Праз эпідэмію каранавірусу на дарогах паміж Лунінцам і Пінскам выстаўленыя патрулі міліцыі. На кожным ёсьць таксама супрацоўнік цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі. Ён мерае тэмпэратуру кіроўцаў і пасажыраў і правярае, ці няма гэтых людзей у сьпісе тых, хто мусіць знаходзіцца ў самаізаляцыі. ​Зь месца перадаюць карэспандэнты «Свабоды».

Пасты выставілі адначасова ДАІ Пінскага і Лунінецкага раёнаў. Яны стаяць на дзьвюх дарогах, якія злучаюць Лунінец і Пінск.

«У ноч з чацьвярга на пятніцу нас сюды выклікалі, — сказаў эпідэміёляг на адным з пастоў. — Круглыя суткі стаім у дзьве зьмены па 12 гадзінаў».

Супрацоўнікі ДАІ прыпыняюць машыны, пытаюцца пра самаадчуваньне кіроўцаў. Потым эпідэміёляг правярае тэмпэратуру і правярае, ці чалавека няма ў сьпісе тых, хто мусіць быць у самаізаляцыі.

«Нас найперш цікавяць лунінецкія», — тлумачаць спэцыялісты.

Учора гарадзкія ўлады Пінску папрасілі мясцовых жыхароў у пэрыяд сьвятаў не выяжджаць за межы гораду, асабліва ў Лунінецкі раён.

«Вырашылі папрасіць і гасьцей, і пінчукоў устрымацца ад паездак з гораду і ў горад як мага больш. Калі толькі ўжо нейкія важныя прычыны», — сказала «Свабодзе» кіраўніца аддзелу ідэалягічнай працы Пінскага райвыканкаму Валянціна Кулак.

У Берасьцейскай вобласьці найбольш выпадкаў каранавірусу зафіксавалі ў Лунінецкім раёне. Апошні раз афіцыйная статыстыка па Лунінцы публікавалася 8 красавіка. Згодна зь ёй, COVID-19 быў пацьверджаны ў 26 чалавек. 15 красавіка стала вядома, што ва ўсёй Берасьцейскай вобласьці выяўленыя 73 выпадкі каранавірусу.

У колькіх дакладна чалавек выявілі каранавірус, улады цяпер ня кажуць. У сьпісе эпідэміёлягаў, якія дзяжураць на дарогах разам зь міліцыяй, — каля ста пяцідзесяці чалавек, якія павінны быць у самаізаляцыі.

За два дні сумесныя патрулі міліцыі і эпідэміёлягаў знаходзілі людзей, якім забаронена выяжджаць з Лунінца. Іх разварочвалі і вярталі назад, паведамлялі у лунінецкім цэнтар гігіёны і эпідэміялёгіі, што выявілі парушальнікаў самаізаляцыі.

«Я лічу, што гэта правільна, павінна быць нейкая адказнасьць», — лічаць мясцовыя эпідэміёлягі.

У абвестцы пінскага гарвыканкаму ішла гаворка, што гэта часовыя меры напярэдадні сьвятаў. У ноч з суботы на нядзелю праваслаўныя адзначаюць Вялікдзень, шмат хто ў гэты час наведвае сваякоў у іншых рэгіёнах. Гэтую інфармацыю пацьвярджаюць і эпідэміёлягі. Яны кажуць, што ў панядзелак пасты павінны прыбраць.

У Беларусі афіцыйна не абвешчаны карантын праз эпідэмію каранавірусу. Лунінецкі і Пінскі раён — першыя, дзе ўведзеная праверка на дарогах супрацоўнікамі міліцыі і цэнтраў гігіены і эпідэміялёгіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?