Міліцыянеры затрымалі жыхара Лоева, які можа мець дачыненне да крадзяжу машыны.
У ноч на 19 красавіка невядомы скраў каля дома машыну «Опель Астра». На месца здарэння выбыла следча-аператыўная група.
Праваахоўнікі хутка знайшлі машыну. Яна стаяла за 20 метраў ад старога месца паркоўкі. Дзверы былі адчыненыя. Унутры салона нікога не было, а на пярэднім сядзенні ляжаў мабільнік. Як аказалася, ён належыць чалавеку, які ўзяў чужы аўтамабіль.
Праз некаторы час знайшлі і яго. 39-гадовы п'яны беспрацоўны жыхар Лоева вырашыў дабрацца дадому на чужой машыне. Убачыўшы аўтамабіль каля дома, ён падумаў, што гэта аўтамабіль знаёмага, і вырашыў яго скарыстаць. Машына была адчынена, а ў замку запальвання тырчалі ключы.
Праехаўшы метраў дваццаць, мужчына спыніўся і агледзеў салон. На гэты раз ён здаўся яму незнаёмым. Кінуўшы машыну, жыхар Лоева дабраўся дадому пешшу. Там яго і затрымалі.