Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падчас брыфінгу ў Белым доме абвясціў, што «праводзіцца шэраг расследаванняў» аб з'яўленні каранавіруса, паведамляе Bloomberg.
«Адбываецца шмат дзіўных рэчаў, але праводзіцца шмат расследаванняў. І мы збіраемся гэта высветліць», — заявіў ён журналістам.
Нагадаем, 16 красавіка Fox News паведаміў, што вірус узнік у адной з бактэрыялагічных лабараторый кітайскага горада Ухань як вынік спроб Пекіна перасягнуць Вашынгтон у напрацоўках па геннай інжынерыі. Паводле канала, яго распаўсюд пачаўся выпадкова, пасля таго як заразіўся адзін з супрацоўнікаў. Трамп заявіў, што ўрад ЗША спрабуе высветліць, ці адпавядае гэтая інфармацыя рэчаіснасці.
У сваю чаргу французскі вірусолаг Люк Мантанье, узнагароджаны ў 2008 годзе Нобелеўскай прэміяй па медыцыне за адкрыццё ВІЧ, высунуў гіпотэзу аб тым, што вірус быў створаны штучна ў кітайскай лабараторыі.