яна адказала: «Якія ў нас мерапрыемствы ў краіне прапісаны — мыць рукі і праводзіць дэзынфекцыю, такія мы і робім».

У сярэдняй школе №179 на вуліцы Ляшчынскага ў Мінску, па паведамленнях настаўнікаў, ужо каля трох тыдняў хварэе на пнеўманію калега, а таксама два тэхнічныя работнікі. Але пра тое, што ў іх каранавірусная інфекцыя, ніхто не казаў і не паведамляў.

Аднак 1-га красавіка настаўнікі атрымалі паведамленне ад дырэктара з просьбай прыйсці ў настаўніцкую, захапіўшы з сабой асадкі, і напісаць заявы, каб не хадзіць на працу да панядзелка.

— З чаго б раптам нам пісаць заявы з-за пнеўманіі ў калегі?

Дырэктар школы Яўгенія Кацар распавяла, што школа працуе ў штатным рэжыме, а інфармацыяй пра выпадкі захворвання яна не валодае.

Датэлефанавацца ва ўпраўленне па адукацыі Фрунзенскага раёна і атрымаць каментар не ўдалося.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?