Нямецкае радыё апублікавала артыкул пра Леніна да ягонага 150-годдзя. Інфармацыйны, дарма што з «клікабельным» загалоўкам: «Канец аднаго міфа».

У беларускіх дэмакратычных медыя цвярозыя тэксты пра камунізм усё яшчэ — выняткі. І гэта ні ў якім разе не заваёва дэмакратыі.

Антыкамунізм у Сярэдняй Еўропы — родавая траўма, ажно да эстэтычных выракаў пра архітэктуру. Што праўда, так было не заўсёды. От і ў новай біяграфіі Гітлера Брэнд Сімс, гісторык з Кембрыджа, даводзіць, што галоўным ворагам нацыянал-сацыялізму быў не марксізм (як прынята думаць), а англа-амерыканскі ліберальны лад жыцця.

У 2017-м мне даводзілася пісаць пра прыкрасць, якую нараджаюць штампы і клішэ пра святочны дзень 7 Лістапада. Калі коратка: замест таго, каб весці змястоўную дыскусію, Дубавец, Мацкевіч, аўтары «Ідэі» (а да іх — «ідэолагі адраджэння» накшталт Пазняка ці Быкава) стварылі сабе пудзіла і ваююць з ім. Яны трактуюць святкаванне ў Беларусі 7 Лістапада як выражэнне вернасці савецкасці і камунізму. Між тым Лукашэнка, абгрунтоўваючы свята, падкрэслівае: яно страціла ідэалагічны змест і мае выключна каляндарны характар. Гігін тлумачыў яго наогул праз ролю бальшавізму ў фарміраванні беларускай дзяржаўнасці.

Будаўнічыя рыштаванні вакол дыскурсу апанентаў беларускі нацыяналізм не ўмее ўгледзець; як натаваў у дзённіках Танк, «ідзе засцянковая ідэалізацыя ўсяго беларускага» — з канца 1980-х ідзе; і найперш коштам камунізму.

Васіль Шаранговіч. Ленін у Кастрычніку. 1968 год. Колер — з карціны Эндзі Уоргала «Чырвоны Ленін».

Васіль Шаранговіч. Ленін у Кастрычніку. 1968 год. Колер — з карціны Эндзі Уоргала «Чырвоны Ленін».

Дазволю сабе прытачыць у вузел майго аргумента ніту асабістага досведу. Я выгадаваны ў традыцыйных наратывах беларускага нацыяналізму; цянёты і пасткі гэтыя мне знаёмыя. Помню «100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі» (1993), пазычаў іх у прыяцеля. Там камуністы былі спрэс каварная, крыважэрныя злачынцы.

Схільнасць да спрашчэнняў можна дараваць падлетку. Няможна — «ідэолагам адраджэння».

Быкаўскі ці Дубаўцоў антыкамунізм 1990-х вычарпаў свой рэсурс. 

У дзённіках Максіма Танка пра патрэбу крытычнага мыслення ўжо напісана. Паміж рэмаркамі пра Бродскага і Мілаша (Танк іх не шанаваў), Гамсуна і Аўдэна (іх, наадварот, цаніў) ён бязлітасна крытыкаваў рамантычную гістарыяграфію і прымітыўную патрыятычную паэзію.

Танк мне здаецца фантастычна цікавым сюжэтам: чалавек, якога Барадулін успымаў як бальшавіка-падпольшчыка (яшчэ адзін майстар дыскурсу), аказваецца хаўруснікам мадэрнізацыйнай праграмы ўнутры беларускай культуры. Праграма гэтая вырастае з гісторыі беларускай культуры, з'яўляецца неад'емнай часткай яе. Генадзь Сагановіч і Алег Дзярновіч вельмі рана крытыкавалі нацыянальную гістарыяграфію (ужо ў 1993-м); «Наша Ніва» шукала спосабаў дапасавання беларускай культуры да выклікаў сучаснасці і за Дубаўцом, і за Дынько. Работы Георгія Коласа, Юліі Андрэевай ці Віталя Сіліцкага — з таго ж рада.

Безумоўна, некалі антыкамунізм быў часткай мадэрнізацыйнага парадку дня. Аднак ён ужо вычарпаў свой прагрэсіўны патэнцыл і ягонае месца — на сметніку гісторыі (марксісцкія метафары тут дарэчы, раз тэма такая).

