Цеплавізар, які дазваляе на адлегласці выяўляць пасажыраў з павышанай тэмпературай, запрацаваў у тэставым рэжыме на ўваходзе на станцыю метро «Плошча Леніна» з боку вакзала, паведаміў «Мінск-Навінам» намеснік старшыні Мінгарвыканкама Аляксандр Дараховіч.

— Як толькі ў поле зроку камеры трапляе чалавек з тэмпературай, вышэйшай за норму, на экране з'яўляецца чырвонае акенца. Зараз сумесна з санітарна-эпідэміялагічнай службай горада выпрацоўваем алгарытм дзеянняў: якія меры прадпрымаць, выявіўшы пасажыра з павышанай тэмпературай. Пра адмову ў перавозцы гаворкі не ідзе, у прафілактычных мэтах разглядаем варыянты папярэджання чалавека аб яго стане, магчыма, кансультацыі або аказання дапамогі, — удакладніў Дараховіч.

Ён дадаў: праект разлічаны на перспектыву і будзе карысны не толькі пры цяперашняй эпідсітуацыі, але і ў будучыні — у перыяды ўсплёску рэспіраторных інфекцый. У якасці тэставай пляцоўкі «Плошча Леніна» выбралі па цалкам зразумелых прычынах: акрамя мінчан станцыяй карыстаюцца многія іншагароднія, якія прыязджаюць у сталіцу на аўтобусах і цягніках. У далейшым цеплавізары могуць з'явіцца і на іншых станцыях падземкі.

— Вялікі дзякуй гараджанам, якія з разуменнем ставяцца да цяперашняй сітуацыі і імкнуцца менш наведваць грамадскія месцы. На прыкладзе транспарту мы бачым, што жыхары без увядзення забаронаў і абмежаванняў самі праяўляюць свядомасць. Сутачны пасажырапаток у метро цяпер складае 400 тыс. чалавек, у той час як звычайна ён вар'іраваўся ў межах 800 тыс. — 1 млн, — сказаў Аляксандр Дараховіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0