Галоўны пазаштатны дыетолаг Міністэрства аховы здароўя Кацярына Пратасава падчас cтрыму, прысвечанага актуальным пытанням аб COVID-19, назвала прадукты, якія трэба ўключыць у рацыён для барацьбы з інфекцыяй, піша sb.by.

— Імунітэт мае бялковую прыроду, таму ў рацыёне павінна быць шмат бялку і жывёльнага, і расліннага паходжання, — падкрэсліла дыетолаг. — Трэба ўключыць як мага больш мясных прадуктаў, птушкі, рыбы, бабовых, арэхаў. СААЗ і Міністэрства аховы здароўя Беларусі рэкамендуюць павялічыць колькасць гародніны і садавіны ў рацыёне — не менш 400 грамаў у дзень. Лепш ужываць садавіну і гародніну, якія растуць у нашых шыротах. Не трэба забывацца на правільны пітны рэжым: пітная вада, зялёная, чорная і чырвоная гарбата.

Лёгкія — тлушчазалежны орган, адзначае Кацярына Пратасава. Таму трэба насычаць арганізм яшчэ і тлушчамі.

— У дзень можна спажываць да 20 грамаў сметанковага масла. Таксама неабходна ўжываць яйкі, дзе ўтрымліваюцца фасфаліпіды, тлушчы расліннага і жывёльнага паходжання, у прыватнасці, тлустую рыбу, напрыклад, селядзец і скумбрыю, для атрымання амега-3 тлустых кіслот. Калі не пераносіце рыбу, заменіце яе ільняным алеем.

Па словах Кацярыны Пратасавай, каранавірус і самаізаляцыя — выдатная магчымасць спланаваць рацыён:

— Адмоўцеся ад фастфуду — у многіх, хто пайшоў на каранцін, аддаленую працу і самаізаляцыю, ёсць час гатаваць. Харчавацца трэба 3-4 разы на дзень, пры гэтым выключыць рафінаваныя прадукты і паменшыць колькасць солі. І не піце спіртнога, бо гэта дадатковая інтаксікацыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0