У чым практычны сэнс адчуваць гарачую нянавісць да Леніна? Да Брэжнева? Ці не цікавей шукаць карысных ведаў пра іх? На гэта працуе індустрыя заходніх сацыяльных і гуманітарных навук.

Пра Леніна з найноўшага, што можна параіць, — кніжка «Унутры ленінскага ўрада: ідэалогія, улада і практыка ў ранняй савецкай дзяржаве» (2018). Напісала яе супрацоўніца Нартумбрыйскага ўніверсітэта Лара Даўдс. Я, ясная рэч, гэтую кніжку не чытаў і ўхваляю яе завочна, грунтуючыся на некалькіх вельмі станоўчых рэцэнзіях (асабліва вартая ў Slavic Review). Даўдс ставіць вельмі простае пытанне: ці аўтарытарызм, з якім справядліва асацыіруецца савецкі лад, быў вынікам ленінскай задумы ад пачатку? Ейны адказ, заснаваны на архіўных крыніцах, адназначны: не. Гэта быў вынік імклівага развіцця савецкай палітычнай сістэмы. Паказальна, што вядомая нам архітэктура ўлады — усёмагутная партыя, бяспраўныя дзяржаўныя інстытуты, — узнікла не адразу. Прыблізна да лета 1918 года цэнтрам улады была Рада народных камісараў. Палітбюро пераняло функцыі прыняцця рашэнняў толькі з цягам часу.

Даўдс ставіць важнае пытанне пра суадносіны намеру і выніку ў грамадскай практыцы. Гэтае пытанне мне важна не згубіць з-пад увагі.

Класік савецкай гісторыі, Стывен Коткін, працуе цяпер над сваёй трохтомнай біяграфіяй Сталіна (якую ён прэзентаваў у праграме «Uncommon Knowledge»). Сенсацый накшталт «Сталін невінаваты» Коткін не прапануе, тут усё відавочна і прадказальна: на Сталіне ляжыць віна ў злачынствах, параўнальных з якімі небагата ў гісторыі чалавецтва. Разам з тым Коткін паказвае моц гістарычнай рэканструкцыі. Ягоная герменеўтыка мае на мэце зразумець Сталіна: як ён сам абгрунтоўваў калектывізацыю? Рэпрэсіі? Як выглядаў ментальны свет гэтага чалавека? Цікавіўся гэтымі пытаннямі, напрыклад, і Алесь Адамовіч. Але Коткін працуе як гісторык, прымушае ўспомніць гадамераўскае «плаўленне далягляду» (Horizontverschmelzung).

Няўжо беларускі чытач абяднеў бы, каб замест чарговай маральнай пропаведзі пра бесчалавечнасць камунізму яму прапанавалі акурат аналітычную прозу? Гэта не мая думка. Некалі яе ў дачыненні да ваяроў БКА выказаў крытык Даніла Жукоўскі, які ў архіве мадэрнізацыі беларускай культуры, ейнага выходжання на сусветны ўзровень займае важнае месца.

Мой апошні прыклад паходзіць з нямецкай гістарыяграфіі. Брэменская прафесарка Сюзана Шатэнберг аднойчы прадставіла ў нашым калёквіуме сваю біяграфію Брэжнева, якая па-нямецку выйшла ў 2017-м і за год была перкладзеная па-руску. Нямецкі загаловак харашэйшы, аднак: «Леанід Брэжнеў: дзяржаўны дзеяч і акцёр у цені Сталіна». Мэту Шатэнберг я, дзеля хараства аргумента, цалкам прыраўную да таго, што робяць Даўдс і Коткін. Шатэнберг акуратна ўзнаўляе свет, у якім жыў, мысліў і дзейнічаў Брэжнеў. Шатэнберг рабіла ў дакладзе разумовы эксперымент: каб Брэжнеў пайшоў у адстаўку ў 1976-м, як бы яго ўспаміналі сёння? Таксама яна звяртала ўвагу на падабенствы ў лідарскім стылі Брэжнева і, напрыклад, Вілі Бранта.

У гэтым — сэнс таго, што робяць гісторыкі. А папраўдзе, відаць, наогул усе, хто мае дачынення да пісьма. «Мінуўшчына — чужына», як назваў сваю кнігу Дэвід Лоўэнталь. Гэтая гульня называецца остранение. Каб праілюстраваць гэты тэзіс, ці багата прац беларускіх гісторыкаў успадаюць на думку? 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?