Ягор акцэнтуе: першае, што яму спадабалася, калі ён сюды пераехаў, – адносная цішыня і адсутнасць вялікай колькасці кропак з фастфудам. Трактарны – гэта хутчэй пра бабуль, якія павольна займаюцца скандынаўскай хадою, і паесці яны могуць дома.
«Калі жыў на Каменцы, дзе гэтага проста пад завязку, заўсёды была спакуса нешта набыць і з'есці. А тут такога няма. Але калі вы ўсё ж захочаце набыць шаўрмы, то найлепшая на раёне, аб'ектыўна, у «Шаўрманцы».
Пункцік з ежай, якую адзначаюць мясцовыя, закрывае таксама культавая кропка «Сала тут», простая кавярня «Сям'я»,«Завіруха», якая нядаўна запрацавала і нагадвае хатку Бабы Ягі, і, канечне, любімы куток усіх хіпстараў – Mon Nom. Кавярня і вясельны салон рэанімавалі занядбанасць першага паверха знакамітага дома з русалкамі па вуліцы Клумава, 11. Першапачаткова ён прызначаўся для сапраўдных перадавікоў-стаханаўцаў. У 1990-я на гэтым месцы працавала крама «Водны свет», якая і дадала разынку ў выглядзе ляпніны з русалкамі, на фоне якой сфатаграфаваліся ўжо сотні інстаграмераў.