У пятніцу падчас наведвання шклозавода «Нёман» у Лідскім раёне Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з калектывам. Нічога незвычайнага, каб не адна дэталь. У першым шэрагу разам з супрацоўнікамі завода ў сіняй уніформе стаяла прэс-сакратарка раёна Марына Грыгор'ева. 

Скрыншот з відэа тэлеграм-канала «Пул Першага». Марына Грыгор'ева — крайняя справа

Скрыншот з відэа тэлеграм-канала «Пул Першага». Марына Грыгор'ева — крайняя справа

Іншыя чыноўнікі, якіх можна заўважыць на сустрэчы, стаяць у дзелавых касцюмах, без халатаў.

«Наша Ніва» патэлефанавала Марыне Грыгор'евай і спытала: няўжо гэта звычайна практыка — стаяць у форме ў першых шэрагах?

Фота tv-lida.by

Фота tv-lida.by

«Не, гэта не звычайная практыка. Мая задача была проста глядзець, каб людзі стаялі роўна, не пераходзілі лінію пэўную. Вось і ўсё. Абсалютна ніякай крамолы.

Для кадра было прынята такое рашэнне. Не зусім удалае, я згодная. Форма была не па прызначэнні выкарыстана, толькі дзеля прыгожай карцінкі», — патлумачыла прэс-сакратарка раёна.

«На іншых заводах вы таксама апранаеце форму?»

«Не, ну што вы гаворыце!» — запэўніла яна.

Пытанняў падчас таго візіту Марына Грыгор'ева не задавала.

«Я адзіны чалавек [з адміністрацыі], які там апынуўся, проста ў мяне была іншая місія. Астатнія ўсе, як і належыць, — супрацоўнікі завода. Можаце не сумнявацца».

На сустрэчы з кіраўніком краіны людзі стаяць даволі шчыльна. Пацікавіліся ў прэс-сакратаркі, ці не прапаноўвалі ім для бяспекі надзець маскі.

«Вы бачыце, што колькасць людзей была вельмі невялікая, выключна ў гэтых мэтах», — пракаментавала яна прафілактычныя меры.

Раней Марына Грыгор'ева працавала карэспандэнткай на Лідскім тэлебачанні. Пасаду прэс-сакратаркі раёна яна заняла ў студзені гэтага года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?