17 красавіка зьявілася статыстыка хворых на COVID-19 у Докшыцкім раёне — першы раз за апошнія 9 дзён улады далі сваю ацэнку маштабу эпідэміі. Праз тыдзень пасьля першай паездкі ў Докшыцы «Свабода» сабрала інфармацыю ад мясцовых жыхароў пра тое, што там зьмянілася за гэты час.

Колькі цяпер хворых на COVID-19 у Докшыцах?

Паводле Міхаіла Вішнявецкага, начальніка галоўнага ўпраўленьня аховы здароўя Віцебскага аблвыканкаму, у Докшыцкім раёне пацьверджаныя 72 пацыенты з каранавірусам. Пра гэта напісала БелТА.

На мінулым тыдні колькасьць інфікаваных каранавірусам была вядомая толькі прыблізна. Загадчыца паліклінікі ў Докшыцах 8 красавіка казала газэце «Родныя вытокі», што выпадкі каранавірусу ў Докшыцах «можна пералічыць па пальцах».

Прадстаўнікі якіх установаў захварэлі на каранавірус ці пнэўманію

Пра маштаб эпідэміі таксама можна меркаваць па тым, у колькіх дзяржаўных установах выявілі хворых на COVID-19 і пнэўманію.

Ад сваякоў і калегаў нам вядомыя прынамсі наступныя арганізацыі, дзе ёсьць шпіталізаваныя супрацоўнікі з пацьверджаным каранавірусам альбо пнэўманіяй:

  • аддзел адукацыі Докшыцкага райвыканкаму;
  • раённае ўпраўленьне ўнутраных спраў;
  • прадпрыемства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі «Докшыцы-камунальнік»;
  • цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі;
  • Белтэлекам;
  • Рыма-каталіцкі касьцёл;
  • цэнтральны раённы шпіталь.

9 чалавек памерлі ад пнэўманіі за два тыдні

За два мінулыя тыдні ў Докшыцах памерлі прынамсі дзевяць чалавек, у каго была пнэўманія. Тры зь іх — на гэтым тыдні. Гэтую інфармацыю рэдакцыі пацьвердзілі сваякі і знаёмыя гэтых людзей. Аднак няясна, ці ў кагосьці з іх зафіксавалі каранавірус.

Пацыентка шпіталя: «У нас тут лязарэт, мэдыкі працуюць, як на вайне»

Пра тое, як цяпер працуе раённы шпіталь, у інтэрвію раённай газэце расказаў старшыня райвыканкаму. Паводле Алега Кавалёнка, цэнтральную раённую лякарню часова перапрафілявалі. Хірургію, дзіцячае і радзільнае аддзяленьні, гінэкалёгію перавялі ў лякарню суседняга гораду — Глыбокага.

Больш эмацыйна пра сытуацыю ў шпіталі «Свабодзе» расказала адна з пацыентак, зь якой мы размаўлялі праз тэлефон. Як і большасьць пацыентаў, жанчына ляжала ў лякарні з запаленьнем лёгкіх.

«У нас жа тут лязарэт, і яны [мэдыкі] працуюць, як на вайне, — дзень і ноч. Апякуюцца над намі. Вось хто героі», — сказала спадарыня Валянціна.

Нам не ўдалося зьвязацца зь ніводным мэдыкам з Докшыцкага раёну. Іх сваякі расказваюць, што дактары і мэдсёстры падпісалі дакумэнт, паводле якога ім забараняецца паведамляць любую інфармацыю пра стан рэчаў у шпіталі.

Масавыя мерапрыемствы забаранілі, прыватныя крамы зачыніліся

Афіцыйна карантын у Беларусі ня ўводзілі, існуе толькі рэкамэндацыя пазьбягаць масавых мерапрыемстваў. Але ў Докшыцкім раёне масавыя мерапрыемствы ўвогуле забароненыя. Пра гэта сказаў Алег Кавалёнак у інтэрвію раённай газэце. Таксама ў горадзе закрылі рынкі, лазьні і водна-аздараўленчы цэнтар. Адзінокім старым дастаўляюць тавары першай неабходнасьці сацыяльныя работнікі і валянтэры БРСМ і Чырвонага Крыжа. Камбінат бытавога абслугоўваньня і школы гораду шыюць маскі.

Адразу некалькі прыватных крамаў і станцый тэхабслугоўваньня часова закрыліся. Гэта зьвязана і з эпідэміяй, і з тым, што зьменшылася актыўнасьць людзей. Хто мае магчымасьць, стараецца ўвогуле не выходзіць з дому. У той жа час дзяржаўныя арганізацыі і прадпрыемствы працуюць, як і раней — тут няма карантыну.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?