У пятніцу, 24 красавіка, у ранішняй перадачы на тэлеканале «РТР-Беларусь» паказалі зарадку са спартоўцам Віталём Гурковым. У эфіры ён быў у шэрай майцы з «Пагоняй» на рукаве. Аднак гледачы гэта не ўбачылі: герб на відэа… проста замазалі.

Замазалі нават адбітак у люстэрку!

Замазалі нават адбітак у люстэрку!

Віталь Гуркоў толькі пасмяяўся, калі пачуў пра гэта. Ён расказаў «НН», што падчас падрыхтоўкі сюжэта ніякіх пытанняў да адзення не было.

«Дамовіліся пра запіс практыкаванняў, здымачная група прыйшла да мяне ў залу. На мне была мая звычайная трэніровачная цішотка, імянная, з «Пагоняй» на рукаве», — кажа спартовец.

Гуркова наогул не часта клічуць на дзяржаўнае тэлебачанне (хоць на СТБ ён вядзе перадачу «Тыдзень спорту»).

«То мікрафоны ламаліся, калі мяне ў студыю запрашалі, то яшчэ штосьці…

Год таму на «Беларусь-5» хацелі зняць вялікі выпуск пра мяне, з розных бакоў паказаць — трэніровачнае жыццё, рэпетыцыі. Месяцы два ўпрошвалі, каб прыняў удзел, потым чатыры дні здымалі. Нават запісалі, як я запрашаў на спатканне Меліціну Станюту.

Я на сваім аўто вазіў здымачную групу на канцэрт у Гародню. А ў выніку сюжэт забаранілі паказваць», — успамінае гісторыю Віталь.

«Наша Ніва» звярнулася па тлумачэнне да тэлеканала СТБ (ім належыць «РТР-Беларусь»). Дырэктарка спецпраектаў Настасся Савіцкая адказала, што канкрэтна наконт «Пагоні» ніякіх указанняў не давалася.

Фота ctv.by

Фота ctv.by

«У нас прынята закрываць праявы рэкламы і іншых візуальных эмблемаў, якія адцягваюць увагу гледача ад асноўнага сюжэта», — пракаментавала яна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?