Упраўленне Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю па Мінскай вобласці і Мінску расследуе справу мінчука, раней ужо судзімага за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць і ўхіленне ад выплаты падаткаў. Як паведамляе КДК, мужчына прымаў праз інтэрнэт замовы на рэспіратары сусветных вытворцаў з класам абароны FPP2 і FPP3. Продаж тавараў ён ажыццяўляў праз жонку, зарэгістраваную ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка. Патэнцыйных пакупнікоў мужчына пераконваў, што рэспіратары маюць неабходныя сертыфікаты, аднак насамрэч гэта былі павязкі сумнеўнай якасці і без маркіроўкі.

Аплата за «рэспіратары» ажыццяўлялася накладзеным плацяжом, іх дастаўлялі кур'еры РУП «Белпошта». Такім чынам, у пакупнікоў не было магчымасці праверыць тавар да разліку з кур'ерам і адмовіцца ад яго атрымання.

Дарэчы, на сваіх сайтах мінчанін паказваў два тэлефонныя нумары: адзін — для кансультацыі перад продажам тавару, другі — для прэтэнзій. Па словах пакупнікоў, датэлефанавацца па другім нумары тэлефона ім так і не ўдалося.

Павязкі замест рэспіратараў маглі набыць звыш 300 чалавек, а агульная сума ўрону можа скласці больш за 70 тысяч рублёў.

Распачатая крымінальная справа за махлярства, падазраваны знаходзіцца ў ізалятары.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0