«У «Народнай Волі» спачатку было нармальна. Пазней паціху Іосіф Сярэдзіч пачаў указваць, што можна рабіць, што не. Напрыклад, ідзе палітычная справа, Сярэдзіч мне кажа: «Едзь у суд, сфатаграфуй суддзю і спытай, ці не сорамна яму». Я думаю: навошта гэта? Што, суддзя скажа, што яму сорамна? Не скажа. А фатаграфаваць яго ўвогуле нельга, можна нарвацца. Сярэдзіч настойвае: ты вопытны, давай!

Ну ладна. Паехаў, падмануў неяк суддзю, цішком сфоткаў, спытаў, ці не сорамна, ён сказаў, канечне, што не сорамна. Але што гэта за матэрыял атрымаўся? Фігня.

Пасля прыносіў расследаванні, а Сярэдзіч пачынаў мяне «вучыць», акцэнтаваць нейкія палітычныя моманты… 

А аднойчы судзілі Андрэя Дынько — нейкі міліцыянт быў сведкам таго, як Дынько нібыта лаяўся матам. Зразумела, што гэта быў паклёп. І Сярэдзіч даў мне заданне знайсці, дзе жыве міліцыянт, дзе жывуць яго бацькі, і спытаць у бацькоў, ці не сорамна ім за такога сына?

Я кажу: вы разумееце, якую працу трэба зрабіць, каб адшукаць тых бацькоў і задаць пытанне, адказ на які загадзя вядомы? Ці што, бацькі раптам пачнуць расказваць, што ім сорамна? Навошта гэта? 

Сярэдзіч зноў: «Так трэба, так трэба!» Я думаю: «Каму так трэба? Навошта гэта? Усе, хто ведае Дынько, і так разумеюць, што ён матам не лаецца. А гэтыя ідэі — нейкая нікому не патрэбная праца дзеля палітычных мэтаў». І я сабраўся і сышоў тады».

Іосіф Сярэдзіч пацвердзіў «Нашай Ніве»: сапраўды, прыёмам «ці не сорамна вам» карыстаўся і ён сам, і яго журналісты:

«А чаму не карыстацца такім метадам, калі цывілізавана? Не бачу абразы».

Акрамя таго, галоўны рэдактар «Народнай Волі» узгадаў гісторыю, як выданне «трапіла» на 6 тысяч даляраў праз артыкул Сацука.

«Сацук прынёс артыкул пра старшыню Смалявіцкага райвыканкама: што той ужо нейкі час не з’яўляецца на працы, гэта значыць, што чыноўнік праштрафіўся і яго адхілілі ад пасады. А высветлілася, што той старшыня быў ці то на бальнічным, ці то дзе. Карацей, з пасады яго ніхто не здымаў. І калі чыноўнік вярнуўся на працу, то падаў у суд на «Народную Волю» за паклёп.

У выніку я ездзіў да гэтага чыноўніка, прасіў яго, каб заключыць міравое пагадненне ці даць абвяржэнне, але той не пагадзіўся. І праз суд вырваў з «Народнай Волі» 6 тысяч даляраў такім чынам», — узгадаў Сярэдзіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0