Сёння суд Савецкага раёна Гомеля вынес рашэнне па крымінальнай справе прыватнага абвінавачвання ў дачыненні да настаўніка малодшых класаў, якая падчас урока схапіла школьніцу за вуха і траўмавала яго, паведамляе Tut.by.

Цяпер ужо былога педагога гімназіі № 71 Гомеля, 47-гадовую Таццяну П. (пасля інцыдэнту жанчына была звольненая з навучальнай установы) прызналі вінаватай у прычыненні лёгкага цялеснага пашкоджання. Суд прысудзіў яе да штрафу ў памеры 70 базавых велічынь (1890 рублёў).

Нагадаем, 21 студзеня паміж настаўнікам і вучаніцай трэцяга класа гімназіі № 71 адбыўся канфлікт: педагог схапіла за вуха дзіця і траўмавала яго. Бацькі напісалі заяву ў міліцыю, пачалася праверка. 17 лютага стала вядома, што праверку скончылі. Аднак вынікі ў міліцыі не распавялі, спаслаўшыся на тое, што ў дадзеным выпадку закранаюцца інтарэсы дзіцяці і звесткі могуць быць агучаны толькі законнымі прадстаўнікамі пры іх згодзе.

Паколькі ў дзеяннях настаўніцы быў склад злачынства па арт. 153 КК (наўмыснае прычыненне лёгкага цялеснага пашкоджання), заяўнікі мелі права распачаць у судзе справу прыватнага абвінавачвання. Менавіта так бацькі дзяўчынкі і паступілі.

Судовыя паседжанні праходзілі ў закрытым рэжыме.

47-гадовага педагога кіраўніцтва школы характарызавала станоўча. Вядома, што ў 2017 годзе яна станавілася «Настаўнікам года». Мінадукацыі заявіла, што «незалежна ад сукупнасці абставін рэакцыя педагога на паводзіны навучэнца была недапушчальнай».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